«Трэба чакаць дня X». Беларус — пра тое, чаму застаецца ў краіне
Яўген (імя зменена з мэтай бяспекі) выходзіў на пратэсты пасля нелегітымных выбараў у 2020 годзе. Зараз, нягледзячы на рызыку, ён свядома застаецца ў Беларусі. Ён распавёў выданню «MOST», чаму.
— Яшчэ задоўга да пачатку выбараў я ведаў, што буду іх
байкатаваць, бо не думаў, што ў 2020 годзе нешта кардынальна зменіцца і што
выбары будуць адрознівацца ад выбараў мінулых гадоў. Да таго ж байкатаваць
раілі многія лідары апазіцыі.
Думка пра тое, што выбары могуць змяніць сітуацыю ў Беларусі, прамільгнула,
калі спачатку Сяргей Ціханоўскі і Валерый Цапкала, а потым Віктар Бабарыка
абвясцілі, што будуць удзельнічаць у перадвыбарнай кампаніі. Да іх штабоў
пачала далучацца велізарная колькасць людзей. Прайсці міма я не мог, таму
ўключыўся ў працэс: па магчымасці наведваў мітынгі, а пазней зарэгістраваўся
назіральнікам.
Яўген згадвае, што ў глыбіні душы ён разумеў, што Лукашэнка не дапусціць змены рэжыму. Гэта сведчыла для яго толькі пра адно: пратэсты непазбежныя, і Яўген загадзя быў гатовы ўдзельнічаць.
— Не ўдзельнічаць не мог, бо ў будучыні дакараў бы сябе. Акрамя гэтага, была вера ў тое, што мірныя пратэсты паспрыяюць зменам, бо ў гісторыі такіх прыкладаў даволі шмат. Спадзяюся, што 2020 год яшчэ адгукнецца рэжыму.
«Недалёка ад мяне разарвалася першая светлашумавая граната»
Для бяспекі на пратэстах Яўген прытрымліваўся мінімальных правіл, але моцна не канспіраваўся.
— Не браў з сабой мабільны тэлефон, апранаў непрыкметнае адзенне цёмных колераў без прынтаў і маску на твар, бо тады яшчэ быў кавід. Акрамя гэтага, абуваў зручны абутак, каб хутка ўцякаць. А да месца прызначэння намагаўся ісці шляхамі, дзе няма камер назірання, — успамінае з усмешкай беларус.
— Перад пачаткам пратэсту дзявятага жніўня страху асабліва не было, бо браў удзел у мітынгах з 2010 года. З’явіўся толькі адрэналін, калі пачалі жорстка разганяць пратэст, бо думаў, што і ў гэты раз усё будзе па класіцы: дубінкі і шчыты. Але калі недалёка ад мяне разарвалася першая светлашумавая граната — стала не па сабе. А сапраўды страшна стала толькі тады, калі з’явілася першая інфармацыя пра сур’ёзныя траўмы. Першае, што я прачытаў: камусьці адарвала ступню.
«Не бачу сэнсу з’язджаць»
Яўген вырашыў не з’язджаць з Беларусі, бо лічыць, што ніколі сапраўды не быў у полі зроку органаў.
— Я, хутчэй за ўсё, іду не ў першай сотні ў спісах, — мяркуе беларус. — Да сваякоў некалькі разоў прыходзілі ўчастковыя па месцы прапіскі, але яны адказвалі, што не ведаюць, дзе я жыву. За ўвесь гэты час я не сядзеў на соднях, на мяне не заведзена крымінальная справа, таму пакуль не бачу сэнсу з’язджаць. Не буду хітрыць, думкі пра пераезд ёсць, і ёсць нават план, але пакуль усё ж застаюся на радзіме.
Мужчына дзеліцца, што за тры гады ў яго з’явілася некалькі дзіўных звычак. Адна з такіх — кожную раніцу каля сёмай гадзіны глядзець праз акно на паркоўку, каб ведаць, ці не прыехаў бусік.
«Трэба чакаць дня Х»
Цяпер Яўген у асноўным думае пра вайну ва Украіне. Мужчына мяркуе, што сітуацыя ў Беларусі на 90 адсоткаў залежыць ад вынікаў гэтай вайны.
— Самым рэалістычным выйсцем бачу тое, што праз два-тры гады вайна ва Украіне скончыцца, пасля чаго Пуцін пратрымаецца ва ўладзе максімум адзін год. А яшчэ праз год сыдзе Лукашэнка — альбо праз натуральную смерць, альбо праз нейкія палітычныя дзеянні ў краіне, — разважае Яўген.
Але пакуль ён у Беларусі, Яўген лічыць, што змагацца трэба да канца, нягледзячы на тое, што зараз своеасаблівая цішыня.
— Трэба чакаць дня Х, як у 2020 годзе. Напрыклад, як
16 жніўня 2020 года альбо дзень смерці Рамана Бандарэнкі. А зараз — ціхенька
існаваць у сваім вакууме, мінімізаваць зносіны ў палітычным плане з іншымі
людзьмі, павыходзіць з усіх чатаў і пачысціць амаль усе свае сацыяльныя сеткі.
Прынамсі, я зрабіў менавіта так, бо калі мяне пасадзяць, карысці ад мяне ў
дзень Х не будзе аніякай. Але пры гэтым часам намагаюся ладзіць адзіночныя
акцыі: вешаю ў розных месцах плакаты і сцягі.