«Сайт КДБ знаходзіцца ў распрацоўцы». Але ў чыёй?

«Гісторыю пра злітую базу зваротаў у КДБ нам яшчэ трэба будзе асэнсаваць. Яе ўжо паспелі ахрысціць базай даносаў, пры тым, што нават павярхоўнае знаёмства з першымі апублікаваным паведамленнямі прымушае ўсумніцца ў справядлівасці такой ацэнкі», — піша «Салідарнасць».

1099c66363e75856d542949b872dd0a6.jpg

Большасць з 40 тысяч паведамленняў, аднзначае выданне са спасылкай на «Нашу Ніву», складае спам, адпраўлены з лічаных электронных мэйлаў. Тысячы лістоў прыйшлі ад людзей з відавочнымі праблемамі з псіхічным здароўем. Тысячы паведамленняў, у тым ліку і даносаў, атрыманыя ад замежнікаў.

Таксама ў назапашаным за дзевяць гадоў масіве лістоў, акрамя саміх даносаў, спаму і паведамленняў пра сусветную змову, знайшлося месца і адкрытага тролінгу. У тым ліку, ад вядомых у Беларусі людзей.

І ўсё ж, пэўныя высновы можна зрабіць ужо цяпер. Падобна на тое, старая традыцыя звядзення рахункаў з ворагамі дажывае свае дні. Як мінімум, у межах асобна ўзятай краіны. Бо да гэтага часу ўсё хараство для большасці аматараў «лістоў у органы» было ў ананімнасці працэдуры. Цяпер гэтая найважнейшая опцыя пастаўлена пад пагрозу.

Наўрад ці публічнасць спыніць ідэйных даносчыкаў накшталт Вольгі Бондаравай або экс-галоўрэда «Вячэрняга Магілёва» Надзею Леўчанка. Такія людзі не бягуць ад публічнасці, яны яе шукаюць і выкарыстоўваюць у сваіх мэтах.


Але большасць радавых стукачоў дзесяць разоў падумае, ці варта давяраць свае думкі аб «змагарах» і, тым больш, «пярэваратнях у пагонах» тым, хто не здольны зберагчы гэтыя даныя ад уцечак. Было б вельмі цікава прасачыць дынаміку папаўнення «пошты даверу» КДБ у бліжэйшыя месяцы.

Дарэчы, тут напрошваецца яшчэ адна важная выснова з гэтай гісторыі. Ведамства Івана Церцеля можа зняць хоць сотню «фільмаў» пра «дыверсантаў», «перабежчыкаў» і іншых «здраднікаў радзімы», якія толькі і думаюць, як бы «падарваць» нашпігаваную спецслужбамі і камерамі сачэння Беларусь.

Але няздольнасць трымаць у сакрэце сваіх інфарматараў выклікае масу пытанняў да прафесіяналізму сённяшніх чэкістаў, якія захапіліся сацспаборніцтвамі з іншымі ведамствамі па адсочванні крамольных лайкаў і каментароў.

Тым больш, што аўтары зліва сцвярджаюць: афіцыйны інтэрнэт-партал КДБ быў узламаны яшчэ ўвосень 2023-га. Апошнія два месяцы ён выдае на стартавай старонцы паведамленне: «Сайт знаходзіцца ў распрацоўцы». У сувязі з апошнімі падзеямі так і просіцца пытанне: у чыёй?