Арцём Шрайбман — пра рознагалоссі паміж прапагандыстамі і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей

Чаму беларуская і расійская прапаганды адны і тыя ж навіны падаюць па-рознаму? Ці завезлі насамрэч у Беларусь ядзерную зброю? І як Лукашэнка рэагуе на абвінавачанні ў выкраданні ўкраінскіх дзяцей?

Арцём Шрайбман. Фота: 34mag

Арцём Шрайбман. Фота: 34mag

Расійская і беларуская прапаганда апошнім часам супярэчаць адна адной. У Расіі ПВК «Вагнер» паказваюць як здраднікаў, у Беларусі — як бравых баевікоў, якія прыехалі ў Беларусь дзяліцца вайсковым досведам з беларускім войскам.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман адзначае, што такія супярэчнасці паміж беларускай і расійскай прапагандамі назіраюцца не ўпершыню, піша «Салідарнасць».

— Прынцыпова тут тое, што ў іх розныя мэты. Гэта прычына, чаму яны па-рознаму асвятляюць групу баевікоў «Вагнер». Для расійскай прапаганды мэта — паказаць мізэрнасць таго, што адбылося, і тых, хто за гэтым стаяў (бунту Прыгожына. — Заўв. рэд.), — гаворыць Шрайбман у інтэрв'ю «Радыё NV».

Для беларускай — супакоіць беларусаў у тым, што да іх не прыехалі некалькі тысяч «зэкаў», якія будуць хадзіць па навакольных вёсках і гвалціць дзяўчат, а што гэта прыстойныя людзі, якія прыехалі сюды з добрай місіяй — навучыць нечаму беларускае войска. І праз гэтыя мэты мы бачым розныя наратывы.


Глядзіце таксама

У Беларусі нават мясцовым дзяржаўным СМІ, якія працуюць у раёне, дзе размешчаны «вагнераўцы», загадалі асвятляць іх знаходжанне падрабязна, каб мясцовае насельніцтва не баялася. І гэта маячок таго, што Лукашэнка разумее: у цэлым гэта рызыка, гэта дэстабілізуючая сіла, якая можа сябе непрадказальна праявіць, што людзі гэтага баяцца і трэба рабіць намаганні, каб іх у гэтым пераканаць.

Аналітык таксама параўнаў версіі датычна знаходжання расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Цяпер мы бачым супярэчлівую інфармацыю. Лукашэнка і Пуцін кажуць, што першая партыя ядзернай зброі ўжо дастаўленая ў Беларусь, другая прыедзе да канца года.

— Ёсць беларуская супольнасць чыгуначнікаў, якая паведамляе, што састаў, які адпавядае патрабаванням ядзернай зброі, сапраўды прыбыў у Беларусь у чэрвені. Яны не могуць адсачыць, што было ў вагонах і куды гэта потым павезлі, але ёсць факт, што гэты састаў прыбыў.

Пры гэтым праз некалькі дзён Лукашэнка заявіў, што ядзерную зброю даставілі не па зямлі. Гэта значыць, зусім незразумела як.

Аб'ектыўных доказаў, што самі снарады заехалі — няма. Таксама ёсць заявы заходніх крыніц, той жа генеральны сакратар NATO заявіў, што няма прыкмет таго, што ядзерная зброя ўжо ў Беларусі. Да гэтага —  справаздача Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў, якія вывучаюць спадарожнікавыя здымкі. Паводле іх звестак, на канец чэрвеня ў Беларусі не з'явілася ядзернага сховішча з такой ступенню аховы, якая патрэбна была б для аховы ядзернай зброі.

У Расіі ёсць пратаколы аховы тактычнай ядзернай зброі, для гэтага патрэбныя перыметры аховы, жыллё для супрацоўнікаў — нічога гэтага са спадарожнікаў не ўбачылі. То-бок пакуль пераканаўчых доказаў, што ядзерная зброя заехала ў Беларусь, няма.

Гэта больш падобна на ІПСА (інфармацыйна-псіхалагічную спецыяльную аперацыю.Заўв. рэд.), і я думаю, што сам факт таго, што заходнія чыноўнікі і вайсковыя кіраўнікі заяўляюць, што гэта няпраўда, заахвоціць Пуціна і Лукашэнку даць нейкія доказы, калі яно сапраўды будзе ў Беларусі.


Глядзіце таксама

Шрайбман адказаў на пытанне, наколькі сур'ёзна Лукашэнка ўспрымае абвінавачанні ў вывазе ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.

— Тое, што Лукашэнка ўспрымае гэтыя абвінавачанні вельмі сур'ёзна, нават не паддаецца сумневу. Уся беларуская прапаганда апошнімі днямі працуе па гэтай тэме: «наезды» на лідараў апазіцыі, якія прасоўваюць гэтую тэму ў свеце і лабіруюць пакаранне Лукашэнкі.


Глядзіце таксама

Нагадаем, паводле звестак Кіева, за час вайны Расія незаконна вывезла з акупаваных украінскіх тэрыторый блізу 20 тысяч дзяцей. Але насамрэч дакладную колькасць украінскіх дзяцей, якіх можна лічыць прымусова вывезенымі з тэрыторыі Украіны з пачатку вайны, палічыць і знайсці вельмі складана. Як правіла, розныя крыніцы называюць розныя лічбы. У Маскве, напрыклад, заяўляюць, што з пачатку так званай «ваеннай аперацыі з раёнаў баявых дзеянняў былі эвакуіраваны 738 тысяч дзяцей». У траўні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Італію сказаў пра 16 тысяч «гвалтоўна дэпартаваных дзяцей». 

У прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей Расіі дапамагае рэжым Лукашэнкі. Так, паралімпіец, праўладны актывіст Аляксей Талай, фонд якога прывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь нібыта на аздараўленне, публічна расказваў, што гэты працэс ухваліў персанальна Лукашэнка:

«Хоць мы і грамадскія дзеячы, дабрачынцы, але ў гэты няпросты час я павінен быў параіцца з кіраўніком дзяржавы. Гэта вельмі важна, бо мы можам эмацыйна ўспрымаць нейкія рэчы. Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбаса ў Беларусі».

А нядаўна падобнымі заявамі адзначыўся кіраўнік Беларускага Чырвонага крыжа Дзмітрый Шаўцоў. Падчас паездкі на акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласці ён заявіў прапагандыстам, што беларускі Чырвоны Крыж працягне “прымаць актыўны ўдзел» у вывазе дзяцей з Украіны. На БТ нават быў выпушчаны рэпартаж з некалькіх гарадоў Данбаса на тэму вывазу дзяцей у Беларусь. У сюжэце выступіў Дзмітрый Шаўцоў у майцы і кепцы з лагатыпамі Чырвонага Крыжа, заявіўшы, што «беларускі Чырвоны Крыж прымаў у гэтым — і прымае, і будзе прымаць — актыўны ўдзел».

Рэагуючы на скандал, які ўзнік пасля гэтай заявы, Міжнародны Чырвоны заявіў, крыж што не даваў згоды на выкарыстанне свайго імя і сваіх сімвалаў падчас акцыі кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) на тэрыторыі ваеннага канфлікту. Федэрацыя МЧК "сур'ёзна ўспрымае дзеянні любога з нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа, якія супярэчаць гуманітарнай місіі, прынцыпам і палітыцы Чырвонага Крыжа, таму перадала справу ў Камітэт па захаванні і пасярэдніцтве – незалежны орган, які расследуе парушэнні добрасумленнасці".