Ціханоўская з Байдэнам, Лукашэнка з каровамі і «Славянскім базарам»

 11 і 12 ліпеня ў Вільні прайшоў саміт Паўночнаатлантычнага альянса. Падчас гэтай маштабнай падзеі, якая адбывалася літаральна ў 30 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю, з афіцыйнага Мінска на адрас «ворагаў» не сказалі нічога.

Фота: скрыншот відэа Пул Первага і тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай

Фота: скрыншот відэа Пул Первага і тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай

Прамаўчаў і галоўны барацьбіт з калектыўным Захадам Лукашэнка, які звыкла схаваўся ў бульбу і засяродзіўся на сваёй улюбёнай тэме — сельскай гаспадарцы. Гэта было б вельмі смешна, каб не было настолькі прадказальна.

Эксперты ўжо актыўна робяць высновы з саміта. Адна з галоўных, бадай, думак — пра тое, што перад Украінай выразна так і не акрэслілі шлях уступлення ў NATO. Пры гэтым у Кіеве з таго не робяць трагедыі, выдатна разумеючы, што пакуль ідзе вайна, упэўнена казаць пра тэрміны далучэння да альянса не выпадае. Затое ўкраінцы атрымалі гарантыі далейшай вайсковай дапамогі, а гэта ў кантэксце контрнаступа, які працягваецца, надзвычай важна.

Ну і тэрміны, уласна, справа вельмі тонкая, каб іх агалошваць. Што будзе азначаць, напрыклад, заява альянса, маўляў, Украіна стане членам арганізацыі праз год — у ліпені 2024-га, калі наступны саміт адбудзецца ў Вашынгтоне? Толькі тое, што Расія прыкладзе максімум намаганняў, выкарыстае ўсе рэзервы, выскачыць з портак — толькі б вайна не спынялася да самага дэдлайна, які трэба сарваць.

Даваць іншыя гарантыі — напрыклад, пра 2025 ці 2026 год — гэта фактычна надае працэсу статус геапалітычнага доўгабуда, што таксама не мае вялікага сэнсу.

То хай тады ўсё ідзе сваёй чаргой, мы будзем і надалей пастаўляць УСУ зброю і набліжаць перамогу, а па ўнутраных каналах у Кіеве атрымаюць інфармацыю аб еўраатлантычных перспектывах.


Фота reuters

Фота reuters

Закранулі на саміце і беларускую тэматыку. Як у кантэксце вайны, у якой рэжым Лукашэнкі працягвае дапамагаць Крамлю, так і ў ракурсе бязлітасных палітычных рэпрэсій. У выніковым камюніке ёсць згадкі і пра ядзерную зброю, і пра «прыватныя» ваенныя кампаніі на тэрыторыі Беларусі, і пра парушэнне правоў чалавека дыктатарскім рэжымам.

Так, гэта проста словы накшталт звычайнай «занепакоенасці», але магло не быць і слоў. А тут жа яшчэ і прадстаўнікі дэмакратычных сіл прысутнічалі на саміце, то ў сэнсе прасоўвання беларускай тэмы ў міжнародным парадку дня гэта добрая прыкмета.

Галоўнай жа «беларускай» падзеяй на саміце стала сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Сустрэча, выглядае, спарадычная, якая не факт, што планавалася загадзя, але і гэта таксама важна. Сімвалізм у вялікай палітыцы ўсё ж мае значэнне, і афіцыйным Мінску на гэты факт яўна звярнулі ўвагу.

Пасля размовы з кіраўніком Белага дома Ціханоўская зрабіла бадзёрую, хай і расплывістую заяву, маўляў, «беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША», але гэта не азначае, што сустрэча не будзе мець рэальнага плёну. Як уяўляецца, лідарка дэмакратычных сіл данесла да Байдэна неабходнасць увядзення новых санкцый супраць лукашэнкаўскага рэжыму, і калі што, то Вашынгтон іх можа ўвесці неўзабаве ў аднабаковым парадку.

Тады ўжо стане лягчэй патрабаваць адпаведных рашэнняў і ад Брусэля, тым больш еўрапейскія палітыкі (як той жа літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа) усё часцей кажуць, што Беларусь дэ-факта з’яўляецца расійскай губерніяй. То калі губернія — чаму б не ўніфікаваць санкцыі з расійскімі?


Фота прэс-служба NATO

Фота прэс-служба NATO

А што ж у гэты час Лукашэнка? Ды ўсё тое ж: калі за межамі Беларусі адбываецца нешта не надта камфортнае для рэжыма, яго кіраўнік заўсёды робіць выгляд, што не адбываецца ўвогуле нічога. Учора ён няспынна казаў, што ў выпадку любой пагрозы ўлупіць па ненавіснаму NATO ядзернай зброяй. А сёння, калі тое NATO прыехала на мяжу з Беларуссю і пашыраецца, і плануе нарошчваць вайсковыя кантынгенты ва Усходняй Еўропе, грозны беларускі мача маўчыць, нібыта вады ў рот набраўшы.

На гэтым тыдні Лукашэнка ў публічнай прасторы з’яўляецца мала. Асноўная падзея — наведванне ў аўторак Аршанскага раёна. Канкрэтна — малочна-таварнага комплекса «Паўлінка». Там яго турбавалі надоі, пагалоўе ялавых кароўя, падзёж жывёлы і іншая бздура, якая ў нармальнай дзяржаве вырашаецца на мясцовым узроўні. Але ж амаль 30 гадоў ужо Беларусь за цывілізаваным светам ніхто не вядзе.

Сельская гаспадарка — гэта тая самая цёплая ванна, куды Лукашэнка ледзь не заўсёды акунаецца ў цяжкай геапалітычнай абстаноўцы. У сераду ён, напрыклад, пазіраваў сваёй прэс-службе ў «эксперыментальных» палях Шклоўскага раёна. «Хімію тут нельга ўжываць, бо мы загубім канюшыну», — зрабіў заяву касмічнага маштаба, нібыта гэта не відавочна любому аграному з дыпломам сельгастэхнікума. «Паспяванне нядрэннае», — дадаў, камечачы рукамі ячмень. Такія вось працоўныя будні былога старшыні саўгаса пасярод пасеваў кармавога гароха, сланечніка і трыцікале.

Сёння, дарэчы, Лукашэнка яшчэ мусіць з’явіцца на публіцы, але ўжо ў культурным антуражы. Вечарам у Віцебску пройдзе цырымонія адкрыцця прарэжымнага «Славянскага базара», то без вітальнага выступу галоўнага «творцы» не абыдзецца.

Тэарэтычна з віцебскай трыбуны шклоўскі цыцэрон можа нешта заявіць пра апошнія актуальныя падзеі, але — толькі калі зловіць лейцу пад хвост і адыдзе ад тэксту прамовы на паперцы. У самім жа выступе, напісаным прыдворнымі спічрайтэрамі, пэўна будзе адна «вада» — пра ашалелы свет, бразганне зброі на межах і, канешне, кавалачак зямлі ў цэнтры Еўропы, асуджаны на пажыццёвую стабільнасць.з

Летась, калі ўжо ішла вайна, Лукашэнка падчас прамовы на «базары» шмат казаў пра Украіну. У спрэс «рускамірскай», вядома, рыторыцы — і ў асноўным пра разбуранае знешнімі сіламі «беларуска-расійска-украінскае братэрства», якое трэба абавязкова вярнуць у «славянскую сям’ю». Пустыя словы, пустыя рэчы. Магчыма, і зараз будзе тое ж самае, то не здзіўляйцеся.

Расійскія медыя тым часам анансуюць і нейкі зварот Уладзіміра Пуціна сёння ў Віцебску. Не, фізічна ў Беларусь ён не прыедзе. З паведамленняў пракрамлёўскіх журналістаў вынікае, што з Масквы перададуць зварот галоўнага «збіральніка рускіх зямель» усімі даступнымі сродкамі. Вось тут будзе цікава, ці прагучыць ад Пуціна нешта прыязнае на адрас яго «малодшага брата». Бо на фоне «прыгожынскага бунта» той зрабіў сабе шмат хлуслівага піяру за кошт маскоўскага саўдзельніка, якога прадставіў нерашучым баязліўцам. Кажуць, у Крамлі гэта ўспрынялі балюча і могуць паставіць на месца мінскага хаўрусніка, якога шмат гадоў кормяць і пояць, а ён час ад часу няўдзячна выкабеньваецца.

Магчыма, якраз праз ахаладжэнне адносін з Масквой, а не з-за саміта ў Вільні, Лукашэнка так маркоціўся на гэтым тыдні, схаваўшыся на сваёй малой радзіме. Але хто тое ведае — дыктатарскія рэжымы ўмеюць хаваць ад грамадства свае матывы, настроі і намеры. Асабліва — пратэрмінаваныя, пратухлыя дыктатарскія рэжымы, якія супрацьпаставілі сябе астатняму свету і таму асуджанныя на падзенне ў агляднай гістарычнай перспектыве.