Хлус, хлус. Лукашэнка так зацята брэша, што яго ўжо не ўспрымаюць ва Украіне
Калі б існавалі першынствы свету па хлусні, чэмпіёнам свету з адрывам у індывідуальнай катэгорыі стаў бы Аляксандр Лукашэнка. У гэтай дысцыпліне ён даўно ўжо трымае высокі ўзровень, а стабільнасць, як вядома, прыкмета класу. На гэтым тыдні, даючы інтэрв’ю расійскай прапагандыстцы Скабеевай, мінскі фантазёр увогуле замахнуўся на Кнігу рэкордаў Гінеса.
Так натхнёна, як гэтым разам, Лукашэнка не ілгаў даўно. Можа, з пачатку вайны, калі прыехаў да Пуціна з міфічнай картай, каб распавесці пра «чатыры пазіцыі». Але тое быў эпізод, адна рэпліка, хай нават з яе смяялася ўся Еўропа.
У стэндапе ж са Скабеевай трызненне ўзроўні тых жа «чатырох пазіцый» ішло рэфрэнам. Пытанне прапагандысткі — у адказ шматслоўнае «а я вам пакажу, адкуль»… Яшчэ пытанне — у адказ пра «прэвентыўны ўдар». І гэтак далей, і да таго падобнае.
Фіксуем тэзы з выступу беларускага Мюнхгаўзена.
Першае. За тыдзень контрнаступу Украіна Украіна страціла 40 тысяч байцоў забітымі, яшчэ 100 тысяч былі параненыя, і на фронт ужо не вернуцца. Адкуль гэтыя лічбы намаляваліся, Лукашэнка не ўдакладніў. Але і без таго зразумела, што ён іх проста прыдумаў, магчыма, наўпрост на хаду. Бо тое ж расійскае Мінабароны — яшчэ тая фабрыка хлусні — наварыла сваім гаршчочкам падчас контрнаступу нейкія вартыя жалю 7,5 тысяч ахвяр з украінскага боку. Насамрэч, як было неаднойчы адзначана, крамлёўскую статыстыку трэба ўпэўнена дзяліць на дзесяць, і тады нешта набліжанае да рэальнасці можа атрымацца.
Другое. Паводле Лукашэнкі, у Беларусі зараз пражываюць 13 мільёнаў чалавек. 10 млн беларусаў і яшчэ тры — расійцаў. Тут ужо хлусню свайго непасрэднага начальніка абвяргае афіцыйная статыстыка рэжыму, якая дае 9,2 млн жыхароў на 1 студзеня бягучага году. Насамрэч, вядома, і гэтыя даныя нерэлевантныя, бо не ўлічваюць процьму эмігрантаў, якія пакінулі ў Беларусі жыллё, прапіску і рэгістрацыю ў сацстраху, а, значыць, фармальна застаюцца на радзіме.
Але ж нават 9,2 млн і 13 млн — адчуйце розніцу. І пафантазіруйце, адкуль Лукашэнка налічыў у Беларусі тры мільёны расійцаў. То-бок неяк паступова насельніцтва краіны павялічылася на траціну — ці адбылося б гэта незаўважаным на нізавым побытавым узроўні? Вядома, не. Вы заўважылі вялікі наплыў усходніх суседзяў? Таксама не. Значыць зноў жа — наплыў у некага ў галаве.
Трэцяе. Тут лепш працытаваць:
Тут можна было б пакінуць без каментарыяў, каб падчас адказаў на іншыя пытанні Лукашэнка не абверг сам сябе. І не прызнаўся, што ніякай ядзернай зброі ў Беларусі яшчэ няма, а яна ў лепшым выпадку з’явіцца праз «некалькі дзён». Адпаведна суцэльнай бздурой патыхае і ад заявы, што сховішчаў для такой зброі «ў нас як сабак у вёсцы».
Чацвёртае. Словы пра «парафіраваны дэлегацыямі» дакумент, які Лукашэнку нібыта перадаў Пуцін. А там — згадка пра «арэнду Крыма». Хто каму збіраўся перадаць анексаваны паўвостраў у арэнду, невядома, але гэтую лухту прыйшлося дэзавуяваць пуцінскаму прэс-сакратару Пяскову. Той суха адзначыў: «Не, гэта не так. Крым — гэта расійскі рэгіён, ён не можа быць нікім арандаваны».
І шмат чаго яшчэ фантастычнага прагучала ў тым балаганчыку.
Сын Коля, аказваецца, вучыцца ўжо не на біяфаку БДУ, а ў Кітаі, у дадатак ён адыграў важную ролю ў арганізацыі перамоваў паміж Украінай і Расіяй.
Самі перамовы — яны, во дзіва, праходзілі ў Львове, але пра ўсё даведаліся амерыканцы і ўсё сарвалі. «Мы паехалі праз іх мяжу, міністр замежных спраў паехаў туды», — так і ўяўляецца, як лукашэнкаўскі картэж стаіць каля шлагбаўму.
Пра фальсіфікацыю выбараў у ЗША, у параўнанні з якімі «наша дыктатура — святая», ужо і казаць не даводзіцца, тым больш як раз тут нічога арыгінальнага не прагучала. У карціне свету Лукашэнкі на Захадзе ніякай дэмакратыі няма, а найбольш чэсна галасы выбаршчыкаў лічаць у Цэнтрвыбаркаме Ярмошынай.
Калі Лукашэнка хлусіць, часам складваецца ўражанне, што гэта нешта паталагічнае. Ну, не можа ён інакш, як герой Джыма Керы ў вядомым галівудскім фільме. Але хутчэй справа тут у іншым — беларускі дыктатар, разганяючы фэйкі спрабуе вырашыць нейкія свае задачы. Напужаць заходніх палітыкаў, якія яго не любяць. Падлашчыцца да Расіі, якая корміць. Патрафіць свайму няхітраму электарату.
Але, бадай больш за ўсё, яму карціць патрапіць на старонкі замежных медыя. Ну, бо не заўважаюць яны вялікага стратэга ў цэнтры Еўропы. Адпаведна не разумеюць яго і не цэняць. А каб заўважылі — то, вядома, патрэбны сенсацыі. То вось вам і Хірасіма, і арандаваны Крым і мільёны загінулых украінцаў на квадратны кіламетр Данбаса.
Але праблема ў тым, што і такая неймаверная хлусня больш не працуе. СМІ, магчыма, і цытуюць Лукашэнку, вось толькі канатацыі ад яго стэндапаў ужо ўсімі даўно вызначаны. У лепшым выпадку — проста блазан, якія плявузгае пад добры настрой. У горшым — марыянетка Крамля, на якую тым больш не варта звяртаць увагу.
Вельмі характэрна, што ніякай выразнай рэакцыі ад заходняга палітыкума на «скабееўскі» выступ нелегітымнага кіраўніка Беларусі не было. Яшчэ больш паказальна, што, акрамя з’едлівых допісаў у тэлеграм-каналах, не заўважылі тое інтэрв’ю і ва Украіне.
Хіба што выказаліся самыя гаваркія спікеры Кіева, якія каментуюць усё запар, — дзейны і былы дарадцы кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк і Аляксей Арастовіч.
Падаляк у твітары проста пакпіў з «беларускага таварыша».
Нагадаем, што менш за тыдзень таму Падаляк наогул заявіў, што «больш анекдатычнага персанажа, чым Лукашэнка, у гэтай вайне няма».
Арастовіч жа ў эфіры ў Марка Фейгіна спачатку, смеючыся, спрабаваў адмовіцца ад каментара пра Лукашэнку. Але суразмоўца вельмі прасіў, і тады ўкраінскі інфлюенсер сказаў: «Я ў дзяцінстве шмат аб чым марыў. Напрыклад, я марыў стаць касманаўтам. Але я ніколі на марыў бясконца каментаваць двух даў###баў». (Пад другім меўся на ўвазе Пуцін, калі што).
— дадаў Арастовіч і вельмі папрасіў змяніць тэму на больш сур’ёзную.
Вось гэта, бадай, і ёсць самае галоўнае з нядаўняга выступу Лукашэнкі. У вачах замежных палітыкаў ён сёння — ніхто, хіба толькі скамарох, які не лезе за словам у кішэню і ўвесь час нешта вярзе са сцэны. Дый рэпертуар яго за дзясяткі гадоў не асабліва мяняецца, і слухаць кожны раз плюс-мінус адну кружэлку — ну такое сабе задавальненне. Таму хай гаворыць — чарговы белы шум вялікай шкоды не зробіць.