Коршунаў: Трэба разам збіраць тыя цаглінкі, якія складаюць вобраз Беларусі ў свеце

Палякі сталі значна горш адносіцца да Беларусі, як дзяржавы. На жаль, гэта адбіваецца і на стаўленні да беларускага народу, якое раней было прыязным. Што варта рабіць беларусам, каб падтрымаць добрае стаўленне да сябе? 

Дзень Волі ў Варшаве. Фота з freeunion.online

Дзень Волі ў Варшаве. Фота з freeunion.online

Пасля падзей 2020 года дзясяткі тысяч беларусаў, вымушаных пакінуць краіну, знайшлі прытулак у Польшчы. Прэзідэнт краіны Анджэй Дуда не раз падкрэсліваў, што афіцыйная Варшава салідарная з беларускім народам, падтрымлівае дэмакратычныя змены ў Беларусі і працягвае ціснуць на Лукашэнку і ягоны рэжым. Але ў грамадстве настрой не такі адназначны.

Як вынікае з даследавання, праведзенага ў траўні 2023 года па замове Цэнтра дыялогу імя Юліўша Мерашэўскага, сёння толькі 10% палякаў лічаць Беларусь сяброўскай дзяржавай, затое ў 2,5 разы (з 31 да 82%) у параўнанні з 2020 годам вырасла колькасць тых, хто называе Беларусь і яе стаўленне да Польшчы непрыязнымі.

Стаўленне да беларускага народу не такое негатыўнае: каля траціны палякаў лічаць беларусаў прыязнымі суседзямі (у 2020-м такога меркавання прытрымлівалася 63% апытаных). Аднак амаль палова рэспандэнтаў — 49% — лічыць інакш.

У адносінах да РФ і расійцаў перакос у бок варожасці значна большы. Але і Беларусь, з улікам саўдзелу рэжыму ў расійскай агрэсіі, агрэсіўнай рыторыкі і пераследам польскай меншасці, размяшчэння на сваёй тэрыторыі ядзернай зброі і наймітаў «Вагнера», ніякім сябрам і «донарам стабільнасці» сёння не ўспрымаецца.

Пракаментаваць вынікі даследавання і ўплыў прапаганды на польскае грамадства, а таксама паразважаць наконт магчымага выйсця з сітуацыі Філін папрасіў сацыёлага, старшага даследчыка Цэнтра новых ідэй Генадзя Коршунава.

— З аднаго боку, геаграфічная і культурная блізкасць, разуменне падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў 2020-м, з другога — словы і справы беларускага рэжыму, у выніку апытанне «Палякі пра Беларусь і беларусаў» нібыта ілюструе фразу «не ўсё так адназначна».

— На мой погляд, у апытанні ёсць некалькі момантаў, на якіх варта засяродзіць увагу. Па-першае, хоць мы і побач, не выпадае казаць, што палякі агулам выдатна ведаюць Беларусь і сачылі за падзеямі 2020 года. Каб на 100% адсоткаў усе ведалі, што адбываецца, — безумоўна, такога б не было. Існавала агульнае адчуванне, што адбываецца і што беларусы малайцы, гэта транслявалася польскімі ўладамі.

Але здарыўся 2022 год, і хаўрусніцтва беларускіх уладаў у расійскай агрэсіі супраць Украіны ўдарыла вельмі моцна па ранейшых уяўленнях. Прытым гэтая інфармацыя для шараговага паляка больш важная, бо тэарэтычна яна пра магчымасць пагрозы ўжо ў бок Польшчы. Груба кажучы, вайна стукае ў польскія дзверы беларускім кулаком. І тут разуменне таго, што беларускі рэжым — зусім не тое, што беларускі народ, патрабуе высілкаў.

Дэмакратычныя сілы, грамадзянская супольнасці і тыя беларусы, што жывуць у Польшчы ўжо шмат год, даводзяць гэтую розніцу, аднак яе і не кожны чуе, і, на жаль, шмат для каго яна другасная.

Другі момант, прынамсі, я яго назіраю, — рост пэўнай стомленасці ад беларускага пытання, якое, з аднаго боку, цягнецца ўжо даволі даўно, а з другога, адступае перад украінскім пытаннем. Вайна захінула сабой усё, і тое, што беларускі рэжым у ёй удзельнічае, на ўяўных вагах часам пераважае тое, што беларусы супраць гэтага рэжыму.

Зрэшты, заўважае эксперт, па дадзеных апытання бачна: тыя палякі, у каго ёсць знаёмыя беларусы, больш ведаюць пра нашыя падзеі, і іхнія ацэнкі вельмі адрозніваюцца, бо інфармацыя паступае нажыва, без уплыву афіцыйных крыніц ці прапагандысцкіх рупараў.

Глядзіце таксама

— Калі працягнецца эскалацыя і ядзерныя пагрозы, а перакідванне «вагнераўцаў» у Беларусь стане рэальнасцю, ці можа стаўленне да беларусаў змяніцца ў непрыемны для нас бок?

— Такую магчымасць выключаць нельга.

Беларускі рэжым вельмі шмат робіць для таго, каб яго (а праз яго — і простых беларусаў) успрымалі як ворага: тыя ж самыя рэпрэсіі датычна палякаў у Беларусі, тая ж напружанасць на мяжы — дасюль польскую мяжу штурмуюць дзясяткі, а бывае, і сотні чалавек у дзень, і ўся гэтая інфармацыя шырока разыходзіцца. Плюс градус падвышаецца заявамі пра ядзерную зброю і прыём «Вагнера». У такіх умовах негатыўная ўвага, натуральна, будзе расці.

Акрамя таго, дадае Генадзь Коршунаў, у 2020 годзе беларусы супрацівам рэжыму задалі высокую планку падтрымкі і павагі да сябе. Аднак каб захаваць такі ўзровень надоўга, трэба падсілкоўваць вобраз, укладаць у яго ўсё больш і больш пазітыву — а цяпер гэта немагчыма з аб’ектыўных прычын, у той час як беларускія ўлады рэгулярна папаўняюць негатыўныя шалі вагаў.

— У 42% апытаных першыя асацыяцыі са словам «Беларусь» — таталітарызм, аўтарытарная ўлада, Лукашэнка. Відавочна, хто за гэта адказны, але не вельмі зразумела, што з гэтым рабіць? Хто мае больш магчымасцяў паўплываць на сітуацыю — польскія палітыкі ці беларускія дэмакратычныя лідары, грамадзянская супольнасць, медыя, ці ўсе супольна?

— Я б не ставіў пытанне такім чынам, хто можа зрабіць больш — адказ відавочны, разам заўсёды можна дамагчыся лепшых вынікаў. Таму каштоўная і тая праца, што робіцца беларускімі палітыкамі і беларускімі экспертамі, якія даводзяць польскаму боку, што адбываецца ў нашай краіне, і публікацыі ў незалежных медыя, якія ўплываюць на грамадскую думку беларускай дыяспары, і дзейнасць грамадзянскай супольнасці, якая ладзіць розныя мерапрыемствы і паказвае, што беларускі рэжым і беларускі народ — вельмі розныя штукі.

У якасці аднаго з удалых прыкладаў эксперт згадвае імпрэзу, якую зладзілі ў Беластоку беларускія актывісты і фонд «Акно на Усход». Фотавыстава, якая адкрылася ў вялікім гандлёвым цэнтры, распавяла пра беларусаў, якія жывуць у гэтым горадзе шмат год: настаўнікі, універсітэцкія выкладчыкі, адмыслоўцы сферы прыгажосці, журналісты, урачы, аўтаслесары і гэтак далей. Атрымаўся калектыўны партрэт беларусаў як часткі еўрапейскага цывілізаванага свету — працавітых, паспяховых, эканамічна актыўных, людзей, якія прасоўваюць дэмакратычныя каштоўнасці і выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі.

— Атрымаўся такі не самы распаўсюджаны тып акцый, але ўплыў яго на польскую грамадскую думку мог быць, як мне падаецца, вельмі карысным. Бо гэта ўсё тыя цаглінкі, якія складаюць вялікі вобраз Беларусі, і над ім сапраўды трэба працаваць разам, — рэзюмуе Генадзь Коршунаў.

Глядзіце таксама