Яўгена Меркіса залічылі ў «экстрэмісты»
Статус «экстрэміста» істотна пагоршыць умовы ўтрымання Яўгена Меркіса ў калоніі.
Гомельскага журналіста і ўрбаніста Яўгена Меркіса дадалі ў так званы «спіс экстрэмістаў», паведамляе homeldays.org.
Яўген Меркіс падчас працы журналістам асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фарміраваннямі Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю.
Нагадаем, 30 траўня гэтага года Яўгена Меркіса асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі. Фінальнае судовае пасяджэнне, на якім суддзя Аляксей Хлышчанкоў агучыў вырак, прайшло ў часткова адкрытым фармаце (суддзя абмежаваўся зачытваннем прысуду).
Вядомага гамельчука асудзілі паводле ч.1 і ч.2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама па ч.3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні»).
Гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022 года. У Яўгена, яго сяброў і немаладога бацькі правялі ператрусы і канфіскавалі тэхніку, а яго самога затрымалі. Журналіст паскардзіўся на прысуд у Вярхоўны суд, але там палічылі вырак справядлівым і пакінулі без змен.
Праваабаронцы адзначаюць, што статус «экстрэміста» істотна пагоршыць умовы ўтрымання Яўгена Меркіса ў калоніі.