Прыкмета часу. Гомельскі мясакамбінат перайменаваў сасіскі «Кракаўскія» ў «Крамлёўскія» (фотафакт)

Чытачы выдання «Флагшток» заўважылі, што з нядаўняга часу ў крамах зніклі «Кракаўскія» сасіскі Гомельскага мясакамбіната.

Калаж «Флагштока»

Калаж «Флагштока»

На сайце прадпрыемства журналісты спраўдзілі інфармацыю: аказалася, што сапраўды зніклі сасіскі з такой назвай. Але ж з’явілася інфармацыя аб іншым прадукце — сасісках, якія маюць назву «Крамлёўскія».

Пры дэталёвым разглядзе дызайну на сайце прадпрыемства на пакунку сасісак «Крамлёўскіх» можна заўважыць дробны надпіс, што гэта ўсё ж сасіскі «Кракаўскія».

Сасіскі «Крамлёўскія» з’явіліся ў асартыменце прыблізна з лютага 2023 года.

Высновы з такога «маркетынгавага» рашэння гомельскіх вытворцаў ляжаць на паверхні. Пасля падзей 2020 года — і асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне — лукашэнкаўская Беларусь пайшла на шчыльнае збліжэнне з пуцінскай Расіяй. Адпаведна Захад, які не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў і выступае за дэмакратызацыю нашай краіны, рэжым абвясціў ворагам.

Усё заходняе цяпер ганьбіцца прапагандыстамі, афіцыйнымі спікерамі і чыноўнікамі — такі курс абраны ў Беларусі часоў позняга лукашызму. Вось дайшла справа і да сасісак, нібыта пад назвай «Кракаўскія» яны стануць папярок горла «сапраўднаму патрыёту».