11 брытанскіх універсітэтаў дапамагалі Ірану распрацоўваць беспілотнікі-камікадзэ
Адзінаццаць універсітэтаў Вялікабрытаніі — у тым ліку Кембрыджскі ўніверсітэт і Імперскі каледж Лондана — абвінавачваюць у дапамозе ў распрацоўцы іранскіх «дронаў-камікадзэ», якія Расія выкарыстоўвае супраць украінцаў.
Брытанскія навукоўцы працуюць з Іранам над сумеснымі навукова-даследчымі праектамі ваеннага і грамадзянскага прымянення. Пра гэта паведамілі журналісты The Jewish Chronicle. І публікацыя выклікала вялікі скандал.
Паводле журналістаў, у гэтым супрацоўніцтве ўдзельнічаюць не менш за 11 брытанскіх універсітэтаў, у тым ліку Кембрыджскі ўніверсітэт і Імперскі каледж Лондана, супрацоўнікі якіх праводзяць 16 даследаванняў , якія маюць патэнцыйнае ваеннае прымяненне ў Іране.
Вялікабрытанія забараняе экспарт ваенных тэхналогій і тэхналогій «падвойнага прызначэння» ў Іран, а нядаўна ўвяла новыя санкцыі супраць іранскіх чыноўнікаў і арганізацый, якія пастаўляюць у Расію «дроны-камікадзэ».
Аднак журналісты The Jewish Chronicle распавялі, што ў рамках аднаго праекта брытанцы займаліся ўдасканаленнем рухавікоў беспілотнікаў, павелічэннем іх вышыні, хуткасці і далёкасці палёту. Гэты праект фінансаваўся Тэгеранам.
Яшчэ адзін брытанскі ўніверсітэт супрацоўнічае з іранскімі даследчыкамі, каб праверыць новыя элементы кіравання для рэактыўных рухавікоў, якія мусяць палепшыць іх «манеўранасць і час водгуку» для ваеннага выкарыстання.
Пасля скандалу чальцы брытанскага парламента заклікалі правесці расследаванне таго, як праводзіліся акадэмічныя даследаванні, піша The Telegraph.
Урад заявіў, што Брытанія «не пагодзіцца на супрацоўніцтва, якое ставіць пад пагрозу нашу нацыянальную бяспеку».
У прыватнасці, чалец брытанскага парламента ад Кансерватыўнай партыі Алісія Кэрнс заявіла, што будзе патрабаваць расследавання гэтага «жахлівага супрацоўніцтва».
«Цалкам магчыма, што гэтае супрацоўніцтва спрыяе гендарнаму апартэіду ў Іране, яго варожаму ўмяшанню і гвалту на Блізкім Усходзе або нават дапамагае забіваць мірных жыхароў ва Украіне», — дадала яна.
Пры гэтым брытанскі закон аб санкцыях забараняе перадачу ваенных тэхналогій і тэхналогій «падвойнага прызначэння» Ірану або каму-небудзь, «звязанаму» з ім. Ён таксама забараняе тое, што звычайна называюць «тэхнічнай дапамогай» у «распрацоўцы, вытворчасці, зборцы і тэставанні» абмежаваных тэхналогій і «любых іншых тэхнічных паслуг».
Паводле «Украінскай праўды», www.thejc.com