За два месяцы колькасць зняволеных у калоніях Расіі скарацілася на рэкордныя 23 тысячы чалавек
Гэта адбываецца на фоне вярбоўкі ў «ПВК Вагнера».
Такіх рэзкіх скокаў не было ні разу з 2010 года: нават самая масавая за апошнія гады амністыя вызваліла меншую колькасць расійцаў за такі кароткі час.
Скарачэнне турэмнага насельніцтва адбываецца на фоне вярбоўкі зняволеных для ўдзелу ў вайне ў атрадах «ПВК Вагнера», якія цалкам існуюць па-за прававым полем, піша расійская Медыязона.
Федэральная служба выканання пакаранняў (ФСВП) паведаміла аб рэкордным скарачэнні колькасці зняволеных-мужчын у папраўчых калоніях агульнага і строгага рэжыму. Пры гэтым колькасць тых, хто знаходзіцца ў следчых ізалятарах або калоніях-пасяленнях, а таксама колькасць асуджаных жанчын практычна не змянілася.
У 2022 годзе Дзярждума Расіі не аб'яўляла амністыю і не прымала законы, якія павінны былі аблегчыць долю зняволеных. Але з пачаткам вайны ў Расіі з'явіўся чалавек, які абяцае свабоду ў абмен на ўдзел у вайне супраць Украіны — гэта Яўген Прыгожын, які вярбуе асуджаных у «ПВК Вагнера».
Першыя паведамленні аб вярбоўцы зняволеных у «ПВК Вагнера» з'явіліся ў ліпені 2022 года. Да верасня гэты працэс стаў практычна публічным, а ў тэлеграме сталі з'яўляцца відэа, на якіх Прыгожын асабіста выступае ў калоніях.
Блізкі да Пуціна бізнесмен і заснавальнік «ПВК Вагнера» абяцае асуджаным, што пасля паўгода ўдзелу ў баявых дзеяннях яны будуць памілаваны. Для памілавання зняволенага неабходны загад прэзідэнта Расіі — за час вайны не з'явіўся яшчэ ніводзін такі дакумент, хаця яны могуць быць непублічнымі.