Скандал у расійскім войску: камандуючага 58-й арміяй РФ звольнілі за «дэзынфармацыю і панікёрства»

Камандуючы 58-й арміяй РФ распавёў, што яго адправілі ў адстаўку пасля даклада аб праблемах у войску.

img_20210626_114507_logo.jpg

Камандуючы 58-й арміяй Паўднёвай ваеннай акругі, генерал-маёр Іван Папоў запісаў зварот да вайскоўцаў, у якім распавёў, што яго адхілілі ад службы пасля даклада аб праблемах у расійскай арміі. 

Зварот генерала апублікаваў дэпутат расійскай Дзярждумы і экс-намеснік камандуючага Паўднёвай ваеннай акругай Андрэй Гурулёў.

«Шчыра вам кажу, узнікла складаная сітуацыя са старшым начальствам, калі трэба было альбо змаўчаць і змаладушнічаць і сказаць тое, што яны хацелі пачуць, альбо назваць рэчы сваімі імёнамі. Я ў імя вас і нашых загінулых баявых сяброў не меў права хлусіць, таму пазначыў усе праблемы, якія існуюць у войску, па баявой працы і забеспячэнні», — заявіў Папоў.

Па словах генерала, ён «жорстка» пазначыў усе праблемныя пытанні ў расійскай арміі. Завастрыў увагу на самай галоўнай трагедыі сучаснай вайны — адсутнасці контрбатарэйнай барацьбы, адсутнасці станцый артылерыйскай разведкі і масавай гібелі і калецтве братоў ад артылерыі праціўніка. 

«Таксама падняў яшчэ шэраг іншых праблем, выказаўся пра гэта на самым высокім узроўні, адкрыта, гранічна жорстка. У сувязі з гэтым, мабыць, старшыя начальнікі адчулі ўва мне небяспеку і імкліва, за адзін светлавы дзень, падрыхтавалі загад, міністр абароны падпісаў распараджэнне, і мяне пазбавіліся. Як сказалі сёння многія камандзіры палкоў дывізій, наша войска не змаглі прабіць з фронту вайскоўцы Узброеных сіл Украіны — нас ударыў з тылу наш старшы начальнік, здрадліва і подла абезгаловіўшы войска ў самы цяжкі і напружаны момант», — распавёў Папоў.

Раней пра адхіленне Папова паведаміў тэлеграм-канал «Grey Zone», звязаны з ПВК «Вагнер». Па яго даных, Папова адхілілі пасля таго, як выступіў з дакладам перад начальнікам Генштаба УС РФ Валерыем Герасімавым і, у прыватнасці, прапаноўваў правесці ратацыю расійскіх падраздзяленняў, якія знаходзяцца на першай лініі фронту. У адказ на даклад, як сцвярджае «Grey Zone», Герасімаў заявіў, што Іван Папоў «займаецца дэзынфармацыяй і панікёрствам».

Цяпер скандал і не думае спыняцца. Сакратар генсавета партыі «Адзіная Расія» Андрэй Турчак сёння, 13 ліпеня, абвінаваціў дэпутата Гурулёва (назваў яго дэпутатам у двукоссі), які апублікаваў паведамленне генерала аб сваёй адстаўцы, у стварэнні «палітычнага шоу».

«Тое, што «дэпутат» Гурулёў яго [зварот Папова] нейкім чынам атрымаў і зрабіў з гэтага палітычнае шоу, хай застаецца на яго сумленні. Як і іншыя яго заявы і каментары», — напісаў Турчак.

Турчак таксама заявіў, што зварот былога камандуючага 58-й арміяй Паўднёвай ваеннай акругі генерал-маёра Івана Папова быў непублічным і размешчаным у закрытых чатах камандзіраў і байцоў.

Ён дадаў, што сумленне Папова «чыстае», і «такімі камандзірамі Радзіма можа ганарыцца». «Армія была і застаецца па-за палітыкай», — адзначыў Турчак.

Нагадаем, 11 ліпеня анексаваны Бярдзянск у Запарожскай вобласці Украіны падвергнуўся некалькім абстрэлам. Расійскія крыніцы паведамілі, што пры абстрэле Бярдзянска дальнабойнымі ракетамі «Storm Shadow» загінуў генерал-лейтэнант Алег Цокаў, які камандаваў 144-й мотастралковай дывізіяй. Гібель Цокава пацвердзіў дэпутат Дзярждумы Андрэй Гурулёў.

Паводле t.me/agurulev, meduza.io, «Дождь»