Хронікі рэпрэсій. Трое жыхароў Нароўлі не ўсталі пад гімн — іх за гэта судзілі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 14 верасня.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg_logo_1.webp

У адной з нараўлянскіх навучальных устаноў падчас выпускной вечарыны адбылося «злоснае правапарушэнне» грамадскага парадку. На ўрачыстай частцы давялося прысутнічаць жыхару Нароўлі Максіму Галавацкаму і яго сябрам. У момант, калі выконваўся дзяржаўны гімн Беларусі, ён і яшчэ два чалавекі засталіся сядзець на сваіх месцах.

«Правапарушэнне» было настолькі сур'ёзным, што пільнае вока праваахоўнікаў гэта заўважыла і замест прафілактычнай гутаркі супрацоўнікі Нараўлянскага РАУС паспяшаліся скласці адміністрацыйныя пратаколы на «злосных парушальнікаў правапарадку».

Праваабаронцам стала вядома, што 2 жніўня ў судзе Нараўлянскага раёна суддзя Ваўрантовіч Аляксандр разглядаў адміністрацыйную справу 25-гадовага Максіма Галавацкага па артыкуле 24.54 КаАП («Незаконыя дзеянні ў дачыненні да дзяржаўных сімвалаў»).

Вядома, што да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты і яго сябры. Пастанова суда пакуль невядома, як і невядома, ці адбыўся разгляд спраў, заведзеных на яго сяброў.

У судзе Першамайскага раёна Мінска 12 верасня другі раз за тры месяцы па цяжкім артыкуле асудзілі палітзняволенага мінчука Мікалая Васілевіча. На пачатку чэрвеня яго ўжо асудзілі да шасці гадоў калоніі за «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса) і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-1 КК).

Цяпер яго абвінавацілі ў «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці». Агулам за ахвяраванні «экстрэмісцкім» ініцыятывам яму прызначылі дзевяць з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

На другім працэсе па справе палітвязня быў вялікі перапынак. За гэты час у Вярхоўным судзе разглядзелі апеляцыйную скаргу Мікалая. 1 верасня прысуд уступіў у сілу, таму пры вынясенні другога прысуду Васілевіч лічыўся ўжо раней судзімым.


Глядзіце таксама

Суд Глыбоцкага раёна 14 верасня за «абразу Лукашэнкі» прызначыў адзін год і шэсць месяцаў калоніі палітзняволенаму мясцоваму фітнес-трэнеру і бодзібілдару Аляксандру Шарабайку.

Пасля выбараў Шарабайку некалькі разоў арыштоўвалі на суткі за ўдзел у пратэстах і за БЧБ-сцяг на доме. У ліпені 2021-га яго затрымлівалі на трое сутак «па падазрэнні ў злачынстве». У чэрвені гэтага года жонку палітвязня Алену аштрафавалі на 70 базавых (2590 рублёў) за «несанкцыянаванае пікетаванне».

Крымінальную справу супраць Аляксандра разглядалі 13 і 14 верасня. Пракурор Глыбоцкага раёна Валер Дайлідзёнак запрасіў для яго паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такі тэрмін і прызначыў Андрэй Тарасевіч.

Гомельскі абласны суд пачаў разглядаць у закрытым рэжыме справу палітзняволеных музыкаў вядомага беларускага гурта «Tor Band» Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка. Працэс вядзе суддзя Сяргей Салоўскі.

Музыкаў затрымалі 28 кастрычніка 2022 года. Спачатку ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА.

У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч.3 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч.1 і ч.3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»), арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»), арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі»).


Глядзіце таксама

У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 жніўня асудзілі Сяргея Фірсава паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Суддзя Юлія Шут прызначыла Сяргею два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Сяргея абвінавацілі ў тым, што ён, знаходзячыся ў нецвярозым стане, сарваў чырвона-зялёны сцяг з фасада адной з мінскіх крамаў. Мужчына пагнуў насценны кранштэйн, адарваў палотнішча і схаваў яго ў знаёмай дома.

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 13 чэрвеня асудзілі Уладзіслава Сачко паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Інна Сівец прызначыла Уладзіславу два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Уладзіслава абвінавацілі ва ўдзеле ў мінскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Яму змянілі меру ўтрымання з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе і вызвалілі з залы суда. Мужчына працаваў слесарам у адкрытым акцыянерным таварыстве.

Суд Савецкага раёна Мінска 11 траўня вынес прысуд Ганне і Андрэю Гулакам. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 КК. Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла ім па тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»). Іх вызвалілі ў зале суда.

Мужа і жонку судзілі за ўдзел у пяці мірных сходах у 2020 годзе ў Мінску.


Глядзіце таксама

У Дзяржынску затрымалі галоўную бухгалтарку (прозвішча невядома). Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчынай «зацікавіліся» пасля даносу. На «пакаяльным відэа» затрыманая «прызнаецца» ў рэпосце з «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, а таксама ва ўдзеле ў пікетах Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі 2020 года.

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі «актывіста Новай Баравой». Як пішуць праўладныя тэлеграм-каналы, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне затрыманы перапісваўся «са сваёй знаёмай Вольгай Хіжынковай» — яго прымусілі сказаць, што ён «пісаў ёй некарэктныя паведамленні аб тым, што над Беларуссю ляцяць самалёты з ракетамі».

Таксама паведамляецца, што хлопца ўжо затрымлівалі 9 жніўня 2020 года — пасля гэтага ён даваў каментар «Белсату», дзе нібыта «перабольшыў усё журналістам».

Палітзняволенага журналіста Аляксандра Манцэвіча пачнуць судзіць 27 верасня. Працэс распачнецца ў Маладзечне, справу будзе разглядаць суддзя Аляксей Іршын.

65-гадовы Аляксандр — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Аляксандр быў затрыманы 15 сакавіка пасля ператрусу ў ягоным доме. Манцэвіча абвінавачваюць паводле арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Аляксандр, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады.

Палітзняволенага Андрэя Сачэўку этапавалі ў магілёўскую турму.

Нагадаем, 19 верасня 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч.1 арт. 130 і ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Раней паведамлялася, што ў пачатку жніўня Андрэя накіравалі на два месяцы ў ПКТ. Да гэтага Андрэя пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму паведамілі, што яго накіруюць у памяшканне камернага тыпу за «няправільныя погляды».

24 жніўня ў Бабруйску адбыўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Суддзя Антон Дудаль пастанавіў перавесці палітвязня на турэмны рэжым.