«Прафілактычнае інфармаванне». Сахашчык пракаментаваў дзіўную гісторыю з дронамі

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета на нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык зрабіў у сваім тэлеграм-канале заяву «ў сувязі з тлумачальнай запіскай ад 23.04.2024».

20230802_lisicki_utc_public_listeting_0019.jpg

Нагадаем, падчас УНС кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што яго ведамства прадухіліла напад дронаў на беларускія аб’екты інфраструктуры з боку Літвы. Літоўскія ўлады абурыліся і ўручылі Беларусі ноту пратэсту.

Пазней выявілася, што гісторыя з нібыта атакай дронаў закруціла вакол дзіўнага ліста Сахашчыка на афіцыйным бланку АПК на адрас неназваных еўрапейскіх партнёраў. Тыя падзяліліся з ім інфармацыяй пра тое, што беспілотнікі ў Беларусь плануюць накіраваць арганізацыі беларускіх эмігрантаў «Паспалітае рушэнне» і «Ліцвіны». У адказ Сахашчык распавёў, што такія атакі непажаданыя, бо могуць уцягнуць Беларусь у вайну.

Потым гэты ліст раптам атрымалі некалькі незалежных медыя — усё гэта адбывалася яшчэ да УНС.

Пасля заяваў Церцеля «Белсат» звярнуўся да Сахашчыка па каментар, але той адмовіўся размаўляць і, як пісала выданне, прасіў не надаваць агалоску гэтай гісторыі.

«Паспалітае рушэнне» і «Ліцвіны» абверглі свае намеры атакаваць Беларусь.

У сувязі з гэтым агучваецца падазрэнне, што ад імя «еўрапейскіх партнёраў» інфармацыю пра атаку дронамі Сахашчыку закінуў КДБ, а той ёй паверыў і лістом у адказ даў хаду правакацыі. І ў выніку Церцель займеў падставы далажыць Лукашэнку пра прадухіленне «атакі».

Пасля некалькіх дзён маўчання Сахашчык пракаментаваў сітуацыю.


Глядзіце таксама

Ён прызнаў, што з яго боку сапраўды быў ліст «аб магчымай правакацыі з атакай на беларускія аб'екты крытычнай энэргетычнай інфраструктуры» і ён быў «накіраваны на прадухіленне гэтай пагрозы».

«Адпаведная інфармацыя была атрымана з афіцыйных крыніц у кампетэнтных ведамствах шэрагу заходніх краін, — напісаў прадстаўнік кабінету. — У сувязі з гэтым, усе, хто мог быць неяк звязаны з гэтай сітуацыяй, былі апавешчаныя аб магчымых наступствах. Мы не абвінавачвалі і не шкодзілі іміджу адрасатаў, а наадварот зрабілі ўсё што ў нашых сілах, каб прадухіліць вельмі негатыўныя для іх наступствы з боку заходніх краін-партнёраў, прычым выключна ў канфідэнцыйным парадку.

Такім чынам, гаворка ішла аб прафілактычным прававым інфармаванні, абароне жыццяў беларусаў і прадухіленні ваеннай эскалацыі, якая выключна ў інтарэсах Расіі.

Зыходзячы з задач, якія стаяць перад Дэпартаментам нацыянальнай бяспекі Беларусі, мы і ў далейшым працягнем выконваць свае абавязкі па прадухіленні любых правакацый, здольных нанесці шкоду беларусам і гуляць на руку рэжымам Лукашэнкі і Пуціна.

Шкода нашай агульнай справе была нанесеная не нашым дакументам, а асобамі, якія арганізавалі яе ўцечку ў СМІ і КДБ, а таксама дапусцілі публікацыю дакумента.

Спецслужбы Лукашэнкі, у сваю чаргу, па даўняй традыцыі не прыдумалі нічога лепш, чым максімальна раздуць узровень пагрозы і прыпісаць сабе нейкія «вострыя чэкісцкія мерапрыемствы» для галачкі і прэміі. Тут як раз нічога дзіўнага-думаем, што беларусы даўно знаёмыя з звычкамі спецслужбаў рэжыму.

На заканчэнне я хацеў бы заклікаць незалежныя беларускія СМІ не публікаваць дакументы з грыфам сакрэтнасці і не правакаваць тым самым канфліктную сітуацыю ўнутры дэмакратычных сіл. Толькі дзейнічаючы разам, стоячы плячом да пляча, мы можам супрацьстаяць ворагам беларускага народа — Пуціну і Лукашэнку, а не падыгрываць рэжыму дзеля рэйтынгаў і хайпа».