«Флагманы прамысловасці» скардзяцца на недахоп працоўных, не спыняючы рэпрэсіі на прадпрыемствах

Буйныя прадпрыемствы Беларусі маюць патрэбу ў працаўніках, але, нягледзячы на гэта, на дзяржпрадпрыемствах працягваюцца рэпрэсіі і звальненні.

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg

Завод «Гомсельмаш» мае патрэбу ў 226 супрацоўніках, БелАЗ шукае 274 супрацоўнікі, БМЗ апублікаваў аб'явы па 230 вакансіях, «Інтэграл» размясціў аб'явы аб пошуку 301 супрацоўніка, рэкордную колькасць супрацоўнікаў шукае «Гродна Азот» — аж 415 вакансій, пішуць «Белнавіны».

Праблему прызналі і чыноўнікі: намесніца міністра працы Наталля Паўлючэнка заявіла, што прычына недахопу работнікаў — не рэпрэсіі або масавая эміграцыя, а «рост эканомікі і стварэнне новых працоўных месцаў». Паводле яе слоў, цяпер у банку вакансій каля 130 тысяч пазіцый, частка з якіх вырашылі заняць замежнікамі. Адкуль паўстане столькі замежнікаў, якія жадаюць і ўмеюць працаваць на заводах, чыноўніца тлумачыць не стала.

Нягледзячы на недахоп рабочых, рэпрэсіі на дзяржпрадпрыемствах не спыняюцца. На працягу апошніх месяцаў па ўсёй краіне праходзяць масавыя затрыманні работнікаў прадпрыемстваў, якія былі заўважаны ў нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі.

На прадпрыемстве «Гродна Азот», якое, нагадаем, шукае амаль паўтысячы (!!!) працоўных, работнікаў перыядычна затрымліваюць і вывозяць з прадпрыемства ў кайданках. Гэта адбываецца прама на працоўным месцы. Верагодна, спецыялістаў на заводзе засталося няшмат — на прадпрыемстве чарговая аварыя. З-за няспраўнасці спынены дзве вытворчыя лініі, адзін з цэхаў прыпыніў працу. Аварыя адбылася з-за няспраўнасці, якая заключалася ў закрыцці арматуры перад метанатарам. Паведамляецца, што пагрозы гораду, экалогіі, жыхарам і работнікам прадпрыемства нібыта няма.

На «Паліміры» ў Наваполацку прайшлі масавыя затрыманні. Сілавікі прыехалі на аўтазаку і забіралі людзей з працоўных месцаў. Пасля гутарак і ператрусаў некалькі чалавек на наступны дзень не выйшлі на працу, дакладнай інфармацыі пра колькасць затрыманых няма. Вядома, што сярод затрыманых былі як супрацоўнікі праектна-канструктарскай службы, так і іншых падраздзяленняў. Работнікі прадпрыемства мяркуюць, што такім чынам «назіральнікі» за прадпрыемствам праводзяць раней анансаваную «аптымізацыю працоўных рэсурсаў».

Месяцам раней сілавікі затрымалі экс-кіраўніка незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгу Брыцікаву і ўдзельніка страйкама Аляксандра Кухаронка. У дачыненні да іх завялі крымінальныя справы.

На мінулым тыдні аблава прайшла і на двух буйных прадпрыемствах у Лідзе. Сілавікі заявіліся да рабочых з-за падпісак на «экстрэмісцкія» каналы.

Вядома, што на «Лакафарбе» было затрымана шэсць чалавек, іх адпусцілі на наступны дзень, выпісаўшы штраф на 370 рублёў. Яшчэ 30 рабочых застаюцца пад пытаннем. Пра затрыманні кажа і той факт, што ў тэлеграм-канале «Лакафарбы» з'явіўся допіс, у якім супрацоўнікаў заклікаюць азнаёміцца са спісам «экстрэмісцкіх» рэсурсаў.

Днямі «Беларуськалій» адмяніў грашовую кампенсацыю работнікам за праязныя квіткі. Раней усім меркавалася льгота за праезд у грамадскім транспарце ў памеры 75% ад кошту праязнога білета, але з кастрычніка яе адменяць. Дастаўка работнікаў, якія жывуць за рысай горада, ад апошняга гарадскога прыпынку ў кожным кірунку будзе праводзіцца бясплатна, але толькі па прад'яўленні пропуску. Верагодна, справы на прадпрыемстве ідуць дрэнна, паколькі «Беларуськалій» спрабуе «выбіваць» даўгі з даўжнікоў. У жніўні паводле пазову «Беларуськалія» Эканамічны суд распачаў загадную вытворчасць супраць шасці прадпрыемстваў на агульную суму большую за 242 тысячы рублёў.