Не іх вайна? Як мігранты з Кыргызстана трапляюць у найміты — і не заўсёды добраахвотна
У Расіі на вайну з Украінай вярбуюць мігрантаў з Кыргызстана. Зняволеных «у добраахвотна-прымусовым парадку» адпраўлялі ў ПВК «Вагнер». Прытым у самім Кыргызстане існуе крымінальны артыкул за найміцтва.
Чаму «Вагнер» не вяртае родным целы загінулых, як родныя наймітаў шукаюць сваіх блізкіх і што ў Кыргызстане думаюць пра гібель сваіх грамадзян на вайне? Галоўнае з расследавання «Руская служба ВВС».
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну працоўных мігрантаў з краін Цэнтральнай Азіі пачалі прыцягваць да капання акопаў у Белгародскай вобласці і на тэрыторыях, анексаваных Расіяй, а таксама да ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне.
Працоўныя мігранты з Цэнтральнай Азіі едуць на заробкі ў Расію, каб пракарміць свае сем'і, зарабіць на ўласны дом і вярнуцца на радзіму. У Расіі яны часта бяруцца за цяжкую працу за невялікія грошы, на якую не знаходзіцца ахвотнікаў сярод мясцовых жыхароў, піша ВВС.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну працоўныя мігранты з Цэнтральнай Азіі апынуліся запатрабаванымі і на вайне: іх пасылалі адбудоўваць разбураныя гарады і рыць акопы. І ваяваць — ужо ў якасці завербаваных зняволеных. Вербавалі іх часцей за ўсё ў ПВК «Вагнер» — з расійскіх турмаў. Ва Украіне многія з іх гінуць, а іх родныя месяцамі спрабуюць хаця б вярнуць цела на радзіму.
У Расіі жыве каля мільёна мігрантаў з Кыргызстана, часцей за ўсё яны працуюць у сферы будаўніцтва і гандлю. У 2022 годзе ў буйныя гарады Кыргызстана Бішкек і Ош пачалі прыходзіць целы мясцовых жыхароў, якія загінулі на вайне ва Украіне — як прафесійных вайскоўцаў, якія падпісалі кантракты з Мінабароны РФ, так і наймітаў ПВК «Вагнер».
Вярбоўка грамадзян Кыргызстана, асуджаных за розныя злачынствы ў Расіі, пачалася ў калоніях летам 2022 года. Пра гэта распавёў неназваны кыргызскі адвакат, які працуе ў Маскве. Ад сваіх кліентаў ён даведаўся, што зняволеных спачатку «настойліва прасілі» паехаць на вайну, прапаноўваючы амністыю, а з 28 верасня пачалі «ў добраахвотна-прымусовым парадку» запісваць у ПВК «Вагнер».
Сваякі зняволеных распавялі, што іх родныя прайшлі падрыхтоўку ў трэніровачным лагеры і не пазней за канец верасня апынуліся ў раёне Бахмута ў Данецкай вобласці.
У студзені 2023 года жыхары Кыргызстана пачалі атрымліваць першыя паведамленні аб тым, што іх блізкія загінулі ва Украіне ў верасні — лістападзе 2022-га.
Сваякі наймітаў распавялі, што доўгі час не ведалі, што іх блізкія загінулі і пахаваны.
Так, адна ўраджэнка Кыргызстана паведаміла журналістам, што некалькі месяцаў не магла даведацца пра месцазнаходжанне мужа, які адбываў пакаранне ў Калужскай калоніі і перастаў выходзіць на сувязь.
У студзені дзядзька мужа паведаміў ёй, што муж жанчыны загінуў у Бахмуце яшчэ 24 кастрычніка. Найміт, чыё імя не раскрываецца, указаў дзядзьку як свайго законнага прадстаўніка, таму ПВК «Вагнер» ігнаравала запыты жанчыны пра яго. У канцы студзеня меркаваную магілу яе мужа знайшлі на могілках у падмаскоўным пасёлку Франава, але жанчына да гэтага часу не ўпэўнена, што там пахаваны менавіта ён.
«Стараста маленькага сяла ў Кыргызстане глядзіць на фатаграфію знаёмага яму юнака некалькі секунд. "Ён памёр", — кажа стараста і аддае паперы. — Бацькі даведаліся тыдзень таму». Тры гады таму Адахмажон з'ехаў на заробкі ў Расію, а ў сакавіку журналісты ВВС знайшлі яго магілу на могілках ПВК «Вагнер» у Падмаскоўі.
Часам сем'ям загінулых наймітаў атрымліваецца забраць іх целы з Расіі ў сваю краіну. Першыя вядомыя пахаванні найміта ПВК, праведзеныя ў Кыргызстане, прайшлі ў студзені, калі ў Ош з Масквы даставілі цела 28-гадовага Аяна Алішэрава, завербаванага ў мардоўскай калоніі ў кастрычніку 2022 года. Пасля паведамлення пра смерць мужчыны яго маці атрымала ад ПВК «Вагнер» 100 тысяч рублёў гатоўкай у офісе ля метро «Электразаводская» ў Маскве.
Улады Кыргызстана не каментавалі гібель грамадзян сваёй краіны на вайне ва Украіне. У траўні ў Бішкеку прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі 31-гадовага мясцовага жыхара, які ваяваў ва Украіне на баку Расіі. Камітэт нацыянальнай бяспекі Кыргызстана таксама расследуе крымінальную справу праз удзел грамадзян краіны ў вайне на баку УСУ.
Журналісты знайшлі шэсць раней невядомых могілак, дзе пахаваны найміты ПВК «Вагнер» — у падмаскоўным Франаве, пад Луганскам і Новасібірскам, у Іркуцкай, Свярдлоўскай і Самарскай абласцях.
«Руская служба ВВС» і «Медыязона» разам з камандай валанцёраў пацвердзілі асобы 629 чалавек, пахаваных там. Усяго ў складзе ПВК, паводле ацэнкі ВВС, загінулі не менш за 93 грамадзяна краін Цэнтральнай Азіі: 19 — з Кыргызстана, 34 — з Узбекістана і 40 — з Таджыкістана.
Паводле www.bbc.com, meduza.io