Мінск і Масква падпісалі пагадненні аб транзіце беларускіх грузаў праз Расію

Прэс-служба Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі паведаміла аб падпісанні з расійскім бокам міжурадавага пагаднення аб транзіце грузаў з нашай краіны па тэрыторыі Расіі.

_belarus_horad_ekanomika_zyccjo_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Беларусь падпісала з Расіяй пагадненні аб транзіце беларускіх грузаў праз тэрыторыю РФ. Эканамічны партал Myfin.by лічыць, што падпісанне гэтага дакументу дае дадатковыя магчымасці для экспарцёраў з Беларусі ў працы з расійскімі транспартнымі кампаніямі, а таксама адкрывае новыя шляхі для дастаўкі грузаў з Беларусі ў трэція краіны. І адзначае, што паспяховая рэалізацыя леташніх дамоўленасцяў з Расіяй дазволіла істотна нарасціць аб'ёмы перавозкі беларускіх нафтапрадуктаў.

Міністэрства транспарту і камунікацый адзначае, што дасягнутыя дамоўленасці гарантуюць з'яўленне новых варыянтаў дастаўкі беларускіх тавараў за межы Саюзнай дзяржавы морам і па сушы, а таксама адкрываюць для беларускіх юрыдычных асоб дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва з расійскімі арганізацыямі, якія прадстаўляюць транспартныя паслугі.

Па словах кіраўніка расійскага Мінтранса Віталя Савельева, рэалізацыя пагаднення дазволіць Беларусі «захаваць аб'ём экспарту і выйсці на новыя рынкі». І згадаў, што паспяхова рэалізуецца падпісанае ў лютым 2021 года пагадненне аб перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія парты. Па словах Савельева, транзіт прадукцыі беларускай нафтанкі праз тэрыторыю Расіі ў 2022 годзе будзе больш за запланаваны прыкладна на чвэрць (600 тысяч тон) і дасягне 3 мільёнаў тон.