Гісторыя для аднаго гледача — коштам у некалькі жыццяў: КДБ імітуе дзейнасць, а пакутуюць рэальныя людзі
Сілавікі працягваюць застрашваць насельніцтва і палохаць сюжэтамі пра дыверсантаў. Але гэтым разам у такіх гульняў можа быць занадта высокі кошт: гаворка ідзе пра смяротнае пакаранне.
«Не прашу аніякіх паблажак, прашу аб вышэйшай меры», — заявіў пры праверцы паказанняў жыхар Гродна Барыс Пухальскі. Гэты эпізод аператыўнай здымкі ўвайшоў у прапагандысцкі фільм «Дэманы тэрору» дзяржаўнага тэлеканала АНТ, які расказвае, як Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі нібыта раскрыў «падрыхтоўку тэрактаў» на чыгунцы. Паведамленні, што КДБ «спыніў чарговыя спробы ўкраінскіх спецслужбаў дэстабілізаваць абстаноўку», «ліквідаваў тры баявыя ячэйкі СБУ», апублікавалі ўсе цэнтральныя дзяржСМІ.
З іх стала вядома, што ў канцы жніўня — пачатку верасня камітэтчыкі затрымалі шэсць грамадзян Беларусі і Украіны, якія дзейнічалі нібыта «па заданні ўкраінскіх спецслужбаў». Затрыманым можа пагражаць смяротнае пакаранне. Але некаторыя эксперты не выключаюць, што ўся гісторыя насамрэч можа быць пастаноўкай для аднаго гледача, піша «Deutsche Welle».
Затрыманых абвінавачваюць у «замаху на акт тэрарызму» і «дзяржздрадзе»
У ноч на 27 жніўня КДБ затрымаў 37-гадовага Паўла Вабішчэвіча і 40-гадовага Андрэя Зіненку. ДзяржСМІ сцвярджаюць, што ў Вабішчэвіча былі праблемы з алкаголем, а таксама залежнасць ад азартных гульняў. Украінскія спецслужбы нібыта «выйшлі з ім на сувязь», калі ён праз адну з тэматычных суполак у Telegram-канале спрабаваў знайсці працу. Зіненка — былы калега Вабішчэвіча, «атрымаў вышэйшую адукацыю, працаваў на кіруючай пасадзе, атрымліваў высокі заробак». На відэа допыту, які ўвайшоў у фільм АНТ, у мужчыны падбітае вока, а на кашулі віднеецца вялікая пляма, верагодна, засохлай крыві.
Паводле версіі следства, Вабішчэвіч і Зіненка павінны былі забраць выбухоўку са схованак у Гомельскай вобласці, адну частку перавезці ў Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці, а другую — «выкарыстоўваць асабіста, для падрыву чыгуначнага шляху Стоўбцы — Баранавічы ў Стаўбцоўскім раёне». За тэракт ім нібыта абяцалі 15 тысяч долараў. Супраць затрыманых распачалі крымінальныя справы паводле артыкулаў «Замах на акт тэрарызму» і «Здрада дзяржаве».
На следчы эксперымент прывялі на ланцугу
У фільме АНТ таксама паведамляецца, што ўкраінскія спецслужбы не маглі спадзявацца толькі на Вабішчэвіча і Зіненку, а таму рыхтавалі яшчэ адзін тэракт на чыгунцы — у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. За яго «адказваў» 31-гадовы ўраджэнец Украіны Іван Ліхалат. У 2012-2013 гадах ён, як піша дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, «служыў у выведвальных падраздзяленнях УСУ», жанаты на беларусцы і ўжо дзесяць гадоў жыве ў Беларусі, бацька траіх дзяцей.
Ліхалату нібыта даручылі «падарваць чыгуначныя шляхі, па якіх павінна прайсці вайсковая тэхніка». Па дапамогу ён звярнуўся да жыхароў Гродна Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага. 4 верасня ўсе трое былі затрыманыя КДБ, ім выставілі абвінавачванні ў «падрыхтоўцы акту тэрарызму», «здрадзе дзяржаве» і «шпіянажы». Пухальскі заявіў, што не просіць «аніякіх паблажак», затое просіць прысудзіць яго «да вышэйшай меры».
Трыма днямі раней у Ельскім раёне Гомельскай вобласці супрацоўнікі КДБ затрымалі 45-гадовага грамадзяніна Украіны Вячаслава Бародзія. Той з 2000 па 2003 гады жыў у Мазыры, затым вярнуўся ва Украіну, дзе працаваў егерам. Паводле версіі сілавікоў, Бародзій супрацоўнічаў з Галоўным упраўленнем выведкі (ГУР) Мінабароны Украіны, а таксама са Службай бяспекі Украіны (СБУ), якая даручыла яму «перакідваць у Беларусь зброю і выбухоўку» для арганізацыі тэрактаў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Наконт прамой сувязі Бародзія з іншымі пяцярымі затрыманымі нічога не гаворыцца. На кадрах аператыўнай здымкі, паказаных АНТ, відаць, што Бародзія, як і Пухальскага, прывялі на следчы эксперымент на ланцугу, прымацаваным да кайданкоў.
Экс-супрацоўнік СБУ: гэта спектакль для аднаго гледача
Некаторыя эпізоды фільма АНТ «Дэманы тэрору» па просьбе DW пракаментаваў былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак, які сёння працуе ваенным экспертам ва ўкраінскім Інстытуце будучыні, а таксама кансультантам камітэта Вярхоўнай рады Украіны па пытаннях нацбяспекі і абароны. Паводле слоў Ступака, усё «знята прыгожа і пераканаўча», з ужываннем мноства тэхнічных сродкаў: «Здаецца, што ведалі кожны крок гэтых людзей, здымалі іх пад рознымі ракурсамі. Такое адчуванне, што ім казалі: стой тут, ідзі сюды». Эксперт не выключае, што затрыманыя «былі спецыяльна падабраныя нібыта для здзяйснення тэракту і знаходзіліся пад наглядам», і называе гэта «спектаклем для аднаго гледача наверсе», маючы на ўвазе Аляксандра Лукашэнку.
Іван Ступак звярнуў увагу і на іншыя нестыкоўкі ў справе. Да прыкладу, «дыверсанты» закладвалі пад рэйкі выбуховае прыстасаванне, начыненае паражальнымі элементамі, што, паводле яго слоў, не мае аніякага сэнсу, калі гаворка ідзе пра падрыў цягніка. Акрамя таго, паводле слоў суразмоўцы, з фільма незразумела, хто ж усё-ткі вербаваў «агентаў»: СБУ ці ГУР. Ступак не выключыў, што ўкраінскіх грамадзян, затрыманых у Беларусі, у выніку могуць абмяняць на «агентаў беларускага КДБ», выяўленых ва Украіне.
«BELPOL»: не прыводзяць доказаў удзелу ўкраінскіх спецслужбаў
У аб'яднанні былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» таксама звяртаюць увагу на тое, што затрыманыя не могуць толкам сказаць, на каго яны «працавалі», называючы то СБУ, то УСУ, то ГУР Украіны і нават ГРУ Расіі, якога ва Украіне няма. Паведамляюць пра падрыхтоўцы «тэрактаў» менавіта ўкраінскімі спецслужбамі, але не прыводзяць аніводнага доказу: устаноўленых даных, пазыўных, інтэрнэт-акаўнтаў, тэлефонных нумароў, хоць бы каго-небудзь з «украінскіх куратараў», — гаворыцца ў аналітычнай даведцы «BELPOL».
Там жа адзначаецца, што затрыманыя не могуць назваць мэту «мерапрыемстваў», а гавораць завучанымі фразамі пра «дэстабілізацыю абстаноўкі» і «ахвяры сярод мірнага насельніцтва». «Вабішчэвіч наогул паняцця не мае, як трэба закласці выбухоўку на чыгуначным шляху і прывесці яе ў дзеянне, што выразна паказана ў "фільме"», — піша «BELPOL». Акрамя таго, былыя сілавікі падкрэсліваюць, што ў фільме АНТ так і не былі «прадэманстраваныя выбуховыя прылады ў сабраным выглядзе і змесціва схованак з нібыта канфіскаванай зброяй і выбухоўкай».
«Вясна» : гэтая гісторыя вельмі падобная да правакацыі
Цяпер не існуе і стратэгічнай неабходнасці ў «правядзенні аперацый па спыненні ваенных эшалонаў РФ». «Здзяйсненне рэальных тэрактаў на тэрыторыі Беларусі можа пацягнуць прамы ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, што відавочна не выгадна Украіне, другі фронт ёй не патрэбны», — адзначаецца ў аналітычнай даведцы «BELPOL».
«Гэтая гісторыя вельмі падобная да правакацыі, мэта якой — запалохаць людзей, прадэманстраваць свой кантроль над сітуацыяй, які адсутнічаў пры актыўнасці "рэйкавых партызан"», — пракаментавалі ў юрыдычнай службе праваабарончага цэнтра «Вясна». Там таксама акцэнтавалі ўвагу на тым, што гаворка ідзе пра «падазрэнне ва ўчыненні акту тэрарызму»: «Паводле нашага заканадаўства, за такія дзеянні прадугледжанае смяротнае пакаранне, і калі людзей не адпусцяць, то гэта з высокай доляй імавернасці можа стаць рэальнасцю».