«Назваўся польскім нацыстам». У Варшаве збілі таксіста з Беларусі
Віталь (імя зменена па просьбе героя) эміграваў з Беларусі ў Польшчу ў верасні 2022 года. Маладому чалавеку 23, ён жыве ў Варшаве і працуе таксістам. 3 ліпеня на яго і іншых беларускіх і ўкраінскіх таксістаў напала банда палякаў, якая арудуе на вакзале Warszawa Gdańska. Скончылася збіццём, абразамі на нацыянальнай глебе і паліцыяй. Падрабязнасцямі таго, што адбылося, беларус падзяліўся з выданнем «MOST».
У сярэдзіне таго дня Віталь прыехаў на спецыялізаваную стаянку для таксістаў каля вакзала Warszawa Gdańska. Дарэчы, спыняцца там могуць толькі пазначаныя таксі, кіроўцы якіх маюць ліцэнзію. Але ў рэальнасці сітуацыя іншая: са слоў Віталя, там варочае справамі мясцовая мафія «ў выглядзе браткоў з 90-х». Яны бяруць пасажыраў «ад борта» і не даюць паркавацца нікому, акрамя сваіх, хоць месца прызначана менавіта для «афіцыялаў».
— Я знаходжуся ў
чаце з іншымі ўкраінскімі і беларускімі таксістамі. Адзін з іх скінуў відэа,
дзе польскі таксіст (з тых, якія стаяць там і «кантралююць» месца) накідваецца
на яго з абразамі на нацыянальнай глебе і крычыць, што гэта месца толькі для
палякаў, спрабуючы выхапіць з рук тэлефон. Мы выйшлі на месца. Калі я прыехаў,
той самы паляк падышоў да мяне і пачаў абражаць. Крычаў, што з'яўляецца
польскім нацыстам і ненавідзіць беларусаў і ўкраінцаў. Усяго нас сабралася 8-9
чалавек — усе працуюць у Uber або Bolt, маюць ліцэнзію, а машыны абляпляюцца
адпаведнымі пазначэннямі. У выніку мы ад'ехалі на суседнюю стаянку.
На гэтым гісторыя не скончылася: неўзабаве да хлопцаў, што стаялі воддаль, падышлі таксама 8-9 польскіх таксістаў і пад'ехаў чорны Mercedes.
— З машыны выйшаў той самы «нацыст» з тэлескапічнай дубінкай у адной руцэ і пярцовым балончыкам у другой. Ён накінуўся на мяне і пачаў наносіць удары дубінкай з крыкамі: «Wyp***dalaj stąd!» («Валі адсюль!»). У выніку ў мяне гематома на руцэ і разбіты тэлефон.
Пасля інцыдэнту Віталь зняў пабоі і напісаў заяву ў паліцыю.
Што рабіць замежніку, калі збілі ў Польшчы
У Цэнтры падтрымкі замежнікаў у Беластоку фонда «Акно на Усход» распавялі, што рабіць беларусам, калі іх збілі або абразілі ў Польшчы.
— Чалавек павінен патэлефанаваць у паліцыю. Калі супрацоўнікі адмаўляюцца прыязджаць, ён можа звязацца з любой праваабарончай арганізацыяй або арганізацыяй, якая займаецца замежнікамі ў Польшчы. Далей арганізацыя будзе звяртацца ў паліцыю.
Калі паліцыя не прыехала, то чалавек на наступны дзень
павінен падаць ужо самастойна заяву ў пастарунак. Падрабязна апісаць, дзе быў
інцыдэнт, колькі людзей, апісаць, ці былі там камеры і ўсе іншыя важныя моманты.
Пажадана, каб былі сведкі. Са справай нельга зацягваць. Калі ёсць пабоі, то
варта прайсці агляд. Важна ўсё зафіксаваць.