Карбалевіч: Як NATO глядзіць на Беларусь?
Калі вывучаць выніковы дакумент саміту NATO, паслухаць, што кажуць лідары дзяржаў-суседзяў, то паўстае праблема суб’ектнасці Беларусі. Амаль ва ўсіх згадках пра Беларусь яна разглядаецца скрозь прызму расійскай палітыкі, піша на «Свабодзе» палітаглядальнік Валерый Карбалевіч.
Менавіта нявырашанасьць унутрыпалітычнага беларускага канфлікту хутка выплюхнулася за межы краіны і ператварыла Беларусь у пагрозу рэгіянальнай бясьпецы.
Цяперашні саміт NATO ў Вільні ўжо названы гістарычным. Ён адбываецца ў разгар кровапралітнай вайны — агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая выклікала крызіс бясьпекі сусьветнага маштабу. На парадку дня паўстала пытаньне ўмацаваньня абароны краінаў Усходняй Эўропы, найперш тых, якія мяжуюць з РФ. Менавіта ў сувязі з расейскай агрэсіяй узьнікла пытаньне пра пашырэньне NATO.
Як казаў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, «Пуцін хацеў фінляндызацыі Эўропы, а атрымае NATOізацыю». Фінляндыя ўжо ўступіла ў Альянс, Швэцыя на парозе.
Галоўнай інтрыгай саміту стала пытаньне пра ўступленьне Ўкраіны ў NATO. Рашэньне аказалася палавіністае. Да Ўкраіны ня будзе ўжывацца комплекс патрабаваньняў і працэдураў, які называецца «Плян дзеяньняў па сяброўстве ў NATO» і які звычайна выкарыстоўваецца пры прыёме ў Альянс новых чальцоў. Будзе створаная Рада Ўкраіна — NATO. Але адказу на самае галоўнае пытаньне, якога чакаў Кіеў, няма.
Кіраўніцтва Ўкраіны імкнулася пачуць канкрэтныя тэрміны, альгарытм уступленьня ў Альянс. Аднак тут выявілася няпэўнасьць. У камюніке саміту гаворыцца, што Ўкраіну змогуць запрасіць у NATO, калі будуць згодныя ўсе сябры Альянсу і калі, адпаведна, дазволяць умовы. «Нас такі падыход катэгарычна не задавальняе», — адзначыў украінскі міністар замежных справаў Дзьмітры Кулеба.
Усё гэта азначае, што некаторыя вялікія краіны-чальцы Альянсу асьцерагаюцца сутыкненьня з Расеяй у выпадку хуткага прыняцьця Ўкраіны ў NATO і плянуюць выкарыстаць згаданае пытаньне падчас будучых мірных перамоваў з РФ.
Саміт праходзіў за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Таму цалкам натуральна, што Беларусь абмяркоўвалася падчас сустрэчы ў Вільні. У рамках саміту былі праведзеныя два мерапрыемствы, прысьвечаныя ёй. У выніковым камюніке сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краін — чальцоў NATO Беларусь згадваецца сем разоў. Але калі вывучаць выніковы дакумэнт саміту NATO, паслухаць, што кажуць лідэры дзяржаваў-суседзяў, то паўстае праблема суб’ектнасьці Беларусі. Опцыя погляду на краіну даволі спэцыфічная.
У камюніке ёсьць адзін сюжэт, які тычыцца ўласна беларускай палітыкі.
«Мы заклікаем Беларусь спыніць зламысную дзейнасьць супраць сваіх суседзяў, паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды і падпарадкоўвацца міжнароднаму праву», — гаворыцца ў дакумэнце.
Аднак ва ўсіх астатніх згадках пра Беларусь яна разглядаецца скрозь прызму расейскай палітыкі. Паводле NATO, пагрозай зьяўляецца тое, што Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю і інфраструктуру для агрэсіі супраць Украіны, згадваецца ўсё большая вайсковая інтэграцыя Расеі зь Беларусьсю, гаворыцца пра разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі расейскай ядзернай зброі і магчымае разгортваньне тут так званых расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў. То-бок тэма Беларусі разглядаецца як вытворная ад палітыкі адносна Расеі. І рашэньне беларускага пытаньня бачыцца як складнік вырашэньня расейскага пытаньня.
І варта паслухаць, што кажуць суседзі. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што «Беларусь больш не незалежная краіна, фактычна гэта адна з губэрняў Расеі». Прэм’ер Латвіі Артурс Крыш’яніс сказаў: «Мы сёньня бачым Беларусь як працяг Расеі. Беларусь страціла сувэрэнітэт, калі паглядзець на сытуацыю мілітарыстычную, на сытуацыю з санкцыямі, то мы бачым, што Беларусь — гэта частка Расеі».
Такі падыход не падзяляе кіраўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі. Рэагуючы на выказваньне прэзыдэнта Літвы, Аб'яднаны пераходны габінэт заявіў: «Такая трактоўка стварае памылковае ўспрыманьне Беларусі ў сьвеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народу. Беларусь — гэта не губэрня Расеі, і беларускі народ не дазволіць ёй такой стаць».
Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію« Радыё Свабода »выказала важную думку: «Без свабоднай Беларусі бясьпечнай Украіны быць ня можа». Можна дадаць, што і бясьпечнага рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы быць ня можа.
Варта ўзгадаць, з чаго ўсё пачалося. Міжнародная супольнасьць даволі паблажліва паставілася да таго, што рэжым Лукашэнкі гвалтам задушыў народныя пратэсты. Аднак нявырашанасьць унутрыпалітычнага беларускага канфлікту хутка выплюхнулася за межы краіны і ператварыла Беларусь у пагрозу рэгіянальнай бясьпецы. Ужо менш як праз год Лукашэнка пасадзіў у Менску самалёт кампаніі «Ryanair» з двума апазыцыянэрамі на борце. Потым быў справакаваны міграцыйны крызіс. Затым на тэрыторыі Беларусі прайшлі вялізныя вайсковыя вучэньні, якія хутка ператварыліся ў агрэсію Расеі супраць Украіны.
Разглядаць Беларусь (краіну і народ) толькі як інструмэнт у руках Крамля — наўрад ці рацыянальная стратэгія. Дарэчы, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы пасьля саміту ў двары Віленскага ўнівэрсытэту, зрабіў трохі іншы акцэнт.
«Многія з вас ведаюць, наколькі важна мець магчымасьць вызначыць сваю будучыню. Гэта важна для людзей па ўсім сьвеце. Ня толькі ва Ўкраіне. У Беларусі, Малдове, Грузіі і па ўсім сьвеце, дзе людзі працягваюць змагацца, каб іх галасы былі пачутыя. Мой мэсэдж ім — не здавайцеся», — падкрэсьліў амэрыканскі прэзыдэнт.