Навошта Лукашэнку «народнае апалчэнне»? Мугабэ ведае

Для Лукашэнкі выдача зброі нават лаяльным да яго беларусам азначае ўласнаручнае падпілоўванне ножкі крэсла, на якім ён сядзіць. Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам пра тое, як рэжым збіраецца выкарыстоўваць «народнае апалчэнне».

Няма праблемы ў тым, каб знайсці 40 тысяч адданых Лукашэнку людзей, якія жадаюць атрымаць зброю і адпаведна павысіць сваю вагу ў грамадстве. Ілюстрацыйная выява.

Няма праблемы ў тым, каб знайсці 40 тысяч адданых Лукашэнку людзей, якія жадаюць атрымаць зброю і адпаведна павысіць сваю вагу ў грамадстве. Ілюстрацыйная выява.


Палата прадстаўнікоў 15 чэрвеня ў другім чытанні прыняла законапраект «Аб народным апалчэнні».
Апалчэнцы, з ліку «правераных людзей», атрымаюць права прымяняць фізічную сілу; прымяняць і выкарыстоўваць зброю на ўмовах і ў межах, вызначаных заканадаўчымі актамі для вайскоўцаў, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, прыцягнутых да забеспячэння ваеннага становішча; затрымліваць асоб, якія ўчынілі злачынства або адміністрацыйнае правапарушэнне, для перадачы ў органы, упаўнаважаныя ажыццяўляць крымінальны пераслед або весці адміністрацыйны працэс.
Больш за тое, апалчэнцам выдадуць зброю, якую яны будуць захоўваць у сябе дома.
— Калі Лукашэнка загаварыў пра «народнае апалчэнне», усе смяяліся: якое апалчэнне, калі Беларусь узбунтавала? Аднак, як бачым, дайшло і да прыняцця закона.
— Адна справа — прыняцце закона, і зусім іншая — яго імплементацыя. Міністр Хрэнін, які прадстаўляў праект перад палатай, аргументаваў сваю пазіцыю ўкраінскім вопытам: ва Украіне быў прыняты такі закон, на які мы і арыентуемся. Тут узнікае пытанне: з якога часу «бандэраўская Украіна» для лукашэнкаўцаў стала прыкладам? Гэты закон прыняты ва Украіне ў кантэксце вайны супраць Расіі, тэрытарыяльная абарона стваралася для барацьбы з расійскімі захопнікамі — дык з кім вы збіраецеся змагацца з дапамогай апалчэння?
Канешне, Лукашэнку ў «паслядоўнасці» не адмовіш: у самым пачатку вайны ён абураўся тым, што ва Украіне раздаюць зброю людзям — яна ж можа патрапіць і ў Беларусь. А што збіраецца рабіць сам Лукашэнка? Збяруць людзей, раздадуць ім зброю — а што яны будуць рабіць з ёй? Так, зброю яны збіраюцца раздаваць правераным людзям, але тут прысутнічае дадатковая рызыка. Мабыць, Лукашэнка ўпэўнены, што знойдзе адпаведную колькасць людзей, лаяльных яму, і ўзброіць іх. Такое магу сабе ўявіць, як і тое, што лаяльных людзей знойдуць. Але ў беларускіх умовах гэта справа досыць рызыкоўная. І асаблівага сэнсу ў тым не бачна: не відаць нікога, хто збіраецца нападаць на Беларусь. Як ён сам казаў, з каліноўцаў амаль нікога ўжо не засталося: альбо забілі, альбо мараць, каб вярнуцца ў дыктатуру.
Я вельмі асцярожна стаўлюся да гэтага ўсяго і пачакаў бы, пакуль рэжым не пачне сапраўды раздаваць зброю. Вось тады многае праясніцца. Пакуль жа я не выключаю, што гэта цалкам піяр-крок, каб паказаць, што Лукашэнка падрыхтаваны да любых сцэнароў, і даслаць адпаведны мэсэдж людзям ва Украіне і на Захадзе: калі будзеце нападаць на мяне, буду змагацца да апошняга. Але ізноў: такія крокі супярэчаць усёй папярэдняй палітыцы Лукашэнкі: уласнаручна падпілаваць ножку крэсла, на якім сядзіш, і стварыць для сябе дадатковыя рызыкі — гэта не пасуе яму.
— Ствараецца народнае апалчэнне, куды адбіраюць ябацек — то-бок цалкам лаяльных яму людзей, затым ім выдаюць зброю. У краіне, дзе дагэтуль не вырашаны палітычны крызіс, з’яўляецца ўзброеная меншасць супраць бяззбройнай большасці — хто ведае, як павернецца лёс?
— Гэта знаёмы сцэнар, прычым знаёмы па той краіне, з якой Лукашэнка апошнім часам падтрымлівае вельмі шчыльныя адносіны — Зімбабвэ. Роберт Мугабэ, былы прэзідэнт Зімбабвэ, страціўшы папулярнасць, трымаўся ва ўладзе дзякуючы арміі, на спецслужбах. У тым ліку яны стварылі ваенізаваныя фарміраванні сярод прыхільнікаў партыі Мугабэ — Народнага фронту ЗАНУ: стварылі каманды баевікоў, узброілі, і гэтыя камандас выкарыстоўваліся падчас нападу на актывістаў, журналістаў. Асабліва актыўна — падчас выбараў, якія Мугабэ фальсіфікаваў.


Менавіта ў такой ролі Лукашэнка можа выкарыстоўваць «народнае апалчэнне». Я не бачу праблемы ў тым, каб знайсці 20-30-40 тысяч адданых Лукашэнку людзей, якія жадаюць атрымаць зброю і адпаведна павысіць сваю вагу ў грамадстве, бо чалавек са зброяй, асабліва ў правінцыі, у вёсцы — гэта крута. Але рызыка падвышаецца: небяспека выкарыстання зброі, небяспека вырашэння прыватных канфліктаў з дапамогай зброі, якая можа, сярод іншага, трапіць у рукі крымінальнікаў.
А для апанентаў Лукашэнкі гэта таксама дадатковая рызыка.
Хто яго ведае, як павядзе сябе грамадства, калі зброя стане досыць вольна хадзіць па руках? Нават шматлікія беларускія спецслужбы не здольны ўзяць усіх людзей пад кантроль.