«Усяго паў-мандэлы за тое, што здраджваў дзяржаве з жонкай». Як жартуе ў лістах палітвязень Андрэй Аляксандраў

Стала вядома, што напісаў у адным з апошніх лістоў з-за кратаў палітзняволены медыяменеджар Андрэй Алясандраў, асуджаны на 14 гадоў. Гумарыстычную вытрымку ў фэйсбуку прывяла сацыёлаг Аксана Шэлест.

312937019_5890608400991051_8331725301983360265_n.jpg

«Мандэла вунь 28 гадоў адседзеў, і які быў малайчына. А мне далі ўсяго паў-мандэлы. Здраджваў дзяржаве з жонкай. Бывае», — напісаў палітвязень.

Як стала вядома, медыяменеджара на мінулым тыдні этапавалі ў Віцебск, а яго жонку Ірыну Злобіну — у Гомель.

Паводле артыкула «Здрада дзяржаве» Андрэю Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў калоніі, яго жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў. «Здрадай дзяржаве» лукашэнкаўскі рэжым палічыў тое, што сужэнцы нібыта дапамагалі пратэстоўцам аплочваць адміністрацыйныя штрафы.

Муж і жонка праходзілі па справе БелаПАН, паводле якой 4 гады калоніі прызначылі дырэктару — галоўнаму рэдактару інфармагенцтва Ірыне Леўшынай, 6 гадоў калоніі — яе папярэдніку на пасадзе дырэктара Дзмітрыю Наважылаву.