Хронікі рэпрэсій. Паліне Шарэнда-Панасюк перадалі «фальшывую» перадачу, каб пазбавіць дапамогі ад сваякоў
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 15 верасня.
Сілавікі затрымалі 18-гадовага беларуса, які нібыта хацеў уступіць у полк Каліноўскага. Відэа з затрыманым было апублікавана ў тэлеграм-канале, набліжаным да сілавікоў.
На камеру 18-гадовы хлопец «прызнаецца», што быў зарэгістраваны ў чат-боце плана «Перамога», а таксама ў тым, што хацеў уступіць у полк Кастуся Каліноўскага і таму звязаўся з імі ў Тэлеграме.
* * *
1 верасня Талачынскі раённы суд вынес прысуд у дачыненні да загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі Талачынскай цэнтральнай бібліятэкі Таццяны Пабяржынай. Жанчыну судзілі за падпіску на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы ў «Аднакласніках».
Суддзя Алеся Саян аштрафавала бібліятэкарку на 1110 рублёў. Суд таксама пастанавіў канфіскаваць у яе тэлефон.
* * *
Палітвязня Уладзіміра Гундара з інваліднасцю II групы змясцілі ў ШІЗА. Апошні раз Уладзімір Гундар тэлефанаваў сям'і з калоніі 3 жніўня, і з таго часу ніякіх званкоў і лістоў ад яго не было.
Як стала вядома праваабаронцам, цяпер палітвязень знаходзіцца ў ШІЗА. Гундара ўжо некалькі разоў змяшчалі ў калоніі ў штрафны ізалятар.
Уладзімір Гундар з'яўляецца фігурантам так званай «справы аб тэрарызме», па якой таксама асуджаны бізнесовец і праваабаронца з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч. Гундар быў прысуджаны да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
* * *
Былога супрацоўніка міліцыі Кірыла Гняздзілава асудзілі ў Брэсце паводле «справы Чорнай кнігі Беларусі», за гэта яму прад'яўлялі два крымінальныя артыкулы.
Мясцовым праваабаронцам стала вядома, што раней ён працаваў у Польшчы, прыехаў наведаць сям'ю, і яго затрымалі проста на мяжы. Мужчына з 2007 года служыў у міліцыі. Оперупаўнаважаны, звольніўся ў жніўні 2020 года.
Кірылу Гняздзілаву прысудзілі 8 гадоў калоніі і пазбавілі звання «капітан міліцыі».
* * *
Паліне Шарэнда-Панасюк у гомельскае СІЗА не даходзяць перадачы ад сваякоў. Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай, паведаміў, што 1 верасня ёй у камеру перадалі мех яблык. У перадачы было пазначана прозвішча, якога яна не ведае.
«Яблыкі пабітыя, нібы сабраныя каля дарогі. Мех стары, з дзяругі, у такім звычайна захоўваюць бульбу. І вага — дакладна 30 кілаграмаў. Якраз столькі, колькі даецца на месяц для перадач ад сваякоў. Ад тых яблык Паліна адмовілася, іх выкінулі ў сметніцу. Але фармальна ў верасні на перадачы яна ўжо не можа разлічваць, бо ліміт вычарпаны», — расказаў Андрэй Шарэнда.
Муж палітзняволенай мяркуе, што гэты падарунак ад невядомага «добразычліўца» — адмысловая аперацыя, каб пазбавіць ягоную жонку прадуктовых перадач, неабходных ёй пасля працяглай галадоўкі.
* * *
Выйшла на волю палітзняволеная Кацярына Батура. 34-гадовую жанчыну асудзілі за размяшчэнне ва «Укантакце» відэазвароту, у якім яна нібыта абразіла Лукашэнку. Суд прызначыў ёй год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). З 1 жніўня 2022 года Кацярына адбывала тэрмін у гродзенскай ПУАТ-25. Яна выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
* * *
У Гродне затрымалі яшчэ аднаго ўдзельніка ініцыятывы па стварэнні партыі «Разам». Таксама мужчына нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
На пачатку верасня ў Гродне быў затрыманы мужчына, якога сілавікі таксама абвінавацілі ў датычнасці да стварэння гэтай партыі.
* * *
Выйшаў на волю палітвязень Аляксандр Гладкіх. Ён быў асуджаны да 2 гадоў «хіміі» за абразу супрацоўніка ДАІ.
Паводле матэрыялаў справы, мужчына пакінуў каментар у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад допісам актывісткі Вольгі Карач з нашумелым у свой час відэа, на якім бачна, як супрацоўнік аўтамабільнай інспекцыі Ганцавіцкага РАУС Ігар Вольніч стаў нагой на шыю ўдзельніку мірнага сходу грамадзян, нязгодных з палітыкай улады. На судзе палітвязень патлумачыў, што быў абураны такім стаўленнем міліцыянта да мірнага пратэстоўца.
Аляксандр цалкам адбыў тэрмін у ПУАТ-36.
* * *
Вярхоўны суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» «Беларускі расследавальніцкі цэнтр», паведамілі праваабаронцы са спасылкай на Генпракуратуру.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, такое рашэнне прыняў суддзя Сяргей Мікалаеў. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме з удзелам КДБ. Ну думку суда, дзейнасць арганізацыі была накіравана на:
- распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у тым ліку ў дачыненні да пэўных сацыяльных груп;
- распаўсюджанне загадзя ілжывых сведчанняў аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным стане Рэспублікі Беларусь, прававым палажэнні яе грамадзян;
- дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання, а таксама распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў.
* * *
15 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у спісе 3290 чалавек.
Сярод іншых, у спіс дадалі кандыдатку геаграфічных навук Ганну Скрыган, асуджанага за каментары ў Telegram Дзяніса Салагуба, асуджанага за Instagram-сторыс Уладзіслава Савіцкага.
* * *
Сілавікі затрымалі жыхара Баранавіцкага раёна за «знявагу дзяржаўнай сімволікі». Па меркаванні следства, увечары 12 верасня 37-гадовы мужчына, пашкодзіўшы флагшток, сарваў з фасада крамы чырвона-зялёны сцяг і аднёс дадому. У хуткім часе ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў).