«У беларускіх генералаў атрымліваецца выкрываць толькі тыя змовы, якія яны самі прыдумляюць»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» іранізуе над апошнімі «дасягненнямі» беларускага КДБ, які выкрывае толькі тыя «змовы», што сам прыдумвае.
На ўсеагульным сходзе іх народа генерал Церцель пахваліўся не толькі перамогай над дронамі. Ён яшчэ сказаў, што раскрыў змову супраць беларускай атамнай станцыі. Ну змова і змова. Не першы раз генерал Церцель выкрыў змову. <…>.
Але потым кіберпартызаны паведамілі, што яны выкрылі базы даных беларускага КДБ. І як вынікае з выкрытых баз звестак, змову супраць атамнай станцыі для беларускага КДБ прыдумаў і раскрыў інвалід, які знаходзіцца на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры. Прычым, не выходзячы з уласнага пакоя. Таму што ён у прынцыпе не выходзіць з уласнага пакоя.
Гэта значыць, я, вядома, заўсёды ведаў, што ў беларускіх генералаў атрымліваецца выкрываць толькі тыя змовы, якія яны самі прыдумалі. Але я ж не меркаваў, што на тое, каб прыдумаць гэтыя змовы, іх уласнай фантазіі не хапае. Што змовы, якія раскрывае беларускі КДБ, для беларускага КДБ прыдумляюць людзі, чыя фантазія не абмежаваная рамкамі традыцыйнай ментальнасці.
Хоць мог жа, мог жа і сам пра гэта здагадацца. Атручаныя пацукі ў каналізацыі, гомельскія падвалы, трыста джыпаў з кулямётамі ідуць на прарыў з літоўскай мяжы. Як я мог не ўлавіць гэтыя далікатныя намёкі? Цалкам жа зразумела цяпер, што ў вузкія рамкі традыцыйнай ментальнасці гэтыя фантазіі не ўпісваюцца. Што для гэтага трэба або пашыраць рамкі адмысловымі прэпаратамі або карыстацца паслугамі асоб з альтэрнатыўнымі поглядамі на рэальнасць.
А вось выкрытую ўчора змову дзяцей беларускі КДБ, я ўпэўнены, прыдумаў цалкам самастойна (гаворка пра ўчорашнік фільм на АНТ, у якім паведамлялася пра затрыманне групы маладзёнаў, у ты ліку падлеткаў, за нібыта планаванне тэрактаў па заданні СБУ. — «НЧ».). Каб прыдумаць, арганізаваць і выкрыць змову дзяцей, альтэрнатыўная ментальнасць не абавязковая. Можна абыйсціся і альтэрнатыўнай маральнасцю. А з альтэрнатыўнай маральнасцю ў красаўцаў заўсёды ўсё было ў парадку. У красаўцы і адбіраюць жа па прынцыпе альтэрнатыўнай маральнасці.
Вось проста да гэтага часу ў красаўцаў лепш за ўсё атрымлівалася ваяваць супраць жанчын, старых і інвалідаў. А цяпер яны вырашылі дадаць у гэты спіс яшчэ дзяцей. Таму што без дзяцей спіс быў, вядома, не поўны. А ваяваць супраць дзяцей можна з неменшым поспехам, чым супраць жанчын і старых. Зорачкі на пагонах не пахнуць. А калі пахнуць, дык можна ж іх не нюхаць.
Затое змову дзяцей прыдумаць нават лягчэй чым змову пажылых інвалідаў. Да дзяцей не трэба адпраўляць падстаўных генералаў у Маскву. Можна абыйсціся рэкамендацыямі ананімных сяброў з сеткі. Спачатку гэтыя ананімныя сябры з сеткі прыдумляюць дзецям прыдатную змову, а потым яе выкрываюць.
Таму што з непрыдуманымі змовамі ў красаўцаў неяк не атрымліваецца спраўляцца. То ў іх самалёт пад носам пакоцаюць, то чыгунку пашкодзяць, то запусцяць зварот Ціханоўскай з усіх экранаў краіны. Я ўжо не кажу пра тое, што ўвесь беларускі КДБ не змог гарантаваць бяспеку сваёй базы звестак.
І як цікава пасля гэтага беларускі КДБ збіраецца гарантаваць бяспеку сваёй стабільнасці? Калі гэтую стабільнасць трэба будзе абараняць не ад выдуманых дзіцячых змоў.
<…>. Гэта было рытарычнае пытанне. Ніякую бяспеку ніякай стабільнасці ніхто гарантаваць не збіраецца. Яно ім трэба? Ды яны такому і не вучыліся. Усё ж такі для абароны стабільнасці ад сапраўднага, а не ўяўнага праціўніка патрэбныя спецыяльныя навыкі, якія ў беларускіх генералаў атрафаваліся.