Чаму «Мапа даносаў» ускалыхнула беларускае грамадства?
«Кіберпартызаны» выклалі ў сеціва мапу з асабістымі звесткамі людзей, якія звярталіся ў міліцыю са скаргамі на пратэсты ў Беларусі. Чаму «мапа даносаў» выклікала рэзананс у беларускім грамадстве? Пра гэта — у матэрыяле DW.
«Дзве дзяўчыны ля пад'езда размаўляюць на замежнай мове, заяўніца мяркуе, што яны правакатары», «суседзі вывесілі майкі ў колер бчб-сцяга», «заяўніца мяркуе, што яе знаёмы з'яўляецца адным з каардынатараў апазіцыйных пратэстаў» — ананімная каманда IT-спецыялістаў «Кіберпартызаны» выклала ў сеціва «мапу даносаў», што змяшчае звесткі больш за 2800 чалавек, якія тэлефанавалі ў міліцыю і скардзіліся на пратэсную актыўнасць.
Што кажуць тыя, на каго заяўлялі і хто заяўляў у міліцыю?
У фермера Генрыха Засімовіча са Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці над домам заўсёды вісеў бел-чырвона-белы сцяг, а летам 2020 года мужчына ўсталяваў яго на сваім камбайне. Адзін са знаёмых Засімовіча паведаміў пра гэта ў міліцыю. «Вядома, я баяўся, што хтосьці можа "настукаць", але я не думаў, што гэта будзе чалавек, якога я ведаю. Я з ім ужо не кантактую, — распавядае мужчына. — Вядома, гэта брыдка, што чалавек даносіць, у такіх людзей галовы залітыя прапагандай, яны самі не ведаюць, што робяць». Фермер кажа, што за сцяг яго не каралі, але праз данос вылічылі, што ён быў на акцыі пратэсту ля мясцовага выканкама, і далі штраф за ўдзел несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Суседзям мінчука Яўгена Гацака таксама не спадабаўся бел-чырвона-белы сцяг, які мужчына вывесіў на сваім балконе. «Данос, паводле звестак "Кіберпартызанаў", быў 13 верасня 2020 года, але, як мне здаецца, ён ні на што не паўплываў, сцяг правісеў да пачатку снежня, потым прыехала аўтавышка і зняла яго», — гавораць суразмоўцы DW. Праз нейкі час мужчыну прыйшоў пратакол з РУУС за незаконнае пікетаванне і папера ад МНС за адміністрацыйнае правапарушэнне — нібыта сцяг на балконе парушае правілы супрацьпажарнай бяспекі.
«Па пратаколе ад РУУС ніякай інфармацыі ў мяне няма, мабыць, скончыліся тэрміны разгляду справы, а штраф ад МНС — каля 700 рублёў — у мяне прымусова спісалі з банкаўскай карты, — распавядае Яўген. — З людзьмі, якія жывуць па адрасе, паказаным у "мапе даносаў", я не знаёмы. Пасля публікацыі звестак у інтэрнэце гаспадыня кватэры перадавала праз суседзяў, што яна там не жыве, а тэлефанавала ў міліцыю нібыта яе пажылая мама». Ён кажа, што да дадзенай сітуацыі паставіўся спакойна, зла ні на каго не трымае.
DW таксама ўдалося ўзяць каментар у мінчука, які звяртаўся ў міліцыю са скаргамі на пратэсную дзейнасць. Прыводзім яго адказ з захаваннем аўтарскай пунктуацыі. «У міліцыю я звяртаўся з нагоды супрацьпраўных дзеянняў, якія мелі месца. Прадмет майго звароту з'яўляецца маёй асабістай справай, і мае асабістыя даныя не могуць быць апублікаваныя. Дакладней сказаць — іх абнародаванне з'яўляецца супрацьзаконным. Як я разумею, вы (журналіст, які звярнуўся па каментар) з'яўляецеся жывым сведчаннем таго, што дадзенае правапарушэнне ўсё ж такі здарылася. Што ж... Мне гэта непрыемна...» — напісаў мужчына.
Гісторык: Даносы — не беларускі феномен
Гісторык, асацыяваны супрацоўнік Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальдта Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу, што ў дэмакратычным грамадстве, калі паведамляюць аб правапарушэннях, у тым ліку звязаных з палітыкай, гэта не лічыцца чымсьці заганным. У Беларусі, дзе людзей пераследуюць па палітычных матывах, гэта не здаецца нармальным, лічыць ён: «Важна, каб людзі, якія займаліся даносніцтвам, выдатна разумелі, што будзе з тымі, на каго яны даносілі, што іх не проста паўшчуваюць, а затрымаюць, хутчэй за ўсё, будуць збіваць, магчыма, катаваць; што яны атрымаюць турэмныя тэрміны».
У той жа час, і публікацыя такой базы з асабістымі данымі некалькіх тысяч чалавек з пункту гледжання звычайнай еўрапейскай краіны абсалютна непрымальная. «У Беларусі ж улады стварылі апарат гвалту і паводзяць сябе так, што ў процілеглага боку, тых, хто гэтаму супрацьстаіць, застаецца не вельмі шмат магчымасцей. Частка грамадства становіцца больш радыкальнай, "Кіберпартызаны" працуюць па прынцыпе "мы не ў белых пальчатках", іх абсалютна не цікавіць, што, умоўна кажучы, можа адбыцца з нейкай бабуляй, якая скардзілася ў міліцыю, таму што лічыць, што гэта правільна».
Таксама Аляксандр Фрыдман адзначыў, што даносніцтва — не беларускі феномен: у «Штазі» (Міністэрства дзяржбяспекі ГДР. — Заўв. рэд.) была абсалютна тая ж сістэма. Даносы важныя для любой паліцэйскай дыктатуры, якой, на думку Фрыдмана, і з'яўляецца Беларусь.
Сацыёлаг: грамадства знаходзіцца ў сітуацыі палітычнага супрацьстаяння
«У паўваеннай сітуацыі любое такое дзеянне — палка аб двух канцах, але масавых распраў і сур'ёзных рэакцый я б не чакала. Паводле маіх адчуванняў, людзі, якія хочуць весці Беларусь да іншага палітычнага ладу, агулам не схільныя да радыкальных форм помсты і ўздзеяння», — лічыць, у сваю чаргу, сацыёлаг беларускага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Аксана Шэлест. У той жа час яна адзначае, што беларускае грамадства цяпер сапраўды знаходзіцца ў сітуацыі палітычнага супрацьстаяння.
Што тычыцца, самой «мапы даносаў», то, паводле слоў Аксаны Шэлест, ніякай прынцыпова новай інфармацыі яна не нясе: у Беларусі ёсць «пільныя грамадзяне», ёсць прыхільнікі Лукашэнкі. Сур'ёзную рэакцыю выклікаў, у першую чаргу, маштаб даносаў. «Адна справа, калі мы ведаем пра нейкія адзінкавыя выпадкі, іншая — калі мы маем 2800 званкоў, што на самай справе для краіны не вельмі няшмат. Я думаю, што гэта далёка не ўсё і будуць новыя даныя. І другое — гэта, напэўна, эфект асабістай дыстанцыі, магчымасць праверыць, што адбываецца вакол цябе: ці ёсць даносчыкі сярод суседзяў, ці даносілі на цябе самога», — кажа сацыёлаг.
У сваю чаргу, псіхолаг Вольга Ткачова мяркуе, што даносы пішуць людзі з відавочна выяўленым сіндромам «ахвяры» і «вывучанай бездапаможнасці». Такая пазіцыя, на яе думку, выяўляецца ў пастаянным пошуку вінаватых у іх праблемах. «На жаль, збольшага сітуацыя, якая склалася ў краіне, і ёсць паказчыкам нізкага ўзроўню сацыяльнай адказнасці і псіхалагічнай устойлівасці людзей. Тое, што адбылося, актуалізавала праблемы ў самых розных сферах: ад эканомікі да адукацыі і негатыўных установак кожнага. Працэс сацыяльнага выбару працягваецца, хоць для многіх, на жаль, неўсвядомлена», — дадае экспертка.
Пераклад НЧ