У расійскай улады сіл даць рады Прыгожыну не хапае, але знайсці ўправу на малодшага саюзніка — яшчэ знойдуцца
Падобна, сёй-той паспяшаўся заявіць прэтэнзіі на пуцінскую спадчыну. Прычым моцна паспяшаўся, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Не ведаю, у якіх выразах малодшаму саюзніку гэта патлумачылі, але некаторыя з гэтых выразаў, мабыць, былі не вельмі дыпламатычнымі. Таму што ўчора ўжо давялося апраўдвацца за свой фальстарт.
І неяк раптам выявілася, што будзе «Вагнер» у Беларусі ці не будзе «Вагнера» ў Беларусі, беларускім уладам невядома.
І наогул, прыбыццё ў Беларусь «вагнераўцаў» ад беларускіх улад не залежыць. А залежыць выключна ад добрай волі расійскіх.
Але пасля таго, як сёй-той пачуваўся, нібы Мінін, Пажарскі і Іван Сусанін у адной асобе, расійскія ўлады не спяшаюцца даверыць яму сваіх наймітаў у таварных колькасцях. Таму што хто ж яго ведае… Сёння ён Іван Сусанін, а заўтра — царэвіч Дзмітрый, які цудам выратаваўся.
І з ядзернай зброяй няёмка атрымалася. Літаральна ж тыдзень таму маляваў цэнтры прыняцця рашэнняў на спецыяльных ваенных картах. Пагражаў, што Вільні і Еўропе мала не падасца.
А ўчора высветлілася, што прыстойнаму палітыку казаць пра ядзерную зброю непрыстойна.
Ён, вядома, усё роўна казаў. Там, дзе не да законаў, прыстойнасці наогул маўчаць. Але прыйшлося прызнаць, што бомба будзе не свая, а расійская. Што кантраляваць бомбу будуць расійскія спецыялісты.
А што да «выкарыстання ядзернай зброі, нават калі б Расія наважылася гэта зрабіць, я ўпэўнены, што са сваім найбліжэйшым саюзнікам яна б параілася».
Вось тыдзень таму распавядаў, як ён ударыць па цэнтрах прыняцця рашэнняў ні ў кога не пытаючыся, а цяпер спадзяецца, што перад тым, як ударыць, хто-небудзь усё ж такі пацікавіцца яго меркаваннем.
Ну і па дробязі дэманстраваў старэйшаму брату сваю адданасць і лаяльнасць. Сказаў, што ні ў якую Амерыку ён без Пуціна не паедзе. Вось на каленях яго будуць прасіць — усё роўна не паедзе.
А ўсё чаму? Таму што «не я ж вырашаю, быць мне ва ўладзе ці не». І мы з табой ведаем, хто гэта вырашае.
Вядома, старэйшы брат прамахнуўся. Да гэтага часу даводзіцца тлумачыць насельніцтву, як яно кансалідавалася вакол моцнай прэзідэнцкай улады. Зноў жа, і Прыгожына ўсім Крамлём знайсці не могуць. Не захацеў Прыгожын адпраўляцца ў беларускае выгнанне — і як ты яго прымусіш?
Аднак на Прыгожына і ягоных наймітаў сіл у расійскай улады сіл ўжо не стае. Але каб прыструніць малодшага саюзніка, яшчэ пакуль цалкам хапае. Таму што якой бы слабай ні была расійская ўлада, а беларуская ўсё адно будзе слабейшай за яе. Бо а як інакш?