Супраць размяшчэння ў краіне ядзернай зброі нават ябацькі — вынікі апытання

Рашэнне ўладаў РБ размясціць на тэрыторыі краіны расійскую тактычную ядзерную зброю ідзе «насуперак беларускай грамадскай думцы».

nuclear_winter.png

 

У беларускім грамадстве акрамя антываеннага назіраецца і антыядзерны кансенсус, піша «Нямецкая хваля». Так, нават сярод заўзятых прыхільнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «менш за палову гатовыя сказаць, што вітаюць размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі»; у групе «схільных давяраць» уладам такі адказ далі толькі каля траціны апытаных. Пра гэта паведамляюць аўтары новага выпуску даследавання «Беларускі трэкер пераменаў».

Анлайн-прэзентацыя дакладу, які ахоплівае падзеі сакавіка-траўня 2023 года, адбылася ў чацвер, 15 чэрвеня. Дакумент традыцыйна дапоўнены апытаннем грамадскай думкі, праведзеным з дапамогай анлайн-панэлі. Да канца яго прайшлі 978 чалавек. Апытанне не з'яўляецца рэпрэзентатыўным.

Аўтары папярэджваюць, што размеркаванні адказаў у выбарцы могуць значна адрознівацца ад размеркаванняў адказаў сярод беларускіх гараджан. Выбарка, па іх словах, можа мець «цэлы шэраг зрухаў», на яе ўплываюць «эфект самаадбору», склад рэспандэнтаў, «адрозны ад генеральнай сукупнасці (усіх беларускіх гараджан)», фактар страху і гэтак далей. У той жа час, з іх слоў, даследаванне дазваляе «фіксаваць змены грамадскай думкі ўнутры розных сегментаў беларускага грамадства».

 

Антыядзерны кансенсус

Аўтары дакладу мяркуюць, што рашэнне ўладаў РБ размясціць на тэрыторыі краіны расійскую нестратэгічную (тактычную) ядзерную зброю (ТЯЗ) ідзе «насуперак з беларускай грамадскай думкай». Яны таксама звяртаюць увагу на тое, што «пазітыўная ацэнка размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі» сярод заўзятых прыхільнікаў і схільных давяраць уладам нават «прыкметна меншая, чым пасіўная падтрымка Расіі ў вайне».

Толькі менш за палову з прадстаўнікоў гэтай групы насельніцтва «гатовыя сказаць, што не лічаць расійскую ядзерную зброю пагрозай для Беларусі».

Што тычыцца катэгорыі заўзятых праціўнікаў уладаў, то яны дэманструюць большы кансэнсус у тым, што «ядзерная зброя — гэта пагроза». Аўтары «беларускага трэкера пераменаў» таксама прыводзяць вынікі даследавання Chatham House, якія пацвярджаюць, што «пераважная большасць беларусаў выступае супраць размяшчэння ядзернай зброі» на тэрыторыі краіны.

 

Давер да інстытутаў улады больш не расце

Антыядзерны кансэнсус у беларускім грамадстве назіраецца «нават ва ўмовах пераследу за адрозныя ад трансляваных дзяржавай палітычныя погляды» і пры тым, што «размяшчэнне ядзернай зброі — важная частка наратыву беларускай улады». Сацыёлаг Філіп Біканаў не выключае, што, магчыма, у будучыні заўзятыя прыхільнікі ўладаў будуць мяняць сваю пазіцыю ў бок той, што больш карэлюецца з афіцыйнай.

Таксама аўтары дакладу звяртаюць увагу на тое, што нягледзячы на «невялікі рост падтрымкі (магчымага. — Рэд.) уводу беларускіх войскаў у вайну на баку Расіі», «без зменаў застаўся і антываенны кансэнсус». «Змены адносна падтрымкі вайны нязначныя. Антываенны кансенсус існуе, на яго амаль нічога не ўплывае», — мяркуе Біканаў.

Акрамя таго, аўтары даследавання высветлілі, што рост «даверу да рэжымных інстытутаў», які назіраўся падчас папярэдніх апытаннях, прыпыніўся. У той жа час яны канстатуюць, што ў беларускім грамадстве замацаваўся раскол паміж крайнімі «часткамі грамадскага канфлікту» — заўзятымі прыхільнікамі і праціўнікамі ўладаў.

 

Трэнды ў знешняй палітыцы РБ

Аўтары «беларускага трэкера пераменаў» таксама прааналізавалі ўплыў размяшчэння расейскай тактычнай ядзернай зброі ў РБ з пункту гледжання замежнай палітыкі. «Для Беларусі гэта, безумоўна, будзе мець вельмі негатыўныя наступствы ў будучыні», — сцвярджае асацыіраваны аналітык Еўрапейскай рады ў міжнародных стасунках Павел Слюнькін. Ён перакананы: нягледзячы на тое, што Беларусь і Расія цяпер публічна аспрэчваюць, хто будзе мець кантроль над тактычнай ядзернай зброяй, размешчанай на тэрыторыі РБ, такі кантроль будзе знаходзіцца ў руках Масквы. Гэта, на думку эксперта, ставіць пад пагрозу беларускую тэрыторыю.

Таксама сярод знешнепалітычных трэндаў вясны — увядзенне новых абмежаванняў на межах РБ. Упершыню яны з'явіліся і з Расіяй. «Пасля таго, як былі вылазкі ўзброеных груп з Украіны на тэрыторыю Белгародскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка ўвёў памежны кантроль (з РФ. — Рэд.). Гэта, па сутнасці, замыкае кальцо, якое і так узводзілася вакол Беларусі», — мяркуе Слюнькін.

Сярод трэндаў ён таксама вылучыў тое, што «шэраг міжнародных арганізацый спрабуюць фармалізаваць адказнасць беларускіх уладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі за злачынствы на тэрыторыі Украіны». У той жа час, паводле ацэнкі Слюнькіна, у Еўрасаюзе павялічыўся пул краін, якія «тармозяць або блакуюць прыняцце больш жорсткіх санкцыйных рашэнняў у дачыненні да Беларусі». «Да лабістаў і прыхільнікаў такога рашэння адносяць Партугалію, Францыю, Нідэрланды, Бельгію і Іспанію, —сказана ў дакладзе. — У адсутнасць кансенсусу сярод еўрапейскіх краін функцыю санкцыйнага ціску на беларускія ўлады выконваюць ЗША, Канада, Польшча і Украіна».

 

Што адбываецца ў эканоміцы РБ?

Паводле акадэмічнага дырэктара BEROC Льва Львоўскага, Мінск таксама навучыўся «нівеляванню негатыўных эфектаў санкцый», у тым ліку за кошт выкарыстання расійскіх лагістычных каналаў для вывазу беларускіх тавараў на нееўрапейскія рынкі.

Новыя санкцыі супраць Беларусі не ўводзіліся цэлы год. «Імаверна, адна з прычын-адсутнасць паміж еўрапейскімі краінамі згоды ў пытанні санкцый у дачыненні да беларускага калію», — адзначаецца ў «Беларускім трэкеры пераменаў». І прызнаецца, што ў эканоміцы «працягнуўся і ўмацаваўся трэнд на аднаўленне». «У красавіку рэальныя заробкі беларусаў працягнулі расці на 9,6% вышэй, чым годам раней. Перавысілі ўзровень 2021 года і пачалі даваць надзеі на рост рознічнага гандлю», — кажа Львоўскі.

 

Мілітарызацыя і рэпрэсіі ў Беларусі

У той жа час у РБ, на думку аўтараў «Беларускага трэкера пераменаў», узмацняецца трэнд на мілітарызацыю. «Адбываецца распаўзанне мілітарнага дыскурсу па розных сферах жыцця», — паведаміў заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман. І паказаў на новы напрамак — «сек'юрытызацыю ўнутранай палітыкі». Сярод іншага, па словах Шрайбмана, «узрасла піяр-актыўнасць КДБ па раскрыцці, прадухіленні і зрыву, хутчэй за ўсё, віртуальных тэрактаў». «Штомесяц КДБ цяпер здымае які-небудзь фільм, рапартуе, што прадухілілі які-небудзь тэракт», — удакладніў аналітык.

«Рэпрэсіі не сціхаюць, можна казаць пра тое, што фармат дзейнасці ўладаў у гэтым кірунку ўсё больш і больш становіцца падобным на дзеянні акупацыйнай адміністрацыі», —заявіў, у сваю чаргу, праграмны дырэктар «Беларускай Акадэміі» і старэйшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў.

І таксама звярнуў увагу на ўзмацненне жорсткасці ўмоў у месцах утрымання палітвязняў. Так, з ягоных слоў, можна назіраць «рэжым інфармацыйнай ізаляцыі для палітвязняў» і «праблематызацыю медыцынскай дапамогі ў месцах зняволення».

Пераклад «НЧ»