Сацыёлаг: Стаўленне ўкраінцаў да беларусаў пагаршаецца — і тут няма на што крыўдаваць
«На шалях вагаў пакуль усё ж пераважваюць тыя бомбы, якія ляцяць з Беларусі», — тлумачыць Генадзь Коршунаў і разважае пра тое, як айчынныя прапагандысты ствараюць ілюзію падтрымкі РФ.
Стаўленне ўкраінцаў да беларусаў за паўгода вайны істотна пагоршылася. Як вынікае з дадзеных, атрыманых у жніўні даследчай групай «Рэйтынг», больш як палова — 52% апытаных украінцаў — ставяцца да беларусаў негатыўна.
Яшчэ ў красавіку негатыўна настроенымі былі толькі 33%, а ў красавіку 2021-га — усяго 4%. Горшыя адносіны ва Украіне толькі да расіян (81% настроены негатыўна).
Цікава, што амаль у гэтыя ж дні вынікі апытання пра адносіны да расіян апублікавала беларускае дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА. Паводле звестак аналітычнага цэнтру ECOOM, у апытанні з прэтэнцыёзнай назвай «Сацыяльнае мысленне пры санкцыйным рэжыме» 69,7% апытаных беларусаў ахарактарызавалі сваё стаўленне да РФ як «добра» і «хутчэй добра», а варыянт «дрэнна» і «хутчэй дрэнна» выбралі толькі 2,5% удзельнікаў. Прычым кіраўнік ECOOM Сяргей Мусіенка лічыць, што «это не просто оценка наших экономических, политических, культурных, иных отношений с РФ и отношения к ее политике. Это в том числе и отношение к специальной военной операции».
Што насамрэч стаіць за лічбамі свежых сацыялагічных даследаванняў, і ці ўсім з іх варта давяраць, у каментары «Филину» патлумачыў сацыёлаг, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў.
— Тое, што адбываецца пагаршэнне стаўлення да беларусаў з боку ўкраінцаў — гэта цалкам заканамерна і чакана, — зазначае эксперт, — і тут нам, з аднаго боку, няма чаго крыўдаваць. Таму што ўсе бачаць, што з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Украіны ляцяць і самалёты, і бомбы, і ракеты.
З другога боку, украінцы ўсё адно бачаць і тую дапамогу, якую аказваюць шараговыя беларусы, і падтрымку беларусаў замежжа, і тое, што робяць полк Каліноўскага і полк «Пагоня». Але — на шалях вагаў пакуль усё ж пераважваюць тыя бомбы, якія ляцяць і працягваюць ляцець з Беларусі.
Пакуль мы тут нічога не зробім. А як складзецца сітуацыя ў будучым, цалкам залежыць ад таго, як будуць разгортвацца падзеі — як хутка, у які бок, ці далучыцца беларускае войска наўпрост да расійскай агрэсіі, і гэтак далей.
Цяпер мы можам толькі рабіць сваю справу: дапамагаць, хто як можа, пісаць і расказваць, асвятляць падзеі, і паказваць тое, што фактычна беларусы робяць ужо даўно: што рэжым Лукашэнкі — гэта далёка не тое ж самае, што беларусы як народ.
— Што да беларускага сацапытання і дзіўных высноў, якія агучыў кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру наконт «падтрымкі спецаперацыі» — тут ёсць нейкая трывожная тэндэнцыя або гэта спроба нацягнуць саву на глобус?
— Я б сказаў, што гэта відавочная лухта. Звычайна, калі заходзіць размова пра тое, ці можна давяраць тым ці іншым дадзеным таго ці іншага даследчыцкага цэнтру, я заўсёды раю паглядзець, што гэта за цэнтр, якую рэпутацыю мае даследчыцкая арганізацыя.
У свой час я мэтанакіравана шукаў, што такое ECOOM, пра які ўсе ведаюць, што перад кожнымі выбарамі гэты цэнтр выходзіць з нейкай інфармацыяй пра перавагі, сімпатыі і настроі беларусаў. Дык вось, прынамсі ў мінулым годзе ў гэтай арганізацыі не было нават свайго сайту. (Мы спраўдзілі — няма яго і сёння. Яшчэ пара цікавых фактаў: прыватная кампанія «Медыяфакт-ЭКО», якой належыць гандлёвая марка ECOOM, існуе з 2003 году, доўгі час з'яўляецца партнёрам Цэнтральнай выбарчай камісіі РБ, а дырэктар цэнтру Сяргей Мусіенка з 2020 года зладзіў у газеце «СБ. Беларусь сегодня» уласны праект «Гордость ЗА Беларусь», а пазней выпусціў аднайменную кнігу-дапаможнік для школ. — заўвага рэд).
Адсутнасць адкрытых і празрыстых звестак пра арганізацыю, адсутнасць уласнага сайту з прыкладамі даследаванняў, дадае Генадзь Коршунаў, дае ўсе падставы для таго, каб вельмі і вельмі асцярожна ставіцца да інфармацыі ад такога даследчага цэнтру.
— І другі момант — мы можам параўнаць дадзеныя ECOOM з дадзенымі другой, ужо больш значна паважанай і вядомай у свеце арганізацыі Chatham House — яе беларуская ініцыятыва рэгулярна робіць даследаванні па Беларусі. Прынамсі, вось што мы бачым сярод вынікаў дзясятай хвалі даследавання, якое яны праводзяць, пачынаючы з 2020 года: станоўчае стаўленне да Расіі («добра» і «хутчэй добра») сумарна выказалі каля 70% апытаных, але — стаўленне да вайны значна горшае. У падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне выказаліся ў 2,5 разы менш людзей, чым супраць яе (14% — адназначна падтрымлівалі, 35% — адназначна не падтрымлівалі).
То-бок, нельга раўняць гэтыя рэчы: стаўленне да Расіі — гэта адно, падтрымка дзеянняў Расіі — іншае, а прыхільнікаў ідэі таго, каб Беларусь прымала непасрэдны ўдзел у вайне, наогул толькі 5%. Таму рабіць такія высновы, якія зрабіў спадар Мусіенка, непрафесійна, і гэта цалкам прапагандысцкая штука.
«Филин»