Зняволеным у калоніях РФ абяцалі памілаванне за ўдзел у вайне ва Украіне. Падобна, што падманулі
Башкірскія дэпутаты падрыхтавалі законапраект аб адпраўцы асуджаных на вайну ва Украіне. Вязням абяцалі памілаванне, калі адваююць паўгады, а цяпер прапануюць пералічыць тэрмін 1 да 10. Гэта значыць, максімум скасаваць 5 гадоў тэрміну зняволення за гэтыя паўгады вайны.
![Малюнак regnum.ru Малюнак regnum.ru](/img/v1/images/mabilizacyja_regnum.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Малюнак regnum.ru
Дэпутаты парламента рэспублікі Башкірыя падрыхтавалі і ўнеслі ў Дзярждуму РФ законапраект, які ўстанаўлівае прававыя асновы для адпраўкі асуджаных на вайну. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на спікера «Госсобрания» — Курултая Башкірыі Канстанціна Талкачова. Аднак пакуль у базе даных Дзярждумы гэтага законапраекта няма.
Па словах Талкачова, асуджаным, якіх прыцягваюць «да ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі або іншых ваенных дзеяннях у мэтах абароны інтарэсаў Расійскай Федэрацыі», можа быць прадастаўлена адтэрміноўка адбыцця пакарання. Час знаходжання ў зоне ваенных дзеянняў прапануецца залічваць у тэрмін пазбаўлення волі з разліку адзін да дзесяці — адзін дзень удзелу ў ваеннай аперацыі за дзесяць дзён зняволення ў калоніі.
Таксама ў выпадку прычынення шкоды здароўю, якое робіць далейшы удзел асуджанага ў баявых дзеяннях немагчымым, пытанне аб далейшым адбывання пакарання і яго змякчэнні будзе вырашацца судом.
Плануецца, што адтэрміноўку ад адбыцця пакарання для ўдзелу ў ваенных дзеяннях не змогуць атрымаць асуджаныя за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх да 14 гадоў і шэраг іншых цяжкіх крымінальных злачынстваў. Усіх астатніх асуджаных на вайну змогуць адпраўляць толькі пры наяўнасці іх добраахвотнай згоды.
На думку Талкачова, прыцягненне асуджаных да ўдзелу ў спецаперацыі і іншых ваенных дзеяннях дазволіць узмацніць колькасны склад Узброеных Сіл РФ. Акрамя таго, дадаў спікер парламенту Башкартастана, «удзелам у ваенных дзеяннях у абарону інтарэсаў Расійскай Федэрацыі асуджаны зможа загладзіць сваю віну перад грамадствам і дасягнуць такім чынам мэтаў крымінальнага пакарання».
![Заўтра малебен для вязняў, якія запісаліся да Вагнера Можна забіваць — і за гэта нічога не будзе](/img/v1/images/vahner.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, у апошнія некалькі месяцаў неаднаразова паведамлялася, што ў расійскіх калоніях вярбуюць зняволеных для адпраўкі на вайну ва Украіне. Зняволеным абяцалі памілаванне і грашовыя выплаты. Таксама з'явілася непацверджаная інфармацыя і аб прымусовай адпраўкі асуджаных на вайну.
Цяперашняе расійскае заканадаўства не разглядае ўдзел у ваенных дзеяннях як падставу для адтэрміноўкі пакарання. Члены Савета па правах чалавека пры прэзідэнце РФ у сярэдзіне верасня папрасілі генпракурора праверыць гэтыя паведамленні і растлумачыць, на якой падставе асуджаных з неадбытымі тэрмінамі, у тым ліку і за цяжкія злачынствы, адпраўляюць на вайну.
Вярбоўкай зняволеных займаецца ў тым ліку асабіста бізнесовец Яўген Прыгожын, з якім звязваюць ПВК Вагнера. Сам Прыгожын прама не пацвярдіў гэта, але заявіў незадаволеным, што ў вайне будуць удзельнічаць «альбо ПВК і зэкі, альбо вашыя дзеці».
![Уладальнік «Вагнера» асабіста паехаў вярбаваць зняволеных на вайну з Украінай «Мне трэба выйграць гэту чортаву вайну любым коштам». Уладальнік «Вагнера» асабіста паехаў вербаваць зняволеных](/img/v1/images/4fc8d89278183b455d149e3c436d72df_1400x850.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле «Інтэрфакс», meduza.io