Рэжым не там шукае «генацыд беларускага народа»

Улады ўпарта спрабуюць апраўдаць рэпрэсіі за сімволіку прыдуманымі гістарычнымі паралелямі, называючы нацыяльны сцяг «сцягам калабарантаў». Але ці працуе гэта? І што праўдзівага ў канцэпце «генацыду беларускага народа»?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Апошнія гады тэматыка генацыду не выходзіць з беларускага палітычнага інфаполя. 6 лютага, спасылаючыся на «новыя звесткі», выяўленыя ў рамках расследавання« справы аб генацыдзе беларускага народа», генпракурор Андрэй Швед назваў мінімальную суму эканамічнай шкоды, нанесенай Беларусі за гады Вялікай Айчыннай вайны: 43,5 тысяч тон золата, або не менш як $2,3 трлн па сённяшнім курсе. У 2021-м афіцыйная статыстыка гаварыла пра страты на $550 млрд і 2,2–2,4 млн знішчаных на тэрыторыі БССР чалавек. Але ўжо ў сакавіку 2023-га Генпракуратура пералічыла шкоду, агучыўшы лічбу ў $4,2 трыльёна па сённяшнім курсе.

Каштоўнасць перамогі, звязаная з чалавечымі стратамі, таксама зведала змены. Падчас БССР гісторыкамі былі праведзены падлікі і дасягнуты кансэнсус на сімвалічнай лічбе: загінуў кожны чацвёрты. У апошнія гады, не маючы таго сур'ёзнага навуковага абгрунтавання, улада заяўляе пра кожнага трэцяга. Аналагічная сітуацыя з даследаваннем рэпрэсій: колькасць расстраляных у Курапатах вар'іруецца ад 7,5 тысяч да 250 тысяч чалавек — у залежнасці ад крыніцы. Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі мяркуе, што для накручвання лічбаў ёсць медыйны запыт, піша «MediaIQ».

Маніпуляцыі пра нацыянальны сцяг

Выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Хатыні ў 2021-м быў адрасаваны недружалюбным краінам і тым, «хто пакланяецца БЧБ-сцягу, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народа». Паралель з сучасным нацыянальна-дэмакратычным рухам служыць маральным аргументам у абарону бесперапынных з 2020 года рэпрэсій (у краіне больш за 1 500 палітвязняў).

Ключавым у актуалізацыі новай канцэпцыі аб генацыдзе з'яўляецца яго відавочная ўнутрыпалітычная накіраванасць. Слабая доказная база, складанасць атаясамлівання неаднароднага дэмакратычнага руху з нацыяналістамі і калабарантамі часоў Другой сусветнай прыводзіць да атаясамлівання па прыкмеце выкарыстання сімволікі (бчб-сцяга, герба «Пагоня»).

Праўладны гісторык Ігар Марзалюк маніпулюе тым, што сімвалы набываюць пазітыўныя і негатыўныя канатацыі, змяняючыся ў часе і прасторы: «БЧБ-сцяг запэцкаў сябе ганебнымі дзеяннямі ў часы ВАВ – супрацоўніцтвам з гітлераўцамі і знішчэннем землякоў. І калі цяпер апазіцыя падымае бчб-сцяг, то яна ідэнтыфікуе сябе са сваімі папярэднікамі [калабарацыяністамі]». Логіка пераемнасці можа быць прыменена і да дзяржаўнага герба і сцяга: будучы пераемніцай савецкай сімволікі, сучасная дзяржсімволіка Беларусі «запэцкала» сябе рэпрэсіямі супраць свайго ж народа (што ў логіцы ўлады трактуецца як генацыд або этнацыд), а ў нашы дні – саўдзелам у ваеннай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны.


Глядзіце таксама

Палітолаг Вольф Рубінчык, які актыўна вывучае гісторыю яўрэяў у Беларусі, сумняваецца ў наяўнасці бел-чырвона-белых апазнавальных знакаў у катаў мінскага гета. Спасылаючыся на тэксты летапісца гета Гірша Смоляра, які пісаў пра паліцаяў у чорнай форме, Рубінчык мяркуе, што чэпкае вока падпольшчыка ўлавіла бы спалучэнне белага і чырвонага, калі б такое прысутнічала на абмундзіраванні. Дакументальных звестак пра бчб-шаўроны і павязкі сярод паліцаяў беларускі афіцыёз не дае.

Не заяўлялі пра нелаяльнасці дзяржаўнаму бел-чырвона-беламу сцягу шматлікія яўрэйскія арганізацыі і былыя вязні мінскага гета, многія з якіх на момант зацвярджэння сцяга ў 1991 годзе былі жывыя. Пра гэта сведчыць малавядомае фота з газеты «Авіў» (№3, 1993), на якім выяўлены II з'езд Беларускага аб'яднання яўрэйскіх арганізацый і суполак, што праходзіў пад бчб-сцягам і сцягам Ізраіля.

Парушэнне этычных нормаў

Не адпавядае ні журналісцкай этыцы, ні этычным нормам навукі нядбайнае стаўленне афіцыйных СМІ і актараў, уцягнутых у расследаванне аб генацыдзе, да інтэрпрэтацыі і афармлення матэрыялаў. Ужо вядомым стаў прыклад з выявай газвагена на сайце праекта «Сапраўдны генацыд», які рэалізуецца выдавецкім домам «Беларусь сёння» пры падтрымцы Генпракуратуры. Сайт праекта змяшчае раздзел «Газвагены ў Беларусі», дзе на фота грузавіка-душагубкі намаляваны сімвал іранічнага мема «граммар-нацы» – стылізаваная пад нацысцкі сімвал лацінская літара G. Сімвал выкарыстоўваецца для абазначэння інтэрнэт-супольнасцей, якія адрозніваюцца вельмі педантычным стаўленнем да пытання пісьменнасці.

Іншы прыклад — выдадзеная пад рэдакцыяй генпракурора кніга «Генацыд беларускага народа» (2022), якая змяшчае вялікі аб'ём інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і дакументаў. У выкарыстанай літаратуры ўказана 38 крыніц, з якіх 24 – архіўныя матэрыялы Генеральнай пракуратуры, пракуратуры Брэсцкай вобласці, пракуратуры Мінска і Мінскай вобласці па крымінальных справах. Праблема ў тым, што названыя архівы з'яўляюцца закрытымі — у адкрытым доступе матэрыялаў, на якія спасылаюцца аўтары, няма. Агучаныя ў кнізе цытаты і лічбы, якія тычацца расследавання пра генацыд, могуць быць прынятыя або аспрэчаныя экспертнай супольнасцю пры допуску да ўсіх архіўных дакументаў і шматбаковай камунікацыі.


Глядзіце таксама

Складана назваць непрадузятым і падбор матэрыялу. У раздзеле «Дзейнасць калабаранцкіх і нацыяналістычных фарміраванняў» згаданыя ўкраінскія, літоўскія і латышскія калабарацыяністы, а таксама польскія нацыяналістычныя фарміраванні (Армія Краёва). Такая выбарка ўключае выключна суседзяў Беларусі, якія на справе ці хаця б сімвалічна падтрымліваюць беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух 2020-2021 гадоў. Адзначаюцца рэвізіянісцкія настроі Польшчы, збольшага заснаваныя на фактах дзейнасці польскіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі. Фармуецца вобраз агрэсіўнай палітыкі Польшчы, якая мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі і пашырае свой геапалітычны ўплыў праз структуры ўнутры Беларусі: апазіцыю і «Саюз палякаў». Гэтыя тэзісы ўпісваюцца ў больш шырокі праўладны наратыў пра варожы Захад і тычацца шэрагу «недружалюбных» краін.

Зваротны вынік прапаганды

Памяць пра Другую сусветную вайну застаецца ключавой калектыўнай траўмай беларусаў незалежна ад узроставых груп. Вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага Феліксам Краватэкам («Цэнтр усходнееўрапейскіх і міжнародных даследаванняў ZOiS», Берлін) у 2022 годзе, паказалі, што Другая сусветная вайна захоўвае цэнтральнае месца ў памяці беларускай моладзі, і яна перш за ўсё асацыюецца з болем, стратамі, жахам і разбурэннем.


Глядзіце таксама

З 2020 года афіцыйная прапаганда настойліва праводзіць паралелі паміж апанентамі рэжыму і калабарацыяністамі першай паловы 1940-х. Пакінем па-за дужкамі сумнеўную эфектыўнасць гэтага пераносу. У размове з аўтарам гэтых радкоў Вольф Рубінчык выказаў здагадку, што такая сімвалічная барацьба можа прывесці да «амальгамнай логікі» ў грамадскім успрыманні: «калі мірных пратэстоўцаў з бчб-сцягамі параўноўваюць з паліцаямі, то, можа, і паліцаі былі нядрэннымі людзьмі?».

Напаўняючы памяць пра вайну іншымі сэнсамі, звязанымі з кантэкстам нядаўніх ўнутрыпалітычных падзей, улада не толькі абясцэньвае траўму, але можа справакаваць сур'ёзнае скажэнне ўспрымання гістарычных падзей у калектыўнай памяці.

Наратыў пра польскі рэвізіянізм

У вышэйзгаданай кнізе члены «Саюза палякаў» абвінавачваюцца ў «ажыццяўленні дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці РБ і прапаганду ідэй аднаўлення Польшчы ў межах 1939 года». У якасці доказаў «польскіх рэвізіянісцкіх настрояў» прыведзены мерапрыемствы, прысвечаныя «Дню памяці выклятых салдат» у Брэсце (2021) і ў Ваўкавыску (2020). Фота ўдзельніка забегу ў Ваўкавыску ў гонар «выклятых салдат» размешчана на старонцы 166, на ім намаляваны малады чалавек у футболцы з надпісам «"Олех" Анатоль Радзівонік» (у кнізе некарэктна пазначана імя: "Олеха" Анатоль Радзівончык).

У афіцыйным гістарычным наратыве дзейнасць на тэрыторыі Беларусі узброеных фарміраванняў польскай Арміі Краёвай у гады вайны і пасля яе заканчэння звязваюць з генацыдам беларускага народа. Генпракуратура расследуе больш за 280 эпізодаў злачынстваў, учыненых удзельнікамі АК на тэрыторыі Гродзеншчыны, а праўладнымі вайсковымі гісторыкамі дзеянні бандфармаванняў «выклятых жаўнераў» ставяцца на адзін узровень з гітлераўцамі і называюцца «тэрорам супраць мірнага насельніцтва Беларусі».

На старонцы 167 «Генацыду беларускага народа» апублікаваныя здымкі мерапрыемстваў «Саюза палякаў» для дзяцей, у апісанні да якіх сцвярджаецца, што на намаляванай мапе змененыя межы Беларусі на карысць Польшчы. Пры больш дэталёвым вывучэнні можна ўбачыць надпіс на мапе «Polska 1939-1945-podziały administracyjne». Мапа выдадзеная аддзяленнем Інстытута нацыянальнай памяці ў Лодзі ў 2013 годзе і, як сказана ў апісанні да яе, «уяўляе сабой картаграфічную выяву складанай і драматычнай гісторыі польскага народа падчас Другой сусветнай вайны». У анатацыі згадана, што палітычнай мэтай эмігранцкага ўрада ў Лондане было аднаўленне Другой Рэчы Паспалітай у межах на верасень 1939 года, але палітычныя рэаліі зрабілі вяртанне да іх немагчымым. Хоць такія фармулёўкі могуць трактавацца ў дачыненні да сучаснай беларускай дзяржаўнасці неадназначна, аніякіх прамых указанняў на рэвізіянізм яны не ўтрымліваюць. Невядомы кантэкст і тэма мерапрыемства, фота з якога апублікавала Генпракуратура.