219-ы дзень вайны. Начныя абстрэлы Дняпра і Мікалаева, расстрэл гуманітарнай калоны

Расійскія войскі раніцай 30 верасня ўдарылі ракетамі па цывільнай гуманітарнай калоне на выездзе з Запарожжа. Пазней стала вядома пра 23 загінулых і 34 параненых.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Удар па Дняпры: загінуў адзін чалавек, згарэлі 52 аўтобусы. У ноч на пятніцу расійскае войска нанесла ракетны ўдар па горадзе Днепр. У выніку абстрэлу пацярпеў жылы квартал і транспартнае прадпрыемства. Кіраўнік Днепрапятроўскай абладміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка распавёў пра наступствы ракетных удараў: пасля трапленняў «Іскандэраў» адзін чалавек загінуў, пяцёра атрымалі раненні.

«Варожыя ракеты знішчылі транспартнае прадпрыемства. Падчас пажару згарэлі 52 аўтобусы, яшчэ 98 пацярпелі», — напісаў Валянцін Рэзнічэнка.

Па яго словах, у горадзе таксама «пашкоджаныя некалькі шматпавярховак, гімназія, крамы і адміністрацыйныя будынкі». Акрамя таго ён распавёў, што войска РФ нанесла тры ўдары па Нікапальскім раёне з рэактыўных установак залпавага агню «Град» і цяжкай артылерыі.

Улады Мікалаева паведамляюць, што ў ноч на пятніцу расійскія войскі нанеслі па горадзе ракетны ўдар, у выніку якога быў разбураны дзевяціпавярховы жылы дом, пад заваламі могуць знаходзіцца людзі.

Мікалаеў абстралялі, як сцвярджаюць украінскія ўлады, касетнымі боепрыпасамі.

Кіраўнік Мікалаеўскай абладміністрацыі Віталь Кім напісаў у сваім тэлеграме, што ў раёне горада прагучалі сем выбухаў, пры гэтым па меншай меры два з іх — за межамі гарадской рысы. Пры гэтым дзве ракеты, паводле яго слоў, патрапілі па жылым раёне, адна з іх – у дзевяціпавярховік, дом разбураны. «Сур'ёзныя пашкоджанні, пад заваламі людзі», — піша Кім — і публікуе першыя кадры з месца здарэння — на іх бачныя згарэлыя машыны і моцны пажар.

Як піша Кім, ратавальнікі дэблакавалі жанчыну, якая апынулася пад заваламі. Раненні атрымалі восем чалавек. Цяпер улады звяраюць спісы жыхароў дома, каб усталяваць дакладную колькасць пацярпелых.

Да гэтага намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка напісаў, што Мікалаеў і Адэса падвергліся ўдару беспілотнікаў-камікадзэ. Паводле яго дадзеных, у Мікалаеве «ёсць траплянне БПЛА ў горадзе і аб'ект інфраструктуры ў вобласці».

Кірыл Цімашэнка дадаў, што каля Адэсы ўкраінская супрацьпаветраная абарона збіла тры беспілотнікі.

Расія расстраляла ракетамі гуманітарную калону на выездзе з Запарожжа. Ракеты ўдарылі па натоўпе людзей, якія ехалі на акупаваную тэрыторыю забраць сваіх родных. У выніку ракетнага ўдару ёсць загінулыя і параненыя.

Пра гэта ў Telegram паведаміў старшыня Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі АВА Аляксандр Старух. «Людзі стаялі ў чарзе для выезду на часова акупаваную тэрыторыю, каб забраць сваіх сваякоў, адвезці дапамогу», — напісаў ён і адзначыў, што ёсць загінулыя і параненыя. На месцы цяпер працуюць экстранныя службы.

Паводле Аляксандра Старуха, цяпер вядома пра 23 загінулых і 34 параненых у выніку расійскага ўдара. У Запарожжы і вобласць абвешчана жалоба. 

Расійскія СМІ традыцыйна абвінавацілі ў расстрэле калоны Украіну.


Кальцо вакол Лімана практычна замкнулі — расійскія тэлеграм-каналы і ISW.

Украінскае войска, якое наступае на поўначы Данецкай вобласці, блізкае да таго, каб замкнуць кальцо акружэння вакол расійскай групоўкі, што спрабуе ўтрымаць горад Ліман і прылеглыя да яго раёны.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй зводцы аб падзеях на фронце 29 верасня цытуе шматлікія паведамленні расійскіх «ваенных блогераў» (якія падтрымліваюць уварванне і якія атрымліваюць інфармацыю ад крыніц на месцах баёў) аб тым, што Узброеныя сілы Украіны практычна завяршылі акружэнне Лімана.

Эксперты ISW спасылаюцца на папулярныя расійскія тэлеграм-каналы і робяць выснову, што ўкраінскія войскі прарвалі абарону і здолелі перакрыць дарогу, якая заставалася апошнім шляхам забеспячэння для групоўкі арміі Расіі ў Лімане. Карэспандэнты называюць сітуацыю ў гэтым раёне «вельмі складанай». У зводцы цытуецца яшчэ адзін блогер, па словах якога УСУ вядуць наступ на Ліман з трох бакоў, ён жа піша пра тое, што дарога з горада ў Сватава перакрытая.

Пры гэтым старэйшы супрацоўнік Інстытута замежнай палітыкі ў Вашынгтоне Роб Лі піша пра сітуацыю ў Лімане, што «кішэня», «імаверна, можа абрынуцца сёння ўвечары ці заўтра, што кіне цень на абвяшчэнне аб анексіі» (маецца на ўвазе запланаванае на пятніцу падпісанне Дамовы аб «далучэнні» да Расіі чатырох абласцей Украіны — Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай — а таксама выступ Пуціна з гэтай нагоды і мітынг на Краснай плошчы).

Роб Лі, лічыць, што «Расія сутыкаецца з недахопам жывой сілы і недахопам рэзерваў у Данбасе». «Калі яна страціць сілы ў Ліманскай “кішэні”, гэта можа прывесці да далейшага прасоўванні Украіны ўглыб Данбаса», — лічыць ваенны эксперт.

Сенат ЗША прагаласаваў за прамежкавы бюджэт да 16 снежня, які ўключае 12,3 мільярды долараў вайсковай і эканамічнай дапамогі Украіне.

Пуцін публічна запатрабаваў «выправіць памылкі», дапушчаныя пры мабілізацыі ў Расіі і «вярнуць дадому» усіх памылкова мабілізаваных. А ўлады Буратыі адсправаздачыліся, што план па «мабілізацыі» выкананы.

Паводле ВВС, korrespondent.net