Класкоўскі: Байдэн, Ціханоўская і сімвалічныя жэсты

Патрэбны пастаянныя намаганні дэмсіл, каб беларускае пытанне не выпадала з фокуса. Сустрэча Ціханоўскай з Байдэнам была, найхутчэй, вельмі кароткай, але і сімвалы ў палітыцы маюць вялікае значэнне. Асабліва калі гаворка пра краіну — лідара заходняга свету.

svjatlana_cihanouskaja_6.jpg

Вашынгтон дае сігнал літоўскаму прэзідэнту, які раней у размове з Байдэнам назваў Беларусь расійскай губерняй, што не варта ставіць на адну паліцу рэжым і народ.

Святлана Ціханоўская распавяла дэталі сустрэчы з прэзідэнтам ЗША. Яна адзначыла, што ўдзячна Байдэну за сустрэчу, падчас якой данесла беларускую пазіцыю і тое, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны.

— Беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША, – пракаментавала Святлана Ціханоўская.

Наколькі важная сёння для дэмакратычных сіл гэтая сустрэча, а для беларусаў у цэлым — падтрымка ЗША? «Салідарнасць» спытала пра гэта ў палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага.

— З аднаго боку, зразумела, што гаворка ідзе пра нейкія сімвалічныя жэсты. Байдэн, выступаючы, згадаў Беларусь праз коску, нароўні з іншымі краінамі.

Сустрэча з Ціханоўскай, мяркуючы па ўсім, была кароткай па часе. Магчыма, гэта быў абмен некалькімі фразамі. З іншага боку, сімвалы ў палітыцы таксама маюць вялікае значэнне, — кажа эксперт у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

Нават калі гэта спічрайтар упісаў Беларусь у прамову Байдэна, трэба, каб хтосьці яму тое падказаў і настаяў на гэтым, таму што ў выступленнях палітыкаў такога рангу кожнае слова на вагу золата.

Так што факт згадкі Беларусі і сустрэчы Ціханоўскай з Байдэнам — вельмі важны сёння, асабліва таму, што мы бачым, як на Захадзе ўмацоўваецца спецыфічны падыход у адносінах да беларускага пытання.

Глядзіце таксама

Гэта якраз адбілася ў словах літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы, дадае Класкоўскі. Пасля сустрэчы з Джо Байдэнам напярэдадні саміту NATO ён сказаў, што Беларусь становіцца праблемай: яна больш не незалежная і з'яўляецца яшчэ адной губерняй РФ.

— Так, залежнасць Беларусі ад Расіі відавочна ўзрасла пасля 2020 года, і Лукашэнка працягвае здаваць кавалкі суверэнітэту, каб утрымацца ва ўладзе. Але ўсё ж такі падыход небяспечны тым, што ЕС і іншыя дэмакратычныя цэнтры не будуць разглядаць Беларусь асобна ад расійскай праблемы.

Калі Беларусі не існуе, навошта слухаць Ціханоўскую, Пазняка ці яшчэ кагосьці? Такі падыход вельмі непажаданы для беларускіх дэмакратычных сіл і тых, хто змагаецца за перамены.

Літоўскаму прэзідэнту або іншым палітыкам, якія так выказваюцца, прасцей. Ёсць галоўны вораг — Расія, трэба, каб было больш натаўскіх войскаў, стварыць новыя базы, Польшча хоча мець на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю.

Гэта значыць, усе баяцца Расіі і ўмацоўваюць сваю бяспеку, а беларускае пытанне зручна адсунуць у цень расійскага, каб яно не блыталася пад нагамі.

На жаль, праз такі падыход часам еўрапейскія палітыкі не робяць адрозненняў паміж рэжымам Лукашэнкі і беларускім народам, а 2020 год паказаў, што паміж імі, мякка кажучы, вялікі дысананс.

Таму важна, што Святлана Ціханоўская і людзі з яе каманды пастаянна падкрэсліваюць, што рэжым — гэта адно, а беларускі народ — зусім іншае. Трэба рабіць адрозненні і неабходна, каб на гэтым разуменні грунтавалася заходняя палітыка і палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі.

Іншая справа, наколькі ўдасца ўтрымаць беларускае пытанне ў парадку дня? Гэта складана. Мы бачым, што нават Украіне Захад дапамагае асцярожна і з аглядкай, баючыся прамога сутыкнення з Расіяй і ядзернай вайны.

Класкоўскі падсумоўвае: сёння дэмакратычным сілам вельмі важна ставіць у правільным ракурсе беларускае пытанне.

— У гэтым плане нават такія сімвалічныя сустрэчы вельмі важныя, таму што Амерыка — гэта самая моцная краіна Захаду, лідар NATO, краіна з вялікімі рэсурсамі. І ад пазіцыі яе палітыкаў, ад разумення сутнасці беларускай праблемы вельмі шмат залежыць у плане перспектыў перамен у Беларусі.

Гэтая сустрэча не мае пераломнага гістарычнага значэння. Але гэта добры плюсік, калі казаць пра дзейнасць дэмсіл і каманды Ціханоўскай, у працэсе барацьбы за тое, каб беларускае пытанне заставалася ў парадку дня міжнароднай дэмакратычнай супольнасці.

Гэта працэс. Тут не варта разлічваць, што адна сустрэча, размова, падзея зробяць пералом. Гэта штодзённая карпатлівая праца — і ў гэтым плане трэба аддаць належнае Ціханоўскай і яе Кабінету — тут робіцца нямала.

На жаль, страшная і крывавая вайна ссоўвае фокус увагі, таму патрэбны пастаянныя намаганні дэмсіл, каб беларускае пытанне не выпадала з фокуса, — заключае эксперт.

Пераклад «НЧ»