«Суды над памерлымі»: нашто ўводзяцца новыя правілы і якія мэты ў беларускіх заканадаўцаў?

Суды над памерлымі — гэта не новая з'ява ў беларускім праве, але раней яны ажыццяўляліся дзеля рэабілітацыі нябожчыкаў.

Фрагмент фрэскі Алеся Пушкіна «Страшны Суд»

Фрагмент фрэскі Алеся Пушкіна «Страшны Суд»

Нядаўна «народныя абраннікі» ў двух чытаннях прынялі законапраект аб «судах над памерлымі». Пасля прыняцця ў Савеце Рэспублікі і подпісу Лукашэнкі яго нормы набудуць моц.

Праектам змен Крымінальна-працэсуальнага кодэкса карэктуецца артыкул 29. Дзякуючы гэтаму беларускія органы набудуць права распачынаць у дачыненні да памерлых крымінальныя справы па злачынствах, пералічаных у артыкуле 85 Крымінальнага кодэкса. Такіх пунктаў дзесяць.

Праваабаронца Павел Сапелка аналізуе перадумовы прыняцця законапраекта, разглядае нормы, што прымаюцца, у кантэксце правоў чалавека і разважае, навошта ўводзяцца новыя правілы і якія мэты ў  заканадаўцаў.

Вядзенне вытворчасці па крымінальнай справе ў дачыненні да памерлых — з'ява не новая ў беларускім праве, а з працяглай гісторыяй. Да гэтага часу, праўда, яна тычылася толькі выпадкаў, калі крымінальны працэс быў неабходны для мэт рэабілітацыі памерлага (паводле КПК 1960 года, таксама для аднаўлення справы ў дачыненні да іншых асоб па наноў адкрытых акалічнасцях). У ліпені 2018 года ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс была ўведзена глава, якая напоўніла практычным зместам гэтую форму, і былі ўведзены некаторыя звязаныя з гэтым дадатковыя правілы і азначэнні. Тады быў устаноўлены парадак вытворчасці па матэрыялах і крымінальнай справе ў выпадку смерці падазраванага, абвінавачанага, асобы, якая падлягала прыцягненню ў якасці падазраванага, абвінавачанага; уведзена паняцце прадстаўніка памерлага падазраванага, абвінавачанага і вызначаны яго правы і абавязкі. Удзел у такіх справах абаронцы прадугледжваўся: па хадайніцтве прадстаўніка дапускаўся абраны ім абаронца альбо прызначаўся з ліку адвакатаў тэрытарыяльнай калегіі.

Статыстыкі па такім відзе вытворчасці не публікуецца, адным з шырока вядомых выпадкаў было расследаванне і наступны разгляд у судовым пасяджэнні крымінальнай справы па абвінавачванні памерлага Генадзя Шутава — ахвяры жорсткасці беларускага вайскоўца сіл спецыяльных аперацый, якога прыцягнулі да разгону пратэстаў 2020 года ў Брэсце. Крымінальная справа скончылася ў 2021 годзе прызнаннем Генадзя Шутава вінаватым. Прысуд, як гэтага патрабуе закон, быў вынесены без прызначэння пакарання.


Па якіх злачынствах могуць судзіць памерлых?

Новыя ідэі беларускіх заканадаўцаў — праект закона аб змяненні КПК і дапаўненні яго нормамі аб пераследзе ў крымінальным працэсе памерлых падазраваных і абвінавачаных у здзяйсненні злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў, пералічаных у арт. 85 Крымінальнага кодэкса, пашыраюць сферу прымянення крымінальнай вытворчасці ў дачыненні да памерлых.

Складаў злачынстваў, пералічаных у арт. 85 КК, дзесяць: падрыхтоўка альбо вядзенне агрэсіўнай вайны; акт міжнароднага тэрарызму; генацыд; злачынствы супраць бяспекі чалавецтва; вытворчасць, назапашванне альбо распаўсюджванне забароненых сродкаў вядзення вайны; экацыд; прымяненне зброі масавага паражэння; парушэнне законаў і звычаяў вайны; злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў; бяздзейнасць альбо адданне злачыннага загаду падчас узброенага канфлікту.

Гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці, такім чынам, на гэтай падставе ў дачыненні да падазраваных і абвінавачаных не могуць выносіцца рашэнні аб спыненні крымінальнага пераследу. Што характэрна, практычна па тых жа складах злачынстваў беларускі КК прымяняецца незалежна ад месца здзяйснення дзеяння — на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, незалежна ад грамадзянства тых, каго пераследуюць.

У адрозненне ад агульных правіл вядзення працэсу ў дачыненні да памерлых, меркаванне іх прадстаўнікоў аб неабходнасці вытворчасці не мае значэння ў дачыненні да злачынстваў, пералічаных у арт. 85 КК.

Навошта ўводзяцца новыя правілы і якая мэта заканадаўцаў?

Адзначаецца, што «законапраект накіраваны на забеспячэнне няўхільнасці адказнасці за ўчыненне злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў, указаных у артыкуле 85 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Гэта не дадае пэўнасці — наадварот, спараджае пэўныя праблемы.

У прыватнасці, паводле арт. 44 КК, крымінальная адказнасць наступае ў выглядзе асуджэння ад імя Рэспублікі Беларусь паводле прысуду суда асобы, якая ўчыніла злачынства, і прымянення на аснове асуджэння пакарання або іншых мер крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам. То-бок пакаранне ці іншыя меры крымінальнай адказнасці — гэта неад'емныя складнікі крымінальнай адказнасці, без якіх яна не рэалізуецца. Да гэтага часу вытворчасць у дачыненні да памерлых, нагадаю, мела на мэце іх рэабілітацыю і спынялася, як толькі пра гэта заяўляў прадстаўнік. Прызнанне вінаватым памерлага да гэтага часу было не мэтай вытворчасці, а свайго роду формай адмовы ў рэабілітацыі.

КПК у адпаведнай главе не прадугледжвае, але і не адмаўляе магчымасці прымянення спецыяльнай канфіскацыі ў дачыненні да маёмасці памерлага абвінавачанага, таксама адкрытым і дыскусійным варта было б пакінуць пытанне аб магчымасці прад'яўлення пазоваў аб спагнанні кампенсацый у грамадзянскім працэсе на аснове вынесенага прысуду.

Паколькі мэты вытворчасці ў дачыненні да памерлых мяняюцца, то лагічна было б забяспечваць вытворчасці адпаведны ўзровень працэсуальных гарантый. Адзінай мерай стаў абавязковы ўдзел абаронцы, які ў тэорыі павінен падтрымліваць пазіцыю свайго падабароннага: арт. 18 Закона «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» забараняе адвакату дзейнічаць насуперак інтарэсам кліента, займаць прававую пазіцыю, не ўзгодненую з ім, за выключэннем права адваката ў выпадку прызнання віны кліентам аспрэчваць такое сцвярджэнне і прасіць аб апраўданні або спыненні крымінальнага пераследу. Як гэта рэалізаваць у дачыненні да памерлага? Ніяк. Таму ўдзел адваката-абаронцы мае шанец стаць простай фармальнасцю, што ўжо неаднаразова дэманстравалася ў іншай, спецыяльнай вытворчасці, дзе прызначаныя следчым і судом адвакаты часта такім жа чынам ігнаруюць пазіцыю жывых абвінавачаных, якія знаходзяцца за мяжой. Па зразумелых прычынах астатнія правы памерлага абвінавачанага (ведаць сутнасць абвінавачання, даваць паказанні, прадастаўляць доказы і да т.п.) таксама не могуць быць рэалізаваны, што зводзіць да нуля магчымасці для непрадузятага і аб'ектыўнага разбору па справе. Адзін з найважнейшых прынцыпаў — спаборнасці — будзе рэалізаваны толькі фармальна, у сілу прысутнасці абаронцы, а на справе — праігнараваны. У тэорыі магчымасць выкласці свае довады аб невінаватасці памерлага абвінавачанага мае толькі прадстаўнік памерлага, калі ён будзе ўдзельнічаць у судовым пасяджэнні (удзел, дарэчы, неабавязковы, а з некалькіх кандыдатаў прадстаўніка выбірае следчы).

Гэта, напэўна, не збянтэжыць інструменталізаваны на ажыццяўленне палітычных рэпрэсій беларускі суд, а толькі спросціць працэс вынясення прысуду на аснове пазіцыі абвінавачання.

І гэта не ўсё, што турбуе ў перспектыве выкарыстання новага закона, які прымаецца. Ёсць здагадка, што гэтыя новыя правілы будуць абслугоўваць новае захапленне беларускіх улад — ідэю аб генацыдзе беларускага народа, вакол якой ужо з'явіліся як расследаванне, так і новыя нормы закона, у прыватнасці — закон аб генацыдзе беларускага народа, які ўключае шэраг спрэчных палажэнняў, але перарывае дыскусіі ўведзенай крымінальнай адказнасцю за адмаўленне гэтага генацыду. На карысць гэтай здагадкі кажа тое, што вінаватыя ў злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых на тэрыторыі Беларусі ў постсавецкі перыяд, у тым ліку са спісу арт. 85 КК, яшчэ жывыя, а вось многія з тых, хто цяпер стаў мішэнню для ідэалагічных нападак беларускіх улад, — ужо не. І ў дачыненні да тых з іх, хто не быў прызнаны вінаватым нават у ліхія ваенныя і пасляваенныя гады, калі сапраўдныя сведкі злачынстваў нацыстаў яшчэ былі жывыя, у больш здаровым розуме і пры памяці, а следчыя і суды лёгка прымалі рашэнні супраць здраднікаў і ворагаў народа, цяпер вырашылі правесці імітацыю крымінальнага працэсу. На фоне надзейна закатанай пад асфальт грамадзянскай супольнасці і ва ўмовах, калі пярэчанні боку абароны па сутнасці могуць стаць падставай для крымінальнага пераследу за адмаўленне генацыду беларускага народа.

Падводзячы вынік, варта прызнаць, што практычна ні адзін з адыёзных законаў апошніх гадоў не застаўся стаяць у баку. Беларускія нелігітымныя ўлады праактыўна выбудоўваюць і інструменталізуюць закон і практыку ў сваіх інтарэсах, паразітуючы то на намаганнях ААН і прагрэсіўных краін па барацьбе з тэрарызмам, то на памяці ахвяр нацызму. Таму варта толькі здагадвацца, чые імёны першымі прагучаць у сувязі з новымі нормамі, калі тыя набудуць законную моц.