Прысуд журналісту Генадзю Мажэйку не змянілі
Прысуд Генадзю Мажэйку пакінулі ў сіле, аднак яму дазволілі спатканне з роднымі. Журналіста затрымалі за тое, што ў артыкуле па «справе Зельцэра» апублікаваў каментар знаёмай забітага айцішніка, якая дала яму добрую характарыстыку. Сваёй віны палітвязень на судзе не прызнаў.
У сакавіку мінскі суд пакараў Генадзя Мажэйку 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Цяпер яму застаецца правесці за кратамі 6 месяцаў.
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў вырак Генадзю Мажэйку ў сіле. Пра гэта паведамляе «Свабода».
Пасля гэтага журналіст-палітвязеннь атрымаў дазвол на спатканне з роднымі.
Нагадаем, Генадзю Мажэйку прысудзілі 1,5 года пазбаўлення волі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза прэзідэнта») і паводле арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці») — 2,5 гады. Усяго суд прызначыў яму 3 гады калоніі агульнага рэжыму.
Згодна з тэкстам абвінавачання, «Генадзь Мажэйка, праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021-га здзейсніў шэраг злачынстваў».
Пераслед Генадзя Мажэйкі
Журналіста Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў Маскве супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі РФ у аэрапорце і даставілі ў Беларусь.
Судзіць былога карэспандэнта «КП в Беларуси» пачалі 1 снежня, але ў працэсе былі даволі працяглыя перапынкі для дадатковых экспертыз.
Спачатку Мажэйку абвінавацілі паводле ч.1 арт. 130 у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці» за публікацыю на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднакласніцай IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра, які загінуў загінуў падчас перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ на вуліцы Якубоўскага ў Мінску. Аднакласніца айцішніка распавяла пра яго школьныя гады і станоўча пра яго адгукалася.
Пасля выхаду матэрыялу Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакіравала доступ да сайта kp.by. Як заявілі ў ведамстве, гэта было зроблена на падставе рашэння міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры ўрадзе ў сувязі з размяшчэннем на сайце «інфармацыі, здольнай прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам».
Неўзабаве ў Беларусі перастала выходзіць і папяровая версія газеты.
Потым Мажэйку дадалі яшчэ адзін крымінальны артыкул — 368, частка 1 («Абраза прэзідэнта»). Падчас ператрусу ў кватэры знайшлі дыктафон, дзе быў стары працоўны запіс 2020 года з сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім, на якім чуваць чыюсьці рэпліку ў адрас Лукашэнкі.
Паводле версіі абвінавачання, гэты голас належаў самому Генадзю Мажэйку. Адвакат і калегі знайшлі відэазапіс сустрэчы і настаялі на паўторнай судовай фанаскапічнай экспертызе. Ужо ў сакавіку два эксперты на судзе паведамілі, што «пэўных пацвярджэнняў ідэнтычнасці голасу няма». Аднак гэта не пераканала суддзю Фалькоўскую. Як і відэазапіс сустрэчы, на якім было бачна, што рэпліку прамаўляў сівы чалавек сталага веку, а не журналіст, які моўчкі працаваў з ноўтбукам.