Яўген Вапа: Беларуская бочка пораху

Журналіст і беларускі дзеяч у Польшчы Яўген Вапа пра цяперашні страх перад будучыняй — генетычны багаж, накоплены цягам гістарычнага існавання беларусаў на памежжы.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Жыву цяпер на нервах, у нейкіх дрэнных прадчуваннях, пастаяннай занепакоенасці. І гэта не толькі па прычыне маіх узроставых, дэпрэсіўных адчуванняў, але проста таксама з-за ўбірання ў сябе ўсіх тых дрэнных вонкавых сігналаў, што б’юць па нашых мозгу і нервовай сістэме кожнага дня. 

Абараняцца ад тайфуну трагічных навін цяпер, здаецца, проста немагчыма. Хіба што стаць тады проста зомбі — абыякавым і пазбаўленым эмпатычнага адчування да бяды і крыўды, што дзеюцца на нашых вачах, які забыў пра чалавечнасць, гуманнасць, хрысціянства. 

З другога боку, пачынаю адчуваць проста страх перад найбліжэйшай будучыняй. Дай Божа, каб гэта быў толькі нейкі кароткачасовы нервовы крызіс, які разыдзецца ў сонечных, летніх промнях і ва ўмовах абавязковага адпачынку ў згодзе з прыродай і біялагічным, чалавечым гадзіннікам. 

Але ж давайце канкрэтызаваць найважнейшае. Агрэсія Расіі на Украіну перавярнула цалкам наша пачуццё стабільнасці ў яго фізічным і духоўным вымярэнні. У гэтай частцы Еўропы вайна бярэ ў свае абдымкі і абцугі не толькі арміі, палітыкаў, геапалітычныя лагеры, але палоніць і бярэ ў закладнікі наогул чалавечыя мары пра справядлівасць, мір і надзею для наступных пакаленняў на быццё вольнымі людзьмі. 

У такой бядзе з года ў год прымушае беларускі народ выжываць і быць патаптаным дыктатарскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. 

Падзеі апошніх дзён і тыдняў паказваюць, што для дыктатара няма аніякай святасці, апрача ўласнай бяспекі і сваёй улады. 

Разуменне дзяржавы і народа ў яго на ўзроўні міжнароднага злачынцы — гандляра зброяй і жыццём мільёнаў сваіх суайчыннікаў. Без свайго роду і зямлі. Які пры гэтым усталёўвае ў сябе расійскія ядзерныя боегалоўкі і дае згоду на пабыўку ў Беларусі міжнароднага злачынцы Яўгена Прыгожына і ягоных ваенных бандытаў — «вагнераўцаў», адкрывае чарговыя пякельныя вароты для бязлітаснай вайны, якая можа проста зваліцца на беларускую зямлю і яе жыхароў. 

Беларусь з дня на дзень можа стаць закрытым лагерам, адгароджаным калючым дротам і высокім мурам, з якога не выедзе аніводзін беларус. 

Мара Лукашэнкі пра такую сітуацыю, здаецца, можа самарэалізавацца рукамі краін-суседзяў, якія, думаючы пра бяспеку сваіх дзяржаў і народаў, проста будуць змушаны перакрыць усе памежныя пераходы з дзяржавай-суседкай. 

Латвія, Літва, Польшча, Украіна, якая адрознівае ўжо беларускі народ ад існуючай там дыктатуры, будуць вымушаны супрацьстаяць ракетам і аўтаматным дулам, накіраваным з Беларусі ў іх бок. А тады на тонкасці і разуменне ўнутраных беларускіх акалічнасцей не будзе часу і месца. Ніхто і не заікнецца пра гуманітарныя калідоры, каб выпусціць мірнае грамадства. 

Атамная зброя ў расійскіх руках, «вагнераўцы» як расійскі акупацыйны кантынгент — гэта ж інструменты для любой правакацыі і пераносу канфлікту, а нават удару па Беларусі як хаўрусніку злачыннай пуцінскай Расіі. 

Нічога таму дзіўнага, што менавіта ў адказ на такія дзеянні і перад віленскім самітам НАТА, які пройдзе ў найбліжэйшыя дні ў Вільні, пацвярджэнню бяспекі з беларускага напрамку ўдзяляецца асаблівая ўвага. Польшча перакідае дадатковыя падраздзяленні на сваю мяжу ўключна з антытэрарыстычнымі фарміраваннямі. Публічна таксама было агучана пра магчымасць увядзення зноў надзвычайнага становішча калі не ва ўсёй Польшчы, дык ва ўсходняй памежнай зоне. 

Памятайма, што тысячы прывезеных эмігрантаў надалей знаходзяцца ў рэзерве крамлёўска-мінскіх спецаперацый, і яны ў любы момант могуць падняць тэмпературу на еўраатлантычнай мяжы. 

Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі ў сувязі з маскоўска-мінскімі падзеямі заяўляе пра патрэбу ўсталявання ядзернай зброі менавіта ў Польшчы. Ну і большасць атрыманага і закупленага Польшчай узбраення зараз мусіць закрываць і абараняць беларускі напрамак. 

Калі глядзець на маланкавае ўзрастанне напружанасці на беларуска-польскай мяжы, на якой жывём стагоддзямі, то проста той мой падспудны страх з’яўляецца не нейкай ірацыянальнай аберацыяй, але хіба генетычным багажом, накопленым цягам гістарычнасці лёсаў падляшскага быцця саміх нас у сабе. 

Яўген Вапа, тыднёвік «Ніва», «Радыё Рацыя»