Беларусы адносна патрабавання МУС наконт ВНЖ: «Самі прыдумалі закон, хай самі мяне і шукаюць»
У Беларусі 11 ліпеня набыў моц абавязак грамадзян паведамляць у міліцыю пра дазвол на жыхарства ў іншай краіне, іншае грамадзянства або «карту паляка». Міліцэйскія чыноўнікі палохаюць адказнасцю за ўтойванне адпаведных дакументаў. Што пра ўсё гэта думаюць беларусы, даведалася «Свабода».
Начальнік
Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун паведаміў, што
беларускія грамадзяне актыўна заяўляюць пра свае замежныя дакумэнты.
Паводле ягонай інфармацыі, 6,5 тысячаў чалавек ужо зьвярнуліся ў органы. Міліцэйскі начальнік дадаў, што міліцыянты валодаюць інфармацыяй пра людзей, якія маюць замежнае грамадзянства або дазвол на жыхарства.
«Таму ў выпадку наяўнасьці вышэй згаданых дакумэнтаў рэкамэндуецца паведаміць аб гэтым самастойна, каб пазьбегнуць у далейшым адказнасьці, увядзеньне якой у цяперашні час прапрацоўваецца», — заявіў Бягун.
«Ды ўжо пакаралі ўсіх так, што больш няма куды»
Марына (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя) мае часовы дазвол на жыхарства ў Фінляндыі. Яна плянуе рабіць і сталы дазвол на жыхарства. Паведамляць пра свой статус не зьбіраецца.
«Што яны мне зробяць? У Беларусь я не магу паехаць, бо нагаварыла, напісала, «нахадзіла» ў 2020-м на некалькі артыкулаў. Маёмасьці там ня маю, дзякуй богу», — кажа эмігрантка.
Яна дадае, што праз указ Лукашэнкі цяпер усё адно ня зробіш за мяжой аніякіх дакумэнтаў. «Дык якая тады розьніца — якое яны там прыдумаюць мне пакараньне?» — разважае жанчына.
Максім жыве і працуе ў Польшчы, мае там часовы дазвол на жыхарства. Ён лічыць, што норма «даносу на сябе» аб легальным праве жыць за мяжой — крок да таго, каб забіраць маёмасьць у тых беларусаў, якія выехалі з краіны з палітычных прычынаў.
«Але я не выключаю, што пазабіраюць і ў тых, хто проста шабашыць паехаў і «я политикой не интересуюсь», — мяркуе Максім.
Ён не выключае, што хутка ўлады пачнуць нават пазбаўляць грамадзянства ўсіх уладальнікаў замежных дакумэнтаў. «Але гэта толькі ў плюс, бо яшчэ больш будзе дэлегалізаваць рэжым у вачох цывілізаванага сьвету», — дадаў суразмоўца.
«Я іх магу толькі паслаць па вядомым адрасе»
Алеся пераехала ў Літву пасьля падзеяў 2020 году, мае сталы дазвол на жыхарства. У Беларусь яна не зьбіраецца вяртацца. Цяпер Алеся мае праблему: яна пачала працэдуру продажу кватэры па даверанасьці, зробленай у Літве. Працэс спыніўся праз указ Лукашэнкі пра забарону атрымліваць дакумэнты за мяжой.
«Цяпер яшчэ і гэта? Я ім буду нешта расказваць пра сябе? Можа, ім яшчэ і здымкі маіх дакумэнтаў даслаць? Я іх цяпер магу толькі паслаць па вядомым адрасе. Самі прыдумалі гэты закон, вось хай самі мяне і шукаюць», — злуецца жанчына.
Яна мяркуе, што такі абавязак прапісалі ў законе ня проста так. «Будуць даваць штрафы. Потым на штрафы будзе «капаць» пеня. Потым будуць забіраць маёмасьць у «беглых». Дзеля гэтага ўся гэтая мітусьня», — лічыць эмігрантка.
Беларуска Кацярына, якая жыве ў Польшчы, расказала, што яе сваячка ўжо займела праблемы ад таго, што мае «карту паляка».
«Цётка працавала на дзяржаўным заводзе. Яе некалькі
разоў выклікала кіраўніцтва і прымушала адмовіцца ад «карты паляка». Сказала,
што не адмовіцца, бо гэта ейныя карані, яе бабуля была полькай. Яна не адмовіцца
ад продкаў. Па выніку ёй «мякка» пагражалі непрыемнасьцямі, потым — не
працягнулі кантракт», — сьцьвярджае суразмоўніца.