«Радуюся цудоўнай восені». Палітзняволены журналіст Андрэй Аляксандраў за кратамі страціў 40 кг
Былы намеснік дырэктара БелаПАН адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі, яго жонка Ірына Злобіна – у гомельскай жаночай. Апошнія навіны пра палітзняволеных распавядае «Свабода».

Калаж «Свабоды»
Андрэй Аляксандраў знаходзіцца ў наваполацкай калёніі №2 з
канца 2022 году. Паводле сваякоў, ён працуе ў цэху дрэваапрацоўкі. «Зьбівае
скрыні і паддоны», — удакладніў сваяк палітвязьня.
Паводле крыніцы, цягам прыблізна 7 месяцаў Андрэй Аляксандраў быў пазбаўлены перадачаў і званкоў, у тым ліку праз скайп, але 12 верасьня ўпершыню такі званок адбыўся. Таксама ад Андрэя даходзяць лісты.
«У мяне ўсё бяз цудаў. Стабільна. Радуюся цудоўнай сьвежай восені», — гэтак Андрэй апісаў свой эмацыйны стан у апошнім лісьце сваякам.
Паводле зьвестак ад палітвязьня, ён шмат чытае, піша вершы і нават займаецца музычнай творчасьцю. «У яго там ёсьць сябар-музыка, зь якім ён піша песьні на ангельскай мове», — паведаміла крыніца.
Падчас зьняволеньня Андрэй Аляксандраў моцна схуднеў. «Цяпер важыць 80 кіляграмаў, а да арышту меў 120. Раней казаў, што балелі ногі ад доўгага знаходжаньня на бэтоне, але цяпер не скардзіцца. У калёніі рэгулярна робіць фізычныя практыкаваньні», — паведаміў сваяк палітвязьня.
Аляксандрава затрымалі разам зь ягонай дзяўчынай Ірынай Злобінай у пачатку 2021 году і абвінавацілі ў фінансаваньні пратэстаў-2020, а пазьней дадалі абвінавачаньне ў «здрадзе радзіме». У кастрычніку 2022 году журналіста асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Віны Андрэй Аляксандраў не прызнаў.
Глядзіце таксама

«Ставіцца да гэтага кавалку жыцьця як да прыгоды»
Да арышту Ірына Злобіна, якая скончыла факультэт філязофіі і сацыяльных навукаў БДУ, займалася бізнэсам. Як і Аляксандрава, яе абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і здрадзе радзіме. Суд прызначыў Злобінай 9 гадоў зьняволеньня. Жанчына адбывае пакараньне ў гомельскай калёніі.
«Працуе, шые майкі. Выконвае плян. Увогуле трымаецца малайцом, ставіцца да гэтага кавалку жыцьця як да чарговай прыгоды», — паведаміў сваяк Ірыны Злобінай.
Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў пабраліся шлюбам у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага 1 верасьня 2022 году. «Вясна» апублікавала расповед сукамэрніцы Ірыны Злобінай пра тое, што адбывалася пасьля росьпісу.
«Ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру зь вялікімі празрыстымі рукавамі і адкрытай сьпінай. Дзяўчаты на ёй зрабілі пераздымку-тату ў выглядзе пантэры, а таксама прыгожую фрызуру. Расьпіваліся яны бязь сьведак, пры канваірах. У камэры Валерыя, Людміла і Юлія зрабілі канфэці і зьбіраліся абсыпаць імі Ірыну, калі яна вернецца з росьпісу. Але дзяўчат забралі на прагулку, а Ірына вярнулася раней, таму яе прасілі, каб павярнулася ды зрабіла выгляд, нібыта заходзіць з росьпісу, а яе абсыпалі ды віншавалі».
У 2021 годзе восем праваабарончых арганізацыяў Беларусі
ў сумеснай заяве прызналі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну палітычнымі
зьняволенымі, а іх дзейнасьць у аказаньні фінансавай дапамогі ахвярам масавых
палітычных рэпрэсій назвалі «па сутнасьці, праваабарончай дзейнасьцю».