505-ты дзень вайны ва Украіне: асноўнае на гэты час

Кіеў становіцца цэллю ўдараў трэці дзень запар, усяго ва Украіне збіта 20 дронаў-камікадзэ.

ukraina_saldat.jpg

Сілы СПА ўначы збілі 20 ударных дронаў, якімі РФ атакавала Украіну, а таксама дзве крылатыя ракеты «Калібр». Пра гэта паведаміла камандаванне паветраных сіл. БПЛА «Shahed-136/131» расіяне запускалі з паўночна-ўсходняга напрамку (Курск) і паўднёва-ўсходняга (Прыморска-Ахтарск). Большасць з іх былі збіты ў Кіеве і вобласці. Таксама РФ запусціла дзве крылатыя ракеты «Калібр» з Чорнага мора і адну балістычную — «Іскандэр-М» (Джанкой, Крым).

Расія трэцюю ноч запар атакуе Кіеў дронамі. Над Кіевам сіламі СПА знішчаны каля дзесяці дронаў, паведаміў начальнік КГВА Сяргей Папко. У Дарніцкім, Саломенскім, Шаўчэнкаўскім, Абалонскім і Падольскім раёнах зафіксаваны выпадкі падзення абломкаў, пашкоджаны жылыя дамы.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

  • Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў Падольскім раёне падчас тушэння ўзгарання ў шматкватэрным жылым доме знайшлі цела загінулага.

  • Два чалавекі траўміраваны ў Дарніцкім раёне, у Шаўчэнкаўскім падчас ліквідацыі наступстваў выратаваны адзін чалавек.

  • У Запарожжы колькасць пацярпелых у выніку падзення выбухованебяспечнага аб'екта 12 ліпеня павялічылася да 21 чалавека, сярод іх восем дзяцей. У бальніцах знаходзяцца шасцёра дарослых і сямёра дзяцей, паведаміў кіраўнік АВА Юрый Малашка.

  • У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў два чалавекі загінулі, яшчэ трое атрымалі раненні.

  • У Данецкай вобласці восем чалавек паранены.

  • У Харкаўскай — адзін паранены. 

Навіны вайны

Раніцай 13 ліпеня паведамляецца, што Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на бахмуцкім, мелітопальскім і бярдзянскім напрамках, мелі поспех на напрамках Новаданілаўка — Шырокая Бэлька, Малая Такмачка — Новапакроўка. Пра гэта паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў.

На бахмуцкім кірунку ўкраінскія войскі працягваюць весці наступальныя дзеянні на поўнач і поўдзень ад горада Бахмут.

На паўднёвым флангу наступу мелі частковы поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.

У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў на купянскім, ліманскім, аўдзееўскім і мар'інскім кірунках — на працягу сутак адбылося больш за 35 баявых сутыкненняў, адбіты ўсе атакі рускай арміі. Ідуць цяжкія баі, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 13 ліпеня: асабовага складу — каля 236 040 (+510 за суткі) чалавек. 

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка паведаміў пра ўдар па казарме кадыраўцаў, размешчанай на тэрыторыі ММК імя Ільіча. Паводле папярэдняй інфармацыі крыніц, параненых вывозілі таемна ў бок Данецка, што можа сведчыць аб іх цяжкім стане. У «ДНР» заявілі, што ў Марыупалі нібыта спрацавала СПА.

У Бярдзянску пасля прамога трапляння па гатэлі «Дзюна» рускія акупанты на працягу ночы вывозілі грузавікамі целы расійскіх вайскоўцаў у мясцовы морг. Пра гэта распавёў спікер Генштаба Украіны Андрэй Кавалёў.Таксама ён паведаміў, што расіяне зрабілі больш жорсткім контрвыведвальныя мерапрыемствы ў Марыупалі: праводзяць масавыя рэйды па дамах і кватэрах мясцовых жыхароў, правяраюць асабістыя дакументы і мабільныя тэлефоны. 

Тры варыянты заканчэння вайны

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Зяленскага Падаляк мяркуе, што ёсць толькі тры варыянты заканчэння вайны: выйгрыш Украіны, яе пройгрыш або Мінск-3. У выпадку выйгрышу, з ягоных слоў, Украіна будзе дамінаваць у рэгіёне, мець выразныя партнёрскія стасункі, мадэрнізуе войска. Паралельна з гэтым будзе створана зона дэмілітарызацыі з РФ.

Другім варыянтам можа быць пройгрыш Украіны — і «тады Украіна будзе проста паступова паміраць» на працягу некалькіх гадоў, лічыць дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта.

«Ёсць трэці варыянт — пасярэдзіне: мы не прайгралі, але ёсць лінія размежавання — Мінск-3. Вы проста паміраеце вельмі павольна. Будуць падключаць вам апарат, які будзе падтрымліваць ваша жыццё», — дадаў Падаляк.

На яго думку, гэта будзе азначаць, што дзяржаўнасці ва Украіне ўжо не будзе існаваць: «Таму ўсё астатняе — гэта спроба знайсці нейкія альтэрнатыўныя элементы, якія дазволяць нешта падоўжыць. У нас з вамі варыянты вельмі простыя — выйграць або прайграць»

Навіны заходніх партнёраў Украіны

Брытанская выведка лічыць, што выкарыстанне расійскімі вайскоўцамі старой тэхнікі ў якасці тарана з выбухоўкай маглі ініцыяваць падраздзяленні з Чачні. У ліпені з'явіліся паведамленні аб тым, што расійскія вайскоўцы пакавалі некалькі тон выбухоўкі ў старыя бронемашыны і накіроўвалі іх на ўкраінскія пазіцыі. Экіпаж пакідаў машыну, задаўшы ёй курс.

Большасць такіх выпадкаў былі зафіксаваны ў сектары пад Мар'інкай і супалі па часе са з'яўленнем там чачэнскіх падраздзяленняў. Аналітыкі звярнулі ўвагу, што абсалютная большасць упакаваных выбухоўкай «таранаў» не даязджаюць да цэлі, паколькі выбухаюць на мінах або іх знішчаюць агнём. У той жа час яны ўтвараюць  надзвычай магутныя выбухі, якія могуць аказваць псіхалагічны эфект на ўкраінскіх абаронцаў, дадаюць у выведцы.

У Еўрасаюзе вывучаюць магчымасць накіраваць ва Украіну вайсковых інструктараў, «калі дазволяць абставіны». Пра гэта, у прыватнасці, піша «El País» са спасылкай на ўнутраны дакумент еўрапейскай дыпламатычнай службы. Гаворка ідзе пра тое, каб у будучыні, пасля заканчэння вайны, паступова перабазіраваць ва Украіну еўрапейскую місію па навучанні салдат УСУ, якая цяпер месціцца ў Польшчы і Германіі.

Прэм'ер Канады Джасцін Трудо абвясціў аб новым фінансаванні і праектах на суму 410 мільёнаў долараў для падтрымкі Украіны і ўмацавання трансатлантычнай бяспекі.  

Зяленскі: Роўныя сярод роўных

Уладзімір Зяленскі заявіў у вячэрнім відэазвароце, што за два дні саміту ў Вільні «мы прыбралі любыя сумневы і двухсэнсоўнасці адносна таго, ці будзе Украіна ў NATO»: «Будзе! Упершыню не толькі ўсе чальцы Альянсу з гэтым згодныя, але і адчувальная большасць у Альянсе энергічна набліжае гэта. Ніколі раней словы «вы роўныя сярод роўных» для Украіны ад іншых чальцоў NATO яшчэ не гучалі сапраўды змястоўна. Цяпер усе разумеюць: гэта факт — роўныя сярод роўных. І мы абавязкова зацвердзім гэты факт нашай перамогай і ўступленнем у NATO».

Глядзіце таксама

Таксама Зяленскі падкрэсліў, што вяртаецца дадому «з добрым вынікам для нашай дзяржавы, вельмі важна — для нашых воінаў. Добрае ўзмацненне зброяй. Гэта і СПА, і ракеты, і бронетэхніка, і артылерыя». Ён дадаў, што ўпершыню за час незалежнасці «мы сфарміравалі падмурак бяспекі для Украіны на шляху ў NATO — гэта канкрэтныя гарантыі бяспекі, якія пацвярджаюць топ-7 дэмакратый свету»

Рэакцыя РФ

Сяргей Лаўроў, кіраўнік МЗС РФ, назваў планы ЗША перадаць Кіеву F-16 «прыкладам вельмі небяспечнага развіцця падзей», які стварае рызыкі прамога ўзброенага сутыкнення з Расіяй. Таксама ён заявіў, што Масква будзе разглядаць з'яўленне ў Кіева знішчальнікаў F-16, здольных несці ядзерную зброю, як «пагрозу з боку Захаду ў ядзернай сферы». 

Глядзіце таксама

Расійскі генерал-маёр Іван Папоў з пазыўным «Спартак» заявіў, што яго звольнілі пасля даклада вышэйшаму кіраўніцтву аб праблемах арміі. Звяртаючыся да сваіх жаўнераў, якія ваююць у Запарожскай вобласці, ён заявіў, што «нас ударыў з тылу наш старшы начальнік, які здрадліва і подла абезгаловіў войска ў самы цяжкі і самы напружаны момант». Папоў скардзіўся, у прыватнасці, на адсутнасць контрбатарэйнай барацьбы, станцый артылерыйскай разведкі, масавую гібель і калецтва салдат ад украінскай артылерыі.

 Паводле korrespondent.netВВС