«КДБ хоча максімальна знішчыць сацыяльна-палітычны патэнцыял чалавека, яго індывідуальнасць»

Алана Гебрэмарыям, актывістка «Задзіночання беларускіх студэнтаў» і «Моладзевага блока», былая прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў і экс-палітзняволеная распавяла, чаго ад затрыманых хоча КДБ, пра сваю адсідку і пра сустрэчу ў калоніі з Марыяй Калеснікавай.

Скрыншот з ютуб-канала «Пляцоўка»

Скрыншот з ютуб-канала «Пляцоўка»

Алана Гебрэмарыям правяла за кратамі два з паловай гады. Актывістку судзілі па «справе студэнтаў». У канцы 2022-га Алана выйшла на волю. У інтэрв'ю YouTube-каналу «Пляцоўка» дзяўчына распавяла, што перажыла ў няволі і як падзеі разгортваліся пасля вызвалення.

«Атрымлівала адзін-два лісты за два-тры тыдні»

Алана дзеліцца, што ў СІЗА ёй выразна далі зразумець: чакаць лістоў няварта.

— Але ты ўсё роўна чакаеш. Я чакала лістоў, спрабавала лабіраваць, шмат сварылася з адміністрацыяй, пісала заявы, хадзіла на розныя перамовы. Але гэта сапраўды не дае ніякага выніку.

Некаторыя з асуджаных па палітычных абвінавачваннях атрымлівалі па дзесяць і больш лістоў у дзень, а я атрымлівала адзін-два лісты за два-тры тыдні. Тлумачылі, што супрацоўнікі КДБ, ведаючы мой партрэт як чалавека і аналізуючы яго яшчэ да майго арышту, проста разумелі, што для мяне гэта важна. Таму на мяне вырашылі такім чынам націснуць.

Па яе словах, у СІЗА шмат прэсавалі псіхалагічна.

— Адпраўлялі розных вар'ятаў у камеры, якія там на мяне кідаліся, не давалі спаць, крычалі, праз што я выносіла дзверы — «тармазы», як гаворыцца на «зэкаўскай» мове.

У калоніі сістэма была больш жорсткая.

— Існуюць розныя інструменты ўздзеяння на асуджаных. І адміністрацыя, і асуджаныя, якія працуюць у адміністрацыі (іх шмат), робяць усё, каб усе ведалі, чым вы займаецеся, што вы парушаеце правілы ўнутранага распарадку, каб вы не маглі адчуваць сябе камфортна ў бытавым плане.

Таму ў калоніі мне было значна складаней упісацца ў гэтую сістэму і супакоіцца пасля СІЗА, што вельмі стамляла эмацыйна. Я прыехала ў калонію і ўжо ведала, што супраць мяне заведзена яшчэ адна крымінальная справа. Мне было цяжка прыняць і зразумець, што падзеі будуць адбывацца на працягу больш чым два з лішнім гады.

Але мне давялося знайсці ў сабе сілы і магчымасці наступіць сабе на горла, каб паспрабаваць пагутарыць з людзьмі, якія там працуюць, каб палепшыць умовы для людзей, якія сядзяць там.

Алана распавядае, што ў калоніі выпадкова сустрэлася з Марыяй Калеснікавай.

— Я спрабавала адчыніць дзверы, каб выйсці з фабрыкі, з першага паверха, а Маша ў гэты момант спускалася з другога. І я з усіх сіл трапіла ёй ці то ў галаву, ці то ў корпус — не ведаю. Яна трохі адляцела і пачала вельмі гучна смяяцца, калі ўбачыла, хто гэта зрабіў.

Глядзіце таксама

«Спрабавалі «развесці» на розныя рэчы — тыпу інтэрв'ю, супрацоўніцтва»

Дзяўчына ўзгадала, што было, калі яе ўжо пасля вызвалення затрымалі супрацоўнікі КДБ.

— Яны, як заўсёды, пераследуюць свае інтарэсы. Яны хочуць максімальна знішчыць сацыяльна-палітычны патэнцыял чалавека, яго індывідуальнасць, каб вяртанне наогул (я маю на ўвазе любое рэпутацыйнае вяртанне) у грамадскае, палітычнае поле было немагчымае.

Таму мяне затрымалі і, вядома, спрабавалі «развесці» на розныя рэчы — тыпу інтэрв'ю, супрацоўніцтва. Але, дзякуй богу, дзякуючы розным людзям, якія падключыліся пазней, мне ўдалося пацягнуць час і з'ехаць з Беларусі.

Алана лічыць, што з яе хацелі зрабіць нешта падобнае на гісторыю з Раманам Пратасевічам.

— Ім, як і ўсім людзям, якія працуюць у спецслужбах, патрэбна інфармацыя, ім патрэбны тыя, хто будзе на іх працаваць,  кажа яна. — Неабходна максімальна «адвесці» цябе ад усяго гэтага, каб не было магчымасці твайго любога вяртання.

А значыць, ты павінен зняважыць людзей, зняважыць сябе і падставіць іншых. Мне здаецца, што я, напэўна, лепш пасядзела б, чым займалася б гэтым сур'ёзна. І таму паспрабавала зрабіць усё, каб прыняць выгляд «окей, я падумаю пра гэта», а затым зрабіць усё магчымае, каб падключыць розных людзей, якія ведалі пра сітуацыю, каб дамагчыся майго ад'езду. Таму што так жыць, я лічу, немагчыма.

Пасля выхаду з калоніі актывістцы забаранілі выезд з краіны на два гады, але дзяўчыне ўдалося пакінуць Беларусь. У другой палове чэрвеня з дапамогай спецыялістаў BYSOL яна ўжо была ў Літве.

Паводле «Салідарнасці»