Ядзерная зброя ў Беларусі — блеф? Амерыканскія навукоўцы не знайшлі прыкмет яе размяшчэння

Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў (FAS) даследавала спадарожнікавыя здымкі ваенных і чыгуначных аб'ектаў у Беларусі, якія патэнцыйна могуць быць месцамі захоўвання або транспарціроўкі расійскай ядзернай зброі.

Будаўніцтва падвойнай агароджы на ваенным складзе пад Асіповічамі. Фота: FAS

Будаўніцтва падвойнай агароджы на ваенным складзе пад Асіповічамі. Фота: FAS

Па здымках навукоўцы выявілі будаўніцтва падвойнай агароджы перыметра бяспекі вакол ваеннага склада каля Асіповічаў, які патэнцыйна можа быць месцам захоўвання ядзернай зброі. Узвядзенне дадатковых платоў пачалося неўзабаве пасля таго, як аглядаць гэты аб'ект прыязджаў высокапастаўлены супрацоўнік расійскага Мінабароны — пра гэты факт у справаздачы гаворыцца са спасылкай на нейкі закрыты даклад ЦРУ ад канца лютага, піша «Люстэрка».

Вось што адзначаюць аўтары справаздачы:

  • у Асіповіцкім раёне размешчаны пускавыя ўстаноўкі падвойнага прызначэння «Іскандэр», якія Расія паставіла Беларусі ў 2022 годзе. Мяркуецца, што «Іскандэры» знаходзяцца прыкладна за 11 кіламетраў на захад ад мадэрнізаванага склада. У гэтым жа раёне знаходзіцца палігон «Рэпішча», дзе некалькі разоў бачылі пускі «Іскандэраў»;
  • аўтары падкрэсліваюць, што яны не могуць адназначна вызначыць, што склад пад Асіповічамі прызначаны або будзе выкарыстаны для захоўвання расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Не ўдалося выявіць ніякіх візуальных сведчанняў будаўніцтва адпаведнай інфраструктуры. Пры гэтым большасць расійскіх баз, дзе размешчаны «Іскандэры», маюць шматлікія дапаможныя аб'екты і месцы для захоўвання ракет. Пад Асіповічамі нічога такога няма. Магчыма, беларускія вайскоўцы выконваюць іншыя стандарты захоўвання і патэнцыйна могуць выкарыстоўваць засыпаныя зямлёй бункеры;
  • перыметр бяспекі на складзе ў Асіповічах мае дзве агароджы, а на расійскіх аб'ектах захоўвання звычайна — тры-чатыры лініі агароджы. Унутры агароджы таксама не відаць бункера, што з'яўляецца яшчэ адной тыповай прыкметай расійскіх сховішчаў ядзернай зброі. Акрамя фізічнай абароны, для ЯЗ патрабуюцца сховішчы з рэгуляваным кліматам;
  • таксама няма бачных аб'ектаў, дзе можна было б размясціць асабовы склад расійскага 12-га Галоўнага ўпраўлення Мінабароны (яно адказвае за ядзерна-тэхнічнае забеспячэнне і бяспеку);
  • склад знаходзіцца побач з месцам захоўвання звычайных выбуховых рэчываў. Было б вельмі дзіўна, калі б звычайныя і ядзерныя боегалоўкі захоўваліся ў межах аднаго і таго ж перыметра. Гэта можа быць растлумачана тым, што склад пад Асіповічамі з'яўляецца часовай транзітнай пляцоўкай і прызначаны не для пастаяннага захоўвання, а хутчэй для размяшчэння ядзернай зброі ва ўмовах крызісу;
  • частка новай падвойнай агароджы пастаўлена вакол будынкаў, якія былі ўзведзены ў 2017-2018 гадах, задоўга да таго, як прагучалі якія-небудзь заявы аб размяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Нават калі Расія мае намер пабудаваць сховішча ў Беларусі, няма ніякіх гарантый, што якая-небудзь ядзерная зброя сапраўды перасячэ мяжу ў мірны час. Аўтары мяркуюць, што Расія можа весці падрыхтоўчыя працы да патэнцыйнага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі ў будучыні.

Гаворыцца таксама і аб патэнцыйным разгортванні ядзернай зброі на аэрадромах пад Лідай і Баранавічамі. Візуальных пацвярджэнняў гэтага таксама не выяўлена.

Няма прыкмет мадэрнізацыі, неабходнай для размяшчэння ядзернай зброі пад Лідай. На самых апошніх здымках заўважана будаўніцтва дадатковага перыметра бяспекі вакол склада боепрыпасаў.

Як і ў выпадку з мадэрнізацыяй склада пад Асіповічамі, другі перыметр бяспекі не абавязкова прадугледжвае размяшчэнне ядзернай зброі; гэта можа быць проста паляпшэнне існуючай інфраструктуры бяспекі.

Былі таксама некаторыя здагадкі, што авіябаза «Баранавічы», абсталяваная больш сучаснымі знішчальнікамі Су-30см, можа быць патэнцыйным кандыдатам для размяшчэння ядзернай зброі. Але і там прыкмет мадэрнізацыі, неабходнай для гэтага, пакуль не выяўлена.

Аўтарам таксама не ўдалося знайсці візуальных пацвярджэннняў перавозкі ядзернай зброі ў Беларусь.

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведамляла, што ядзерная зброя і звязанае з ёй абсталяванне будуць дастаўлены ў Беларусь у два этапы: у чэрвені (ужо завяршыўся), і ў лістападзе. Сцвярджалася, што пастаўкі будуць ісці са станцый Патаніна, Лажок і Чэбаксары ў Расіі, з прыбыццём на станцыю Прудок у Беларусі.

Але гэтыя месцы ў Расіі знаходзяцца за сотні кіламетраў ад вядомых сховішчаў ядзернай зброі. Аўтары мяркуюць, што там могуць захоўвацца альбо кампаненты такой зброі, альбо абсталяванне для забеспячэння бяспекі, а не самі боегалоўкі.

Вывучэнне спадарожнікавых здымкаў раёна станцыі Прудок у Беларусі не паказала бачных прыкмет будаўніцтва інфраструктуры, неабходнай для бяспечнай транспарціроўкі ядзернай зброі.

Пуцін у сакавіку абяцаў пачаць пастаўкі ядзернай зброі ў Беларусь да 1 ліпеня, пазней гэтыя тэрміны былі скарэктаваны да «7-8 ліпеня», аднак нават пасля гэтага тэрміну не ўдалося выявіць ніякіх слядоў перамяшчэння і размяшчэння расійскіх ядзерных зарадаў.

Лукашэнка працягвае запэўніваць, што яму ўдалося даставіць зброю незаўважна для Захаду.

Канал «Беларускі Гаюн» у сваю чаргу мяркуе, што мы маем справу з «узгодненай паміж Пуціным і Лукашэнкам кампаніяй дэзынфармацыі, з мэтай, да прыкладу, стварэння палітычнага ціску напярэдадні саміту NATO ў Вільні і ўкраінскага контрнаступлення».