Балбатун — знаходка для шпіёна. А Лукашэнка той яшчэ балбатун
Улады ўвесь час спрабуюць нас пераканаць, што ў СССР было добра. Але пры гэтым самі забываюць прапісныя савецкія ісціны. Напрыклад, такія, што балбатун — знаходка для шпіёна, і лепш іншым разам прамаўчаць.
Між іншым, тыя, хто адышоў ад савецкіх традыцый і ўкладаў, гэтую ісціну запомнілі, нават калі ўсё навідавоку. Напрыклад, Украіна нічога не кажа пра контрнаступ, каб не даваць лішніх козыраў расійскай выведцы. А наш дэвіз — «прыехаў, пабалбатаў, падставіў». Галоўнае — зрабіць добрую карцінку, гучныя заявы і засвяціцца ў тэлевізары. А там хай іншыя выкручваюцца. Менавіта такім чынам можна ахарактарызаваць візіт Лукашэнкі на «прадпрыемства ВПК Мінскага раёна».
Прага да стэндапаў у свеце інфармацыйных тэхналогій сыграла з беларускім кіраўніком злы жарт. Пакуль ён у чарговы раз расказваў, дзе будзе размяшчаць і як будзе кіраваць ядзернай зброяй, маніторынгавая група, якая адсочвае ваенную актыўнасць у Беларусі, старанна аналізавала фон, на якім ён выступае, тое, што знаходзіцца навокал стэндапера, цудоўную беларускую прыроду. І дазналася-такі, што Лукашэнка быў на адной з вытворчасцей ТАА «БСВТ-новыя тэхналогіі», якая знаходзіцца ў вёсцы Леніна Дзяржынскага раёна.
Паводле інфармацыі экспертаў, у 10:05 верталёт Лукашэнкі прызямліўся на паркоўцы каля Цэнтра экалагічнага турызму «Станькава» за два кіламетры ад БСВТ, якое размешчана на тэрыторыі Рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Завод дакладнай электрамеханікі». На тэрыторыю прадпрыемства ён, верагодна, даехаў на аўтамабілі.
Пасля афіцыйныя крыніцы пацвердзілі, што Лукашэнка не менш афіцыйна наведваў той самы «Завод дакладнай электрамеханікі» ў вёсцы Станькава, які таксама афіцыйна зарэгістраваны ў Дзяржынскім раёне ў вёсцы Станькава, па вуліцы Вайсковая, 24/1. А пад «дакладнай электрамеханікай» маецца на ўвазе ручная вытворчасць рэактыўных снарадаў.
Чаму гэта важна? Ды таму, што ў жаданні пакрасавацца перад камерамі Аляксандр Лукашэнка даў Украіне амаль дакладныя каардынаты для ўдару па Беларусі. Гледзячы на фотаздымкі, апублікаваныя дзяржаўным жа агенцтвам «БелТА», бачым, што ракеты, якія выраблены ў Станькава, вельмі падобныя на тыя, што рэгулярна прылятаюць ва Украіну ў час абстрэлаў. Калібр 122 мм мае РСЗА «Град».
Дый сам Лукашэнка не пасаромеўся сказаць, што ён зарабляе на вайне і прадае зброю расійцам.
Дарэчы, не адзін і не два разы такая прага пакрасавацца ды поўнае грэбаванне правіламі паводзін у дачыненні да сакрэтных аб’ектаў прыводзіла да рассакрэчвання таго, што павінна было б быць сакрэтным яшчэ доўга. Памятаеце, як міністр абароны Хрэнін не стрымаўся і персанальна паехаў прымаць пастаноўку на баявое дзяжурства суперсучаснага расійскага ЗРК С-400 «Трыумф», перададзенага Беларусі?
Ну а дазнацца, што міністр абароны наведаў Смалявіцкі раён і што там знаходзіцца 6-ты зенітны ракетны дывізіён 15-й зенітнай ракетнай брыгады — справа тэхнікі. Як і высветліць, што дывізіён размяшчаецца ў ваколіцах вёскі Дуброва Смалявіцкага раёна.
А далей — простая логіка. Чаму звышсучасны супрацьпаветраны комплекс размясцілі не на мяжы з падступным NATO, не ў ваколіцах БелАЭС і нават не на мяжы з Украінай, а за 40 кіламетраў ад Мінска? Што ён можа там ахоўваць? Выснова простая — недзе там будзе ляжаць расійская ядзерная зброя. Тады яго размяшчэнне там лагічнае.
У панядзелак першая частка справаздачы аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі была перададзена ў гаагскі Міжнародны крымінальны суд генпракурору Хану. Нагадаем, што менавіта за перамяшчэнне дзяцей з Украіны ў Расію Уладзімір Пуцін атрымаў ад гэтага суда ордэр на арышт як ваенны злачынца. Але гэта не насцярожыла беларускіх чыноўнікаў. Больш за тое, яны заявілі на вышэйшым узроўні, што будуць працягваць падобную практыку, якую ва ўсім свеце лічаць гвалтоўнай дэпартацыяй непаўналетніх. І яшчэ больш — далучылі да гэтай практыкі новыя арганізацыі.
Мажліва, нашы чыноўнікі думаюць, што міжнародныя структуры вельмі непаваротлівыя як у расследаванні, так і ў прыцягненні да адказнасці. Але вось неспадзяванка: пачатак дасудовага расследавання ў дачыненні да беларускіх улад па справе аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей санкцыянавала генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскене. Яно расследуецца па артыкулах за дэпартацыю і перасяленне грамадзянскіх асоб і разлучэнне дзяцей КК Літвы.
Рашэнне прынята на падставе запыту міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландбергіса, які тычыцца праверкі інфармацыі, прадстаўленай Святланай Ціханоўскай, аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і ролі беларускіх улад у гэтых дзеяннях.
«У прыкладзеных дакументах указваецца, што пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны больш за 2000 украінскіх дзяцей, у асноўным сірот, былі незаконна пераведзены з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў лагеры на тэрыторыі Беларусі. Кажуць, што гэта, магчыма, робіцца па ўказцы або з адабрэння беларускага рэжыму», — гаворыцца ў прэс-рэлізе літоўскай пракуратуры.
А таму што не трэба было пыхліва хваліцца гэтай дзейнасцю. Цяпер Літва расследуе гэтую справу, і калі знойдзе вінаватых — асоб альбо арганізацыі, датычныя да дэпартацыі дзяцей, — то як мінімум не бываць ім больш у Літве. Не наведаць «Ашан» ды «Акропаліс» і не скарыстацца аэрапортам «Мінск-3», як жартаўліва называюць аэрапорт Вільні.
Гэта навіна павінна быць асабліва карыснай чальцам палітычнай партыі «Белая Русь». Самы час выйсці з яе, бо яна таксама дэкларавала «дапамогу ў аздараўленні» дзяцей з Украіны. А ўжо як іх тут «аздараўліваюць» — на гэта пытанне адкажа і міжнародная, і літоўская, і не выключана што якая-небудзь яшчэ пракуратура.