Памятаеце ябацьку з БРСМ, якога затрымалі за «падпіскі»? Яго пачалі цкаваць у праўладных колах

Праўладнага актывіста з Гомеля Аляксандра Лебедзева могуць выключыць з пралукашэнкаўскага аб’яднання «Патриоты Беларуси» і камуністычнай партыі. Аб гэтым «Флагшток» даведаўся ад чалавека, які блізка знаёмы з дзейнасцю аб’яднання.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Тыдзень таму Аляксандра Лебедзева затрымалі за падпіску на экстрэмісцкі рэсурс. Але ў ізалятары ён правёў толькі ноч. Пасля гэтага выпадку ў аб’яднанні «Патриоты Беларуси» задумаліся аб выключэнні Аляксандра з арганізацыі.

«Яго выпадак разглядаўся як быццам на камсамольскім сходзе. Ён стаў нязручнай асобай не толькі таму, што адсядзеў за падпіску. А таму, што пра Сашу напісалі апазіцыйныя рэсурсы», — распавёў суразмоўца, знаёмы з сітуацыяй.

Пакуль Аляксандра не выключылі з аб’яднання. Іншыя актывісты заступіліся за яго.

«Саша ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах. Шмат людзей выказаліся ў падтрымку Сашы. Таксама некаторыя абураныя, што «патрыётаў» цяпер могуць таксама затрымаць за любую падпіску. Цяпер трэба правяраць усе гэтыя рэсурсы — на што ты падпісаны. А Сашу, дарэчы, затрымалі за падпіску ВКонтакте», — кажа крыніца.

Таксама стала вядома, што Аляксандра хацелі выключыць і з камуністычнай партыі. Аб гэтым ён паведаміў сваім сябрам з аб’яднання «Патриоты Беларуси».

На сёння з усіх акаўнтаў у розных сацыяльных сетках Лебедзева выдаленыя многія яго ранейшыя допісы. На яго старонцы «ВКонтакте» знікла інфармацыя аб тым, што ён з'яўляецца членам камуністычнай партыі.

Глядзіце таксама

Пры кур’ёзную сітуацыю з гомельскім ябацькам стала вядома 1 верасня, калі валанцёры пошукава-выратавальнага аб'яднання «Сімуран» абвясцілі аб пачатку пошукаў Аляксандра Лебедзева.

У сваіх сацсетках пашукавікі паведамілі, што прыступілі да пошукаў Аляксандра пасля пацверджання ад міліцыі, што чалавек сапраўды знік. Заява была напісана ў Чыгуначнае РАУС Гомеля.

Аднак праз некалькі гадзін актывісты «Сімурана» напісалі, што Лебедзеў знойдзены падчас правядзення пошукавых мерапрыемстваў, ён жывы.

Пазней выявілася, што хлопец «знік», таму што быў затрыманы.

«Адбылася класічная жахлівая памылка — Аляксандр быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ў Савецкае РАУС. Гэта было 31 жніўня ў другой палове дня. Прычынай затрымання стала падпіска на адзін з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў. У міліцэйскім палоне Лебедзеў правёў ноч. На наступны дзень з палону яго выручылі бацькі», — расказаў знаёмы Лебедзева.

Суразмоўца дадаў, што ў «патрыятычнай» тусоўцы Лебедзева цяпер жартам называюць «Сашка-бчбшнік».

Аляксандр Лебедзеў — 22-гадовы настаўнік хіміі сярэдняй школы № 49 горада Гомеля. Ён з'яўляецца членам БРСМ, Камуністычнай партыі і ўдзельнічае практычна ва ўсіх праўладных мерапрыемствах Гомеля.