«Нават на вынаходніцтва міфічных пагроз у КДБ не хапае фантазіі»
«Глядзіце вакол сябе. Інфармуйце нас з любой нагоды»: выступаючы на сваім народным сходзе Лукашэнка заклікаў беларусаў больш актыўна даносіць адзін на аднаго. Не дзіўна, што прасіць аб даносах прыходзіцца на вышэйшым дзяржаўным узроўні, піша Андрэй Бранішэўскі ў Plan.B.
Як паказаў ганебны правал КДБ, у якога «Кіберпартызаны» ўзламалі базы дадзеных, беларусы катэгарычна не схільныя да стукацтва.
З лепшага боку
Паводле звестак «Кіберпартызан», за дзевяць гадоў беларускі КДБ атрымаў 40 тысяч зваротаў. Але, па-першае, значная частка зваротаў даносамі не з'яўляюцца. Да таго ж, многія даносы былі напісаныя серыйнымі даносчыкамі, альбо людзьмі з разнастайнымі псіхічнымі засмучэннямі.
А яшчэ, усё пазнаецца ў параўнанні. У ЗША ў першыя суткі пасля абвяшчэння ўзнагароды за апазнанне ўдзельнікаў штурму Капітолія паліцыя атрымала некалькі дзясяткаў тысяч даносаў. У Расіі, па даных Раскамнагляду, за першыя паўгода з пачатку вайны грамадзяне напісалі 150 тысяч даносаў за дыскрэдытацыю расійскай арміі. Больш за пяць тысяч зваротаў паступіла на парадыйны дадатак «Мой данос». Адзін толькі грамадзянін Германіі Ніклас Матэі ў свае 18 гадоў паспеў напісаць больш за чатыры тысячы даносаў.
Так што на гэтым фоне 40 тысяч зваротаў на адрас беларускага КДБ за дзевяць гадоў, з якіх большая частка гэта наогул не даносы, характарызуе беларусаў з самага лепшага боку. Як народ, катэгарычна не схільны да стукацтва. Нягледзячы на тое, што стукацтва ў краіне заахвочваецца на вышэйшым дзяржаўным узроўні.
З горшага боку
«Некаторыя нават па два-тры гады не мяняюць паролі ў сваіх сетках і кампутарах. За гэта ўжо трэба несці крымінальную адказнасць. І хтосьці будзе несці», — сказаў Лукашэнка на тым жа народным сходзе.
У якасці меры па прадухіленні камп'ютарных узломаў Лукашэнка прапанаваў запісваць усё на паперцы. Каб не ўзнікала ў іх у будучыні такіх вось няспраўных сітуацый. Лепшага рэцэпту гарантаваць сваю бяспеку спецыялістам па дзяржаўнай бяспецы, мабыць, прыдумаць не атрымаецца. Паперка, аловак і незгаральныя шафы.
Таму што беларускі КДБ гісторыя з узломам яго баз даных характарызуе, вядома, з самага горшага боку. Усё на тым жа сходзе кіраўнік КДБ Іван Церцель пахваліўся выкрыццём змовы супраць беларускай АЭС. Як вынікае з узламанай базы даных, змову супраць АЭС прыдумаў і выкрыў інвалід, які стаіць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры. Гэта значыць нават прыдумаць змову яны самі не змаглі.
Але не рэпутацыйныя страты тут галоўнае. У сэнсе рэпутацыі беларускаму КДБ даўно ўжо няма чаго губляць. А вось у сваёй замежнай агентуры беларускі КДБ можа страціць многіх. У базе даных аказаліся многія замежныя грамадзяне, у тым ліку і грамадзяне ЕС, якія прапаноўвалі беларускаму КДБ сваё супрацоўніцтва. Так што ў замежных спецслужбаў будзе выдатная магчымасць праверыць гэтых людзей і даведацца шмат для сябе цікавага.
Даўно ўжо не навіна, што беларускія спецслужбы ўмеюць спраўляцца з пагрозамі, якія яны ж самі сабе і прыдумляюць. А цяпер высвятляецца, што нават на вынаходніцтва міфічных пагроз у беларускага КДБ не хапае фантазіі. Даводзіцца творча перапрацоўваць ідэі псіхічна неўраўнаважаных грамадзян.