Суды над мёртвымі — спроба апраўдаць існаванне рэжыму
Для чаго насамрэч Генпракуратура разыгрывае спектакль з «расследаваннем генацыду беларускага народа», гісторыкі растлумачылі ў інтэрв'ю «Deutsche Welle».
Цяпер у Беларусі можна будзе праводзіць суды і над мёртвымі. 17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса». Дакумент «прадугледжвае недапушчальнасць адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і спынення вядзення справы ў дачыненні да памерлых, калі яны здзейснілі злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, якія не маюць тэрміну даўнасці».
Да іх адносяць генацыд, падрыхтоўку або вядзенне агрэсіўнай вайны, акт міжнароднага тэрарызму, злачынствы супраць бяспекі чалавецтва, экацыд, парушэнне законаў і звычаяў вайны — усяго гаворка пра дзесяць артыкулах Крымінальнага кодэкса. Гэтыя злачынствы і раней не мелі тэрміну даўнасці, але судзілі па іх толькі жывых. Улады ў Мінску заяўляюць, што змены ў КПК дазволяць «аднавіць гістарычную справядлівасць» і правесці суды ў межах крымінальнай справы «аб генацыдзе беларускага народа» ў гады Другой сусветнай вайны, якую ў Беларусі расследуюць ужо больш за два гады.
Усім падазраваным абяцана ў абавязковым парадку прызначыць адвакатаў. Інтарэсы памерлых у судзе змогуць прадстаўляць блізкія сваякі. Іх адмова ад удзелу ў працэсе не стане перашкодай для правядзення суду. Калі віна памерлага будзе даказаная, то суд вынесе вырак, але не стане прызначаць пакаранне.
Плануюць судзіць падазраванага ва ўдзеле ў спаленні Хатыні
Першым чалавекам, якога ў Беларусі плануюць судзіць пасмяротна, верагодна, будзе ўраджэнец Украіны Уладзімір Катрук, які служыў у 118-м батальёне Schutzmannschaft — паліцайскім фарміраванні, якое ўдзельнічала ў масавых расправах над мірнымі жыхарамі падчас Другой сусветнай вайны. Пра суд па справе Катрука паведаміў генпракурор Андрэй Швед. Катрука падазраюць ва ўдзеле ў спаленні Хатыні ў сакавіку 1943 года і забойствах яе жыхароў. Ён уваходзіў у дзясятку нацысцкіх злачынцаў, якіх у першую чаргу шукаў цэнтр Сымона Візенталя, пасля вайны жыў у Канадзе і памёр у 2015 годзе ва ўзросце 93 гадоў.
Гісторык Аляксандр Фрыдман адзначае, што за Уладзімірам Катруком сапраўды «цягнецца цэлы шлейф абвінавачанняў у ваенных злачынствах». «Гэта адыёзная фігура, якая так і не адказала за свае злачынствы», — канстатуе Фрыдман. У той жа час, паводле яго слоў, «менавіта казус Катрука паказвае сапраўдныя намеры афіцыйнага Мінска».
«Катрук цалкам адпавядае маскоўска-мінскаму прапагандысцкаму вобразу "жудаснага бандэраўца", які ўдзельнічаў у вайсковых злачынствах і схаваўся на Захадзе», — адзначае Фрыдман. Ён мяркуе, што Гепракуратуру «мала цікавяць немцы», ёй «у прапагандысцкіх мэтах патрэбныя ўкраінцы і выхадцы з краін Балтыі».
«Пракуроры Лукашэнкі могуць нічога не расследаваць самі»
Гісторык Аляксандр Пашкевіч адзначае, што з пункту гледжання цяперашняй беларускай палітыкі такая здагадка лагічная, але спіс меркаваных злачынцаў, апублікаваны Генпракуратурай, гэтаму супярэчыць. У ім пералічаныя толькі немцы, прычым да такіх аднесеныя нават людзі «са славянскімі імёнамі і прозвішчамі».
Што тычыцца Катрука, то яго, паводле слоў Пашкевіча, магчыма, выбралі, каб звязаць працэс «аб генацыдзе беларускага народа» з тэзісам, папулярным у беларускай і расійскай афіцыйнай прапаганды аб «нацызме ў сучаснай Украіне». «Несумненна, што падчас расследавання мы пачуем такія намёкі з вуснаў прапагандыстаў. Але ў цэлым, мне здаецца, выбар Генпракуратурай персанажа тлумачыцца банальным жаданнем максімальна спрасціць жыццё, бо вакол імя Катрука прасцей за ўсё арганізаваць шумную прапагандысцкую кампанію», — адзначае Пашкевіч.
Паводле слоў гісторыка, да Катрука спрабавалі дабрацца яшчэ пры жыцці, але так і не дабраліся. У Расіі ў дачыненні да яго была распачатая крымінальная справа. Следчы камітэт РФ запатрабаваў выдачы ваеннага злачынцы для прыцягнення да адказнасці, але Канада адмовіла.
«Пэўная логіка ў тым, каб акцэнтаваць увагу менавіта на гэтым чалавеку і хаця б пасмяротна даць маральную ацэнку яго ўчынкам, ёсць», — упэўнены Пашкевіч. Ён канстатуе, што «ў гэтым выпадку пракуроры Лукашэнкі могуць нічога не расследаваць самі», а выкарыстоўваць навуковыя публікацыі і журналісцкія артыкулы пра Катрука і яго ролю і матэрыялы працэсаў па справе катаў Хатыні, якія праходзілі ў СССР у 1970-1980-х гадах.
У спісе Генпракуратуры — больш за 1300 прозвішчаў
Усяго ў спісе падазраваных у «генацыдзе беларускага народа» і іх памагатых больш за 1300 чалавек. Аляксандр Пашкевіч кажа, што спіс Гепракуратуры «не выклікае нічога, акрамя саркастычнай усмешкі». «Аднаго хуткага позірку на яго дастаткова, каб пераканацца, што аніякай карпатлівай працы па яго складанні і праверцы ніхто не праводзіў. Супрацоўнікі пракуратуры проста перапісалі ўсе прозвішчы, якія сустракаюцца ў дакументах пасляваенных савецкіх следчых органаў. Прычым у гэтым спісе ёсць імёны без прозвішчаў, прозвішчы без імёнаў», — звяртае ўвагу Пашкевіч.
Гісторык таксама перакананы, што «ніхто ў беларускай пракуратуры не распачаў спробы расследаваць кожны з пералічаных эпізодаў злачынстваў», высветліць асабістую віну кожнага з абвінавачаных і іх далейшы лёс: «Некаторыя з пералічаных асоб, па якіх пазначана, што пра іх няма дадатковых звестак, дастаткова вядомыя, а ёсць і тыя, хто быў расстраляны па выраку суду пасля вайны. Навошта ў такім выпадку зноў даваць "прававую ацэнку" іх дзеянням?»
Справа «аб генацыдзе беларускага народа» патрэбная для легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі?
На думку экспэрта, раскручванне справы «аб генацыдзе беларускага народа» з самага пачатку «выглядала як фарс» і спроба «біцца ў адчыненыя дзверы», бо ацэнка нацысцкай ідэалогіі «даўно дадзеная на самым высокім міжнародным узроўні». «Яна была прызнаная злачыннай на Нюрнбергскім працэсе ў 1946 годзе і з тых часоў паслядоўна асуджаецца ва ўсім цывілізаваным свеце. Праблемы "рэабілітацыі нацызму" ў сучасным заходнім свеце не існуе, прынамсі на якім-небудзь масавым узроўні», — кажа гісторык.
Рэжыму Лукашэнкі, лічыць Пашкевіч, гэтая крымінальная справа неабходная для легітымізацыі і апраўдання свайго знаходжання ва ўладзе: «Маўляў, паглядзіце, хто нам супрацьстаіць, ім толькі дай волю, тут жа зладзяць тут расстрэльныя ямы і газавыя камеры. І для таго, каб "даказаць" гэты тэзіс, які відавочна не адпавядае аніякай рэчаіснасці, выкарыстоўваюцца жудасна нацягнутыя гістарычныя паралелі і нават прамыя фальсіфікацыі».
Аляксандр Пашкевіч упэўнены, што для «ажыўлення» працэсаў над мёртвымі і надання ім большай вагі Генпракуратура зацікаўленая ў прысутнасці на іх нашчадкаў абвінавачаных, але сумняваецца, што яе планы ажыццявяцца: «Цяжка ўявіць людзей у здаровым розуме і яснай памяці, якія захацелі б добраахвотна ўдзельнічаць у падобным фарсе».
У Генпракуратуры няма шанцаў арганізаваць гучны працэс
Гісторык мяркуе, што ў Генпракуратуры разумеюць, што ў іх «няма шанцаў арганізаваць з судоў над мёртвымі сапраўды гучны працэс з вынікамі, якія былі б прызнаныя кімсьці па-за межамі Беларусі і Расіі» і юрыдычна абавязковымі для кагосьці. «Адсюль і відавочнае нежаданне займацца ўсім гэтым сур'ёзна, а не "для галачкі", марнуючы сілы і час на збор доказаў», — адзначае Пашкевіч.
Згодны з ім і гісторык Цімафей Акудовіч: «Мне здаецца, што ўся гэтая справа з пакараннем мёртвых — спроба імітацыі кіпучай дзейнасці з боку Шведа і Генпракуратуры. Трэба павялічваць аб'ёмы працы, а за кошт жывых гэта зрабіць складаней». Таксама, мяркуе гісторык, магчыма, калі-небудзь генпракурор «будзе апраўдвацца тым, што судзіў не жывых, а мёртвых, што гэта было бяспечней і лепш для ўсіх».
«У дзяржаўнай сістэме Беларусі, што б ні было прапанавана на тэму вайны, усё прымаецца. Можна з гэтым насіцца, прыдумляць розныя нечаканыя ініцыятывы. Я б не шукаў тут практычнага глыбіннага сэнсу», — сказаў на заканчэнне Акудовіч.