Польшча пачала выдаваць дакумент замежніка беларусам без пашпарта: Але трэба паспець атрымаць!

Тэрмін дзеяння ільготнай схемы, каб атрымаць бясплатна дакумент замежніка, абмежаваны, і ці будзе працяг — пакуль невядома, адзначае «Люстэрка».

img_0526_2_logo.jpg.webp

Беларусам, якія жывуць у Польшчы і засталіся без пашпартоў з тых ці іншых прычын, стала прасцей атрымаць праязны дакумент замежніка.

З 1 ліпеня пачалі дзейнічаць адпаведныя папраўкі ў польскае заканадаўства, паведамляе Prawo.pl.

Так, паводле распараджэння міністра ўнутраных спраў Польшчы ад 28 чэрвеня, беларускія грамадзяне вызвалены ад платы за выдачу праязнога дакумента замежніка, якая ў цэлым цяпер складае 350 злотых (больш за 200 рублёў). Адмена платы не абмежавана нейкім тэрмінам. Калі хтосьці падаў заяву і зрабіў аплату, але яго дакумент да 30 чэрвеня не быў выпушчаны, грошы яму вернуць.

Да гэтага часу атрымаць праязны дакумент у Польшчы маглі толькі замежнікі, якія маюць пастаянны від на жыхарства або карту доўгачасовага рэзідэнта ЕС, дадатковую абарону або дазвол на знаходжанне па гуманітарных прычынах (гэта не тое самае, што гуманітарны від на жыхарства, створаны для беларусаў). З часовым відам на жыхарства дакумент замежніка выдавалі, толькі калі такі ВНЖ быў атрыманы па нацыянальнай візе, выдадзенай для прыезду па гуманітарных прычынах, у сувязі з міжнароднымі абавязацельствамі або дзяржаўнымі інтарэсамі (словам, у вельмі асаблівых выпадках).

Цяпер для беларусаў гэтыя абмежаванні зняты. Яшчэ адным распараджэннем МУС Польшчы ад 28 чэрвеня для іх уведзена спрошчаная схема. Яна дзейнічае пры выкананні адначасова трох умоў:

  1. беларус страціў пашпарт (ён быў згублены, сапсаваны і гэтак далей) альбо ягоны пашпарт стаў несапраўдным, альбо ў яго не было пашпарта зусім;
  2. беларус мае ў Польшчы пастаянны або часовы від на жыхарства альбо ў яго карта доўгачасовага рэзідэнта ЕС, альбо дадатковая абарона, альбо згода на знаходжанне па гуманітарных прычынах (zgoda na pobyt ze względów humanitarnych);
  3. заява на выдачу праязнога дакумента пададзена своечасова.

Тэрмін на гэты момант абмежаваны: падаць заявы па спрошчанай схеме можна пакуль толькі з 1 ліпеня да 31 снежня 2023 года. Потым — толькі на агульных падставах (калі ўлады Польшчы не падоўжаць дзеянне льготнага парадку), але выдача застанецца бясплатнай. Заявы, пададзеныя да 1 ліпеня, будуць разглядацца яшчэ ў агульным парадку.

Самае важнае ў зменах:

  • праязны дакумент замежніка дадуць беларусам з любым часовым відам на жыхарства, незалежна ад падстаў яго атрымання;
  • такі дакумент цяпер змогуць атрымаць нават тыя грамадзяне Беларусі, у якіх наогул няма і не было беларускага пашпарта. У першую чаргу гэта датычыць беларускіх дзяцей, народжаных ужо ў Польшчы, бацькі якіх не могуць паехаць на радзіму і аформіць ім дакументы — напрыклад, праз пагрозу палітычнага пераследу;
  • беларусы пазбаўлены абавязку заяўляць і даказваць, што яны не могуць атрымаць новы пашпарт ад беларускіх улад.

У сувязі з гэтымі новаўвядзеннямі распрацоўваецца новая форма заявы на выдачу або абмен праязнога дакумента замежніка, яна будзе зменена найбліжэйшым часам. Пакуль не ўведзена новая анкета, упраўленне па справах замежнікаў выдала рэкамендацыі для беларусаў па запаўненні заявы:

тым, у каго часовы від на жыхарства (акрамя асаблівых выпадкаў, пра якія мы ўжо казалі), у рубрыцы D анкеты, дзе ідзе гаворка пра падставы выдачы ВНЖ, не трэба нічога адзначаць, а трэба прыкласці на асобным лісце заяву пра тое, што ёсць від на жыхарства, выдадзены на такой і такой падставе, з указаннем органа і даты выдачы. Але вось звесткі карты знаходжання ўпісаць у гэтай рубрыцы ўсё ж трэба;

тым, хто наогул не мае пашпарта (напрыклад, дзецям), у рубрыцы F анкеты таксама не трэба адзначаць ні адзін з пунктаў, а трэба прыкласці асобную заяву пра тое, што пашпарта ў іх няма і не было.

Нагадаем, рашэнне выдаваць беларусам праязны дакумент замежніка ў спрошчаным парадку і бясплатна ўлады Польшчы прынялі пасля абмеркаванняў пытання з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і Святланай Ціханоўскай.