«Мне проста цікава, ці разумее Швед усю абсурднасць гэтага?» Фрыдман пра суды над памерлымі
Працэсы над мёртвымі маюць відавочную прапагандысцкую падаплёку. Але пры гэтым пракурор Швед не забываецца і пра сваё ведамства, пра дадатковыя магчымасці, якія можа атрымаць дзякуючы «судам над мёртвымі».
Палата прадстаўнікоў у двух чытаннях прыняла законапраект аб крымінальным пераследзе памерлых. Яго падрыхтавала Генеральная пракуратура ў працяг знакамітага закона «Аб генацыдзе беларускага народа». Навошта рэжыму Лукашэнкі суды над мёртвымі? Разважае гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
— Давайце ўявім, што рэжым сур’ёзна пачне судзіць мёртвых. Што гэта азначае на справе? У Генпракуратуры з’яўляецца дадатковы персанал, пракурораў будуць накіроўваць у замежжа — працаваць ці, прынамсі, спрабаваць працаваць у заходніх архівах. І перш за ўсё — у нямецкіх: у федэральным архіве Германіі, у яго філіяле ў Людвігсбургу — велізарная колькасць дакументаў, датычных да нямецкіх і іншых злачынцаў. Гэты дадатковы праект можа падвысіць ролю пракуратуры, на яго яна атрымае дадатковыя сродкі з бюджэту. Іншая справа, канешне, хто з ёй будзе супрацоўнічаць і што яна атрымае…
А галоўнае тут — прапаганда. Гэта сродак актуалізацыі перманентнай тэмы Другой сусветнай вайны, іхняга праекта «генацыду беларускага народа». З дапамогай такіх гучных працэсаў тэму можна пастаянна трымаць на плаву.
Зразумела, што працаваць пракуроры будуць селектыўна, то-бок тыя працэсы над памерлымі будуць тычыцца фігур беларускага нацыянальнага руху, якія супрацоўнічалі з немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Мэта — і дыскрэдытацыя гэтых фігур, і спроба ўшчаміць сённяшні беларускі рух. Я цалкам магу ўявіць, што яны могуць арганізаваць кшталту працэсу над Францішкам Кушалем і Наталляй Арсенневай, аўтаркай гімна «Магутны Божа», які дагэтуль мае вялікае значэнне ў нацыянальных колах.
З другога боку, пад прыцэл беларускіх пракурораў трапяць выхадцы з Украіны, Польшчы, краін Балтыі, якія ўдзельнічалі ў забойствах. Такія працэсы можна выкарыстоўваць для актуалізацыі тэмы так званага нацызму або фашызму, як яны любяць падкрэсліваць, у краінах-суседзях Беларусі.
Так што ўсе гэтыя працэсы над мёртвымі маюць відавочную прапагандысцкую падаплёку. Але пры гэтым пракурор Швед не забываецца і пра сваё ведамства, пра дадатковыя магчымасці, якія можа атрымаць дзякуючы «судам над мёртвымі».
Паміж іншым, я б падкрэсліў, што ідэя не арыгінальная. У Расіі ўжо пэўны час адбываюцца судовыя працэсы. Але там іншы фокус, больш рацыянальны: расіяне расследуюць злачынствы, якія адбываліся на тэрыторыі РФ. Іх мэта — зрабіць гэтыя расследаванні часткай агульнай канцэпцыі «генацыду савецкага народа». Насамрэч «генацыд беларускага народа» — гэта адаптацыя расійскай канцэпцыі. Але ў Расіі яшчэ не дадумаліся да таго, каб судзіць памерлых нацыстаў, і не думаю, што да гэтага дойдуць. Так што суды над памерлымі — гэта творчая распрацоўка пракурора Шведа.
— У жніўні 2021 года пракуратура ацаніла маёмасную шкоду, нанесеную нацыстамі БССР падчас Вялікай Айчыннай вайны, не менш чым у 500 мільярдаў долараў (з улікам інфляцыі). Ці можа афіцыйны Мінск выпісаць рахунак Германіі?
— Выставіць можна што заўгодна, але на гэта ніхто не зверне ўвагі. Паміж Германіяй і Польшчай вядзецца дыскусія (а гэта ўсё-такі важныя партнёры па Еўразвязе), дык Германія дала жорсткі адказ: ніякіх рэпарацый больш не будзе. Тым не менш гэтае пытанне выкарыстоўваецца ў Польшчы з палітычнымі мэтамі, але, думаю, нават у Польшчы не вераць, што можна нешта атрымаць. Магчыма, нешта сімвалічнае будзе з нямецкага боку, і не думаю, што грашовае. Гэтае пытанне закрытае.
Таму хай у Мінску патрабуюць што заўгодна, Лукашэнка можа нават Баварыю запатрабаваць у якасці кампенсацыі. Ён увогуле не ўспрымаецца сур’ёзна. Яго заявы пра ядзерную зброю, з дапамогай якой можна адразу знішчыць адзін мільён чалавек, у прэсе абмяркоўваюць эксперты, але афіцыйнай рэакцыі няма — ніхто не лічыць патрэбным нават рэагаваць на падобную балбатню. І калі Лукашэнка запатрабуе грошы, ніхто на гэта нават не зверне ўвагі.
— Суды над памерлымі, справа пра генацыд беларускага народа… Абсурд сядзіць на абсурдзе і абсурдам паганяе — менавіта так уся гісторыя выглядае збоку.
— Усё зводзіцца не толькі да «генацыду беларускага народа». Па прынятым законе можна абвінавачваць каго заўгодна і ў чым заўгодна: можна Сталіна асудзіць за злачынствы, а ў будучыні — нават Лукашэнку са Шведам. Па такіх артыкулах можна асудзіць велізарную колькасць памерлых. Возьмем артыкул пра экацыд: можна Мікалая Слюнькова, які на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ фактычна нічога не зрабіў, каб мінімізаваць наступствы ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, яго ўжо можна судзіць — ён памёр. Можна нават правесці судовы працэс над Адольфам Гітлерам або Генрыхам Гімлерам, якіх ніхто не судзіў і дагэтуль ніхто не прыдумаў, што можна судзіць памерлых нацыстаў.
Я многа вывучаў судовых актаў па справах нацыстаў: са смерцю абвінавачанага судовая справа спынялася — які сэнс? Гэта абавязак гісторыкаў — вывучаць, хто вінаваты? Але ў Беларусі гэтым жадаюць займацца пракуроры. А калі яны жадаюць паводзіць сябе лагічна, то трэба і дзейнічаць паслядоўна: навошта шукаць шараговых выканаўцаў, трэба адразу заняцца галоўнымі віноўнікамі. Калі браць перыяд вайны, то найперш трэба асудзіць Гітлера, трэба асудзіць Гімлера, трэба асудзіць міністра акупаваных заходніх тэрыторый Альфрэда Розенберга, галоўнага ідэолага нацысцкай партыі (яго ўжо асудзілі ў Нюрнбергу і павесілі, але можна ж паўтарыць), і безумоўна Вільгельма Кубэ — кіраўніка цывільнай нямецкай адміністрацыі на занятай тэрыторыі Беларусі. Калі сур’ёзна заняцца судамі над памерлымі, то ўсю беларускую сістэму можна перавесці на гэтыя працэсы.
— А як жа: да кожнага прыстаўляецца адмысловы адвакат, ад якога мёртвы не адмовіцца.
— Дарэчы, гэта быў бы даволі цікавы піяр-крок, пра які напісала б сусветная прэса. Уявіце: пачынаецца суд над Гітлерам, яму прызначаюць адваката. Гучыць абсалютна абсурдна! Мне проста цікава: ці разумее Швед усю абсурднасць гэтай прапановы? Прызнаюся, апошнімі днямі я многа каментаваў гэтую тэму, абмяркоўваў гэты кейс са сваімі заходнімі калегамі, якім я спрабаваў патлумачыць усю гісторыю. А яны ўспрымалі гэта як анекдот. Тыя людзі, якія не ў тэме, пытаюцца: які сэнс у судах над памерлымі? А які сэнс ёсць у лукашэнкаўшчыне? Рацыянальнага тлумачэння гэтаму няма, але ў пракурора Шведа свая логіка.