Беларусь можа стаць галоўнай пацярпелай, калі РФ рэалізуе сцэнар малой ядзернай эскалацыі

Лукашэнка са сваімі радыкальнымі заявамі нагадвае Фідэля Кастра 1962 года, які марыў атрымаць ад СССР ядзерную зброю і вельмі быў засмучаны, што ў Крамлі ніхто і блізка не збіраўся нешта даваць пад кантроль.

mdjrn3_1.png

Рэзкая ядзерная рыторыка Аляксандра Лукашэнкі звязаная з тым, што ён гаворыць на вельмі слізкія тэмы, якія Масква не можа сабе дазволіць. Пра гэта заявіў у каментары «Позірку» палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман.

«Гэтая місія ўскладзеная на яго, бо вышэйшае расійскае кіраўніцтва спрабуе паказаць, што вядзе адказную палітыку ў сферы міжнароднай бяспекі, — адзначыў эксперт. — Таму Крамлю публічна разважаць пра ўжыванне ядзернай зброі, пра магчымую колькасць ахвяр асабліва не выпадае».

Па словах Фрыдмана, у Масквы такімі рэчамі займаецца, да прыкладу, намеснік кіраўніка Савета Бяспекі, былы прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў, але для ўзроўню Уладзіміра Пуціна гэта было б пераборам, тым больш што Расія ведае вельмі дрэннае стаўленне Кітая да любых падобных дыскусій.

«Новая роля Лукашэнку падабаецца, — мяркуе Фрыдман. — Ён правакуе з задавальненнем, прыцягваючы да сябе ўвагу. Ёсць пэўная стратэгія. Яна звязана з тым, што роля Лукашэнкі — павышаць градус небяспекі. Яго задача — выклікаць, што вось зараз у яго ёсць ядзерная зброя, што вось вы там, на Захадзе, глядзіце, беражыцеся».

Сітуацыя з боку выглядае такім чынам, што ядзерную зброю атрымаў чалавек, гатовы яе ўжыць, пра што і кажа адкрыта: маўляў, рука не здрыганецца і г. д., адзначыў суразмоўца.

«Мне здаецца, Лукашэнка спадзяецца, што ні за што адказваць не давядзецца, бо гэта расійская ядзерная зброя. Але яму прыемна казаць, што ў руках ёсць ядзерная дубінка, што ён кіраўнік ядзернай краіны», — лічыць Фрыдман.

На яго думку, акрамя прапагандысцкай няма ніякай стратэгічнай неабходнасці для размяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, бо ўсё, што Расія хацела, яна ўжо, па ўсёй бачнасці, размясціла на тэрыторыі Калінінградскай вобласці. Таму, працягнуў эксперт, ні для Захаду, ні для Расіі нічога прынцыпова не мяняецца.

Што тычыцца Лукашэнкі, то, нягледзячы на гучныя заявы, «ні на што ён націснуць не зможа ў прынцыпе, бо не мае такога доступу».


«Гэта галоўным чынам прапагандысцкі праект Крамля, каб пасеяць страх на Захадзе, паспрабаваць паўплываць на стан заходняй грамадскасці. Можа быць, нават выклікаць нейкі дадатковы рух актывістаў за мір, якія будуць выходзіць на вуліцы і патрабаваць спынення вайсковай падтрымкі Украіны», — мяркуе Фрыдман.

Аналітык «не ўпэўнены на 100%, што ядзерная зброя наогул будзе завезеная ў Беларусь»: «Яны абвесцяць, што гэта адбылося, але не больш — усе задачы, звязаныя з ядзернай зброяй, можна развязаць і без прыцягнення Беларусі».

Справядліва, паводле яго слоў, меркаванне палітыкаў і экспертаў, што Лукашэнка ставіць Беларусь пад пагрозу: «Менавіта яна ў выпадку ядзернай вайны адразу ж трапляе пад прыцэл, а пры рэалізацыі сцэнара малой эскалацыі Беларусь можа стаць галоўнай пацярпелай. Пад сцэнарам малой эскалацыі маю на ўвазе нейкі ўдар ядзернай зброяй з беларускай тэрыторыі. У гэтым выпадку найбольш верагодным адказам, калі Захад палічыць патрэбным адказваць ядзернай зброяй, будзе ўдар менавіта па Беларусі».

Акрамя таго, заявіў эксперт, для Захаду яна можа стаць прамежкавым звяном, каб не пачынаць адразу супрацьстаянне з Расіяй.

Паводле яго слоў, ЗША на сітуацыю з размяшчэннем глядзяць прасцей, таму што Лукашэнка не крычыць, што збіраецца ваяваць з Амерыкай ці біць па амерыканскіх цэлях у Еўропе. Калі Масква і Мінск сапраўды вырашаць прымяніць ядзерную зброю, то зробяць усё, каб пазбегнуць прамога амерыканскага адказу, упэўнены суразмоўца.

«Плюс у амерыканцаў ёсць гістарычны вопыт паводзін у сітуацыях з такімі, як Лукашэнка, — адзначыў Фрыдман. — Сваімі радыкальнымі заявамі ён нагадвае Фідэля Кастра 1962 года, які марыў атрымаць ад Савецкага Саюза ядзерную зброю і вельмі быў засмучаны, што ніхто яму ў Савецкім Саюзе і блізка не збіраўся нешта даваць. Амерыканцы яшчэ тады зразумелі, што, вядома, вельмі дзіўныя людзі сядзяць у Крамлі, але не дойдуць да таго, каб аддаць ядзерную дубінку такому фанатыку, як Кастра. Тое ж самае і з Лукашэнкам».

Масква не каментуе яго рэзкія выказванні, таму што ён «не заслугоўвае ўвагі»: «Лукашэнка робіць імпульсіўныя, дзіўныя, безадказныя, экстравагантныя выказванні, але пры гэтым не валодае рэальнымі рычагамі прыняцця рашэнняў».


«Ды і ў Еўропе рэакцыя даволі спакойная. Непрыемна гэта толькі палякам і літоўцам. Яны будуць патрабаваць ад амерыканцаў размяшчэння ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі. Такі варыянт цалкам магчымы, таму што Расія дае падставу: Лукашэнку пагражае суседзям, мы размяшчаем ядзерную зброю ў Польшчы».

Дадатковым козырам, лічыць Фрыдман, стане рыторыка Лукашэнкі, які «будзе са скуры лезці ў бліжэйшы час, каб біць з усёй сілы ў гэты ядзерны бубен, яго выказванні будуць яшчэ больш жорсткімі і яшчэ больш дзіўнымі».

На думку эксперта, Масква дала мінскаму рэжыму карт-бланш на выкарыстанне гэтай тэмы.

«Да саміту NATO ў Вільні Лукашэнка будзе асноўным ньюсмейкерам па гэтай тэме. Для яго гэта проста падарунак, таму што яго амбіцыі ляжаць далёка за межамі Беларусі», — заявіў эксперт.