Колькі «баявых ячэек СБУ» спатрэбіцца, каб абмяняць іх на Лукашэнку?

Чарговая навіна тыдня, напэўна, пра тое, што беларускі КДБ выкрыў «баявыя ячэйкі СБУ» ў Беларусі. Затрымана 6 чалавек, але, калі верыць інфармацыі прапагандыстаў, ячэйкі аказаліся нейкімі нязграбнымі, у стылі мінулага стагоддзя.

Абмен шпіёнамі. Кадр з кінафільму «Мёртвы сезон».

Абмен шпіёнамі. Кадр з кінафільму «Мёртвы сезон».

Давайце разбірацца. Былі тры «ячэйкі». Прадстаўнікі першай складаліся з чалавека, які адгукнуўся на аб'яву аб падпрацоўцы. Яму прапанавалі сфатаграфаваць дом на вуліцы Лабанка ў Мінску, вайсковую частку ў Маладзечне і нафтабазу ў Фаніпалі. Разам са сваім былым калегам Зіненкам ён з'ездзіў да дзвюх схованак з выбухоўкай у Лоеўскім і Хойніцкім раёнах. Частку выбухоўкі яны перавезлі ў Чэрвеньскі раён, а частку збіраліся выкарыстоўваць для падрыву чыгункі ў Стаўбцоўскім раёне.

Вам не падаецца дзіўным, што ў век Яндэкс.Мапаў і Google.Maps нехта выдае заданне сфатаграфаваць дом на вуліцы Лабанка? Канешне, можна дапусціць, што тыя фотаздымкі прызначаліся для аператара дрона, каб ён візуальна ведаў аб’ект дыверсіі. Але проста забіўшы запыт у Google «вайсковая частка ў Маладзечне» мы даведаемся, што в/ч 04152 у Маладзечне знаходзіцца па адрасе Замкавая, 17, нядаўна адзначыла 70-годдзе (з фотачкамі і відэа), знойдзем супольнасць «дэмбеляў» з гэтай часткі ва Укантакце (з тымі ж фотачкамі і відэа), і пра тое, што там ёсць полк урадавай сувязі КДБ, які таксама адзначаў 75-годдзе (з фотачкамі). І большая частка фота- і відэаінфармацыі — не нейкая «інсайдэрская інфармацыя» а матэрыялы з газет «Наш край» і «Маладзечанскай газеты».

Яшчэ адна «ячэйка» — з жыхароў Гродна павінна была таксама падарваць чыгуначныя шляхі. 

Вось скажыце мне, мы ведаем, што беларускія «рэйкавыя партызаны» ніякіх шляхоў не падрывалі. Яны знішчалі чыгуначнае абсталяванне — рэлейныя шафы і іншую трасцу. Навошта «падрываць чыгунку», калі цяпер ёсць больш эфектыўныя, дзейсныя і менш стратныя як па часе, так і па высілках спосабы спыніць рух цягнікоў? Навошта гэтае «вяртанне ў Вялікую Айчынную»? Можа быць, нашыя ўлады яшчэ і паравозы замест цеплавозаў па чыгунцы пусцяць?

Трэцяя «ячэйка» павінна была абсталяваць схованку са зброяй. Добрая справа, калі не ведаць, што тыя «схованкі са зброяй» у Беларусі ўзнікаюць ці не перад кожнымі выбарамі. У 2010-м, здаецца, быў нават цэлы «гараж з арматурай» для масавых беспарадкаў. «Схованак» было ўжо столькі, што не ўзгадаеш, але вось што ўзгадваецца дакладна, дык тое, што ніводная справа аб гэтых «схованках са зброяй» не дайшла да суда. За гэтыя схованкі не быў асуджаны ні адзін чалавек. Нібыта іх і не было — ані затрыманых, якіх так шчыра паказвалі па ТБ, ані саміх схованак.

Нават у справе «замаху на Лукашэнку ад Костусева-Зянковіча-Фядуты» падвал у Гомельскай вобласці, куды нібыта планавалася пасадзіць дзяцей Лукашэнкі, не фігураваў.

Ёсць такое ўражанне, што, раскрыўшы «баявыя ячэйкі СБУ», нашае КДБ проста набрало новую партыю «закладнікаў». Узгадваецца, што ў 2019 годзе Беларусь абмяняла затрыманага ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку на беларускага шпіёна Юрыя Палітыку. Увогуле абмен «шпіёнамі» — звычайная справа ў асяроддзі спецслужбаў.

І не толькі спецслужбаў. Узгадаем, напрыклад, нядаўнюю ініцыятыву Зянона Пазняка, калі ён прапанаваў абмяняць двух паланёных ва Украіне «вагнераўцаў» — грамадзян Беларусі, на двух беларускіх палітвязняў.

І вось цяпер узнікае пытанне: што такога здарылася ва Украіне, што КДБ раптам спатрэбілася набіраць так званы «абменны фонд»? Для чаго былі створаныя гэтыя «выкрытыя ячэйкі СБУ» з нязграбнымі абвінавачаннямі, нібыта часоў ВАВ? І хто з КДБшнікаў так праваліўся ва Украіне, што гэты самы «абменны фонд» спатрэбіўся? Карацей, я думаю, што тут пытанне не ў звыклых нам рэпрэсіях, а ў тым, што нашая разведка моцна аблажалася ва Украіне.

А яшчэ на тыдні працягвалася эпапея з указам Лукашэнкі па забароне консульствам выдаваць і абменьваць пашпарты. Падаецца, ініцыятары гэтага ўказу, задумаўшы ў чарговы раз «трыгернуць» з’ехалых беларусаў, цяпер самі не радыя свайму рашэнню. Бо, як і чакалася, беларусы пачалі шукаць выйсце з гэтай сітуацыі, а Святлана Ціханоўская набірае на гэтым рашэнні свае плюсікі.

Па-першае, Народныя пасольствы Беларусі, офіс Святланы Ціханоўскай і Аб'яднаны пераходны кабінет запусцілі сайт pashpart.org. Там змяшчаецца інфармацыя аб пашпартах замежнікаў, якія беларусы могуць атрымаць у розных краінах. На сайце можна знайсці спіс краін, якія выдаюць пашпарт замежніка, а таксама інструкцыі, як атрымаць такі дакумент.

Па-другое, рэзка ўзрасла колькасць людзей, зацікаўленых у «пашпарце Новай Беларусі». За тыдзень колькасць такіх «зацікаўленняў» (чытай — віртуальных заявак на пашпарт) узрасла на 5 тысяч умоўных чалавек. Умоўных — таму што ў опцыі галасавання адзін чалавек можа ўказаць такую зацікаўленасць у пашпарце для сужэнца і дзяцей. То-бок, рэальна гэтая лічба можа быць большай прыкладна ўдвая.

Па-трэцяе, Святлана Ціханоўская зрабіла моцны крок пра прасоўванні такіх пашпартоў у Еўрапарламенце. «Вельмі хутка мы прыйдзем ва ўрады вашых краін з просьбай прызнаць нашы новыя пашпарты», — папярэдзіла яна. І зрабіла вельмі прыгожы крок, аб’яднаўшы пытанне пашпартоў з пытаннем еўрапейскага выбару Беларусі. «Падтрымка пашпарта Новай Беларусі дазволіць дзясяткам тысяч захаваць легальны статус. Трэба ўмацоўваць сувязь беларусаў з Еўропай», — адзначыла яна. Думаю, што такая пастаноўка пытання была прыемная еўрадэпутатам. І потым увогуле прапанавала «вывесці адносіны паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапарламентам на новы ўзровень і інстытуцыяналізаваць нашу супрацу».

І што вы думаеце? У Еўрапарламенце прайшло ўсё, што прапаноўвала Ціханоўская. Адразу ж пасля яе прамовы з’явілася навіна, што былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі прызначаны спецыяльным прадстаўніком МЗС Польшчы па ўзаемадзеянні з дэмакратычнымі сіламі.

Але больш цікавае тое, што Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў Лукашэнку такім жа адказным за ваенныя злачынствы (дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей), як Уладзімір Пуцін і Марыя Львова-Бялова, і заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на яго арышт. «За» было аддадзена 453 галасы, 21 — «супраць» і 40 — «устрымаліся».

Таксама было падтрымана і «далейшае абмеркаванне магчымасці стварэння ў Гаазе міжнароднага трыбунала па парушэннях правоў чалавека ў Беларусі».

Калі Міжнародны крымінальны суд прыслухаецца да Еўрапарламента (а ў яго на гэта ёсць усе падставы, бо Еўрапарламент простымі абвінавачаннямі не раскідваецца), то ў Лукашэнкі закрываюцца межы нават туды, куды ён яшчэ ездзіў — у Афрыку і ў некаторыя краіны СНД.

Застаецца пытанне: калі Лукашэнка атрымае магчымасць арышту за мяжой, на каго яго будуць мяняць? Колькі «баявых ячэек СБУ» спатрэбіцца, каб абмяняць іх на Лукашэнку?