Фігурант «справы патрыётаў»: «Фраў А» ў матэрыялах справы ніяк не фігуруе
З пачатку бягучага тыдня фігуранты «справы патрыётаў» знаёмяцца са сваімі справамі. Па словах Алеся Яўдахі, ён ўжо здолеў прачытаць палову сабраных супраць яго матэрыялаў.
«Тое, што вартае ўвагі, у матэрыялы справы проста не трапіла. Я ўжо азнаёміўся прыблізна з паловай матэрыялаў, але так і не зразумеў: што да чаго, з чаго ўсё пачалося? Там проста вада. Ёсць у матэрыялах допыты фігурантаў, дзе адзін кажа адно, другі — другое, адзін — ад сябе, іншы — падобна што пад дыктоўку. Але канкрэтыкі, каб зразумець прычыны ўсяго гэтага, у маёй справе няма. Ці я яе не пабачыў», — кажа Алесь Яўдаха.
Што да сказанага іншымі фігурантамі справамі падчас допыту, то, па словах Алеся Яўдаха, там таксама няма ніякага кампрамату.
Алесь Яўдаха:«Там тое, што і так было ўсім вядома: што нехта хадзіў у лес, нехта займаўся рэчамі, якія пры пэўных раскладах можна палічыць вайсковай падрыхтоўкай. Хаця на самай справе гэта можа быць проста спорт, спартыўнае арыентаванне ці яшчэ нешта. Звычайныя такія штукі, у якіх можна абвінаваціць палову мужчынскага насельніцтва Беларусі».
Знаёміцца са сваёй справай і былы лідар «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі. Кажа, перад пачаткам азнаямлення ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Таму казаць нават пра тое, у якім выглядзе ў матэрыялах фігуруе нібыта знойдзены ў яго машыне аўтамат, Лазоўскі асцерагаецца.
Міраслаў Лазоўскі: «А так магу сказаць, што шмат пытанняў маю. Такое ўражанне, што “Фраў А” там не адлюстроўваецца ніяк, ніякім чынам».
Чытае сваю справу і Аляксандр Зімніцкі, ён таксама пад падпіскай аб неразгалошванні. Пакуль з прачытанага Зімніцкі не хоча рабіць нейкія высновы.
Алесь Яўдаха знаёміцца са сваёй справай разам з адвакатам. Але пакуль нават яго дапамога не дапамагла хлопцу зразумець усю моц накапанага супраць яго следчымі матэрыялу.
Алесь Яўдаха: «Пакуль найчасцей звяртаем увагу на знойдзеныя ў матэрыялах прыколы. А нечага сур’ёзнага, сапраўды вартага ўвагі ні мне, ні ёй не траплялася».
У Міраслава Лазоўскага прачытанае ў сваёй справе усмешкі не выклікае.
Міраслаў Лазоўскі: «Нічога там страшнага няма, але, шчыра кажучы, і жадання пасмяяцца таксама нічога не выклікае. Бо разумееш, што наступствы маглі быць абсалютна іншымі».
Бо любы факт і любое дзеянне пры жаданні можна інтэрпрэтаваць па-рознаму.
Нагадаю, за краты па справе «Белага легіёна» трапілі 35 чалавек. Іх абвінавачвалі ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Праз некалькі тыдняў маладафронтаўцаў вызвалілі, а яшчэ 20 чалавек (большасць — былыя сябры арганізацыі «Белы легіён») пачалі абвінавачваць у «стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання».
Паводле Еўрарадыё