Украінскі журналіст: Лукашэнка будзе мець магчымасць нацешыцца кампаніяй Пуціна... у Гаазе

Галоўны рэдактар выдання «Еспресо.Захід» Ігар Гулык разважае пра тое, як хутка Лукашэнка падхапіў наратыў крамлёўскага рашызму, пазбавіўшы тым самым сябе выбару ў будучыні.

45312_52750_51524_1.jpg


Шчаслівы «ўладальнік» ядзернай зброі, самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных служб дзяржаў-удзельніц СНД цынічна заявіў, што «ўкраінскае пытанне» варта было вырашыць даўно: «Адзіная, напэўна, наша памылка, што мы не вырашылі гэтае пытанне ў 2014-2015 гадах, калі не было ні арміі ва Украіне, ні гатоўнасці... Усё хацелі мірна неяк урэгуляваць. А яны за гэты час стварылі баяздольныя Узброеныя сілы».

На думку «бацькі» (хоць, у прынцыпе, Лукашэнка перапявае Пуціна), Захад зладзіў ва Украіне «карычневы пераварот», а Расія і яе сатэліт — Беларусь — «не пачыналі вайну», бо яна ішла ўжо шмат гадоў…

Можна было б і не звяртаць увагу на трызненне маскоўскай марыянеткі, аднак тое, што Лукашэнка пачаў тупа капіяваць рыторыку крамлёўскіх ідэолагаў «рускага свету», у прыватнасці, тэзіс пра «вырашэнне ўкраінскага пытання», сведчыць, што рашызм стаў пануючай ідэалогіяй афіцыйнага Мінска. Нягледзячы на тое, што РБ выступала хаўруснікам Пуціна з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, усё ж Лукашэнка дагэтуль быў даволі асцярожны ў выказваннях і прапагандысцкіх жэстах. Увесь яго запал прызначаўся большай часткай «ненавіснаму Захаду».


Цяпер усё па-іншаму. Сякі-такі, але кіраўнік краіны, якая, сярод іншых, была полем для «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання» ў часы Другой сусветнай вайны, звяртаецца да нацысцкіх фармулёвак у дачыненні да суседняга народа. Фактычна, згаджаецца з планамі Масквы, агучанымі не раз і не два, знішчыць украінцаў як нацыю.

Гэтыя планы, узгадаваныя Пуціным і яго «ідэолагамі», адметныя не толькі апублікаванымі ўкраінскай выведкай «чорнымі спісамі» нашых грамадзян, якія падлягалі б неадкладнай ліквідацыі пасля расійскай акупацыі Украіны. Яны наглядна ўвасоблены ў крывавых злачынствах захопнікаў: масавых расстрэлах у Бучы, Ірпені, Марыупалі, Херсоне і іншых гарадах і вёсках, якім давялося перажыць рашысцкае нашэсце. Гэтыя планы — у масавых дэпартацыях украінскіх грамадзян, у прыватнасці, дзяцей, якія Міжнародны крымінальны суд належным чынам ацаніў як генацыд, выдаўшы ордэр на арышт Пуціна па ўсім свеце. Не сумняваюся, што дзесьці ў крамлёўскіх сейфах чакаюць сваіх следчых і пракурораў больш падрабязныя алгарытмы знішчэння ўкраінцаў, стварэння «жыццёвай прасторы» для арды, з лагістыкай масавых перасяленняў, падлікам патронаў для расстрэлу, дыслакацыямі працоўных лагераў для ўкраінскіх рабоў.


Калі хтосьці захоча пераканацца ў стратэгіях і планах расійскіх нацыстаў у «канчатковым вырашэнні ўкраінскага пытання», то варта паглядзець фільм «Ванзейская канферэнцыя», і ўсё стане на свае месцы. Гаворка ідзе пра нараду, ініцыяваную кіраўніком Галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі (RSHA) обергрупенфюрэрам Рэйнгардам Гейдрыхам, на якой нацысцкія чыноўнікі абмяркоўвалі тое, што пазней у свеце назавуць Халакостам.

А тое, што рашызм як праява сацыяпатычнай ідэалогіі пашырыўся з лякалаў нямецкага нацызму, бліскуча аргументаваў доктар юрыдычных навук Аляксандр Кастэнка. «Метад рашызму, — піша ён, — гэта падмена або маскіроўка рэчаіснасці бачнасцю праз «перайменаванне рэчаў», прыпісванне словам іншага значэння: чорнае пераназываецца белым, фашызм — антыфашызмам, абарона ад экспансіі і агрэсіўнасці расійскага імперыялізму — русафобіяй, ксенафобія — рускім светам, рух назад — рухам наперад, вайна — невайной, наступствы — прычынамі, абарона ад агрэсіі — агрэсіяй і да т.п.».

У гэтым кантэксце вельмі трапнымі выглядаюць словы дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена пра тое, што «мір», які прапануе Пуцін і яго агенты або «карысныя ідыёты», з'яўляецца «пацёмкінскім мірам». Таму што насамрэч будзе азначаць вайну. Вайну не толькі да «канчатковага вырашэння ўкраінскага пытання», а вайну супраць усяго дэмакратычнага свету, вайну на знішчэнне, разбурэнне і заняпад цывілізацыі.


А Лукашэнка... Гэты невук, якога лёс выкінуў на вяршыню беларускіх улад, сам пазбавіў сябе выбару. Пасля перамогі Украіны ён будзе мець магчымасць у поўнай меры атрымаць асалоду ад кампаніі крамлёўскага злачынца на лаве падсудных у Гаазе.