Каму на карысць затрыманне «ўкраінскага шпіёна»?

Што не так са справай Шаройкі? Уся гэтая гісторыя нагадвае дрэнны шпіёнскі раман. У беларускай сітуацыі можна правесці паралелі са «справай Гайдукова», які шпіёніў-шпіёніў, ды недашпіёніў: яго справа са «шпіянажу» перацякала ў «намер шпіянажу», а потым і ўвогуле «без прыкметаў здрады дзяржаве».

regnum_picture_15048864583678897_big.jpg


КДБ Беларусі напачатку тыдня паведаміў пра затрыманне чарговага шпіёна. Ім апынуўся ўкраінскі журналіст Павел Шаройка. Як гэта водзіцца ў КДБ, шпіён адразу ва ўсім прызнаўся і здаў сваю «агентурную сетку», наступствам чаго было абвяшчэнне персонай нон-грата дарадцы пасольства Украіны ў Беларусі Ігара Скварцова. Супраць Шаройкі распачата справа паводле артыкулу 358 Крымінальнага кодэкса Беларусі «шпіянаж» — ад 7 да 15 гадоў зняволення.

У лепшых традыцыях дэтэктываў, Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны адхрысцілася ад «праваленай яўкі». Маўляў, Шаройка сапраўды «праходзіў службу ў ГУР МА Украіны на пасадзе начальніка прэс-службы», але ў 2009 годзе быў звольнены па стане здароўя.

Уся гэтая гісторыя сапраўды нагадвае дрэнна напісаны шпіёнскі раман. У беларускай сітуацыі можна правесці паралелі са «справай Гайдукова», які шпіёніў-шпіёніў, ды недашпіёніў: яго справа са «шпіянажу» перацякала ў «намер шпіянажу», а потым і ўвогуле «без прыкметаў здрады дзяржаве».

Што не так са справай Шаройкі, і чаму яе параўноўваюць са справай Гайдукова?

Шмат хто адзначае, што ў разведках сядзяць не дурні. Дасылаць у ролі «крата» чалавека, які раней публічна працаваў у разведцы, — вяршыня глупства. Што, для шпіянажу не маглі знайсці менш засвечаную асобу?

Пры вобшуку ў Шаройкі, як паведамляе КДБ, знойдзеныя «копіі дадзеных выведкі», якія Шаройка ўжо перадаў свайму кіраўніцтву ва Украіну.

enemieseverywhere_10_1.jpg


Шпіён захоўваў у сябе копіі ўжо перададзенай інфармацыі? Гэта ці дурасць, ці лухта. Але варта адзначыць, што захоўваць копію скарыстанай інфармацыі, — гэта не па-шпіёнску, але прафесійна па-журналісцку. Ніколі не ведаеш, ці давядзецца «вярнуцца да тэмы» (што ёсць звычайнай практыкай у журналістыцы). І тады копія скарыстанай інфармацыі вельмі прыдасца.

У якасці доказу віны Шаройкі па СТБ паказалі кадры, дзе ён кажа: «У 2016 годзе… мяне перавялі з аддзела, які займаўся журналістамі, якія працуюць пад прыкрыццём, у аддзел, дзе працуюць дыпламаты пад прыкрыццём…».

Магчыма, для чытачоў шпіёнскіх гісторый тыя словы — бальзам на вушы і сапраўды выглядаюць прызнаннем. Але… Хто яго перавёў? Якая структура? Пра выведку — ні слова. Што азначае «пад прыкрыццём»? У журналістыцы таксама шмат прафесійнага слэнгу, і «пад прыкрыццём» можа мець зусім не шпіёнскі сэнс. Асабліва ў расследавальніцкай журналістыцы.

Напрыклад, збірае Шаройка звесткі пра нашумелую сітуацыю: беларускія прадпрыемствы і фірмы гандлююць з сепаратыстамі ЛНР/ДНР. Факт звычайны, я сам бачыў у Радашковічах у продажы цукеркі вытворчасці Луганску. На маю думку, у гэтым няма нічога прыкрага, бо і Украіна з гэтымі тэрыторыямі не толькі гандлюе — нават пенсіі там выплачвае.

Але, зразумела, такія гандлёвыя сувязі наўрад ці магчымыя без пэўных дыпламатычных высілкаў, і, канешне ж, дзелавыя партнёры намагаюцца застацца ў ценю. А журналіст імкнецца раскапаць такія факты. Атрымліваецца, што і Шаройка «пад прыкрыццём», і дыпламаты «прыкрытыя». Можна расцаніць словы Шаройкі такім чынам? Цалкам верагодна.

Тым больш, што адразу за «прызнаннем» дыктар кажа: той «не адзін год» працаваў журналістам у Беларусі. І гэта праўда — спачатку кіраўніком карпункта УНІАН, потым — карэспандэнтам украінскага радыё.

Усе замежныя карэспандэнты для працы ў Беларусі атрымліваюць акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў. Ці мог айчынны МЗС не ведаць, што Шаройка — былы прэс-сакратар разведкі Украіны? Сцвярджаць, што «не ведалі» — звышнаіўнасць. Ведалі. І, тым не менш, акрэдытацыю яму штогод падаўжалі.

1509262121.jpg

На відэа прадэманстравалі пасведчанне Шаройкі ў якасці палкоўніка ўкраінскай выведкі. Бачна, што выдадзена яно ў «березні» (па-нашаму, у маі) 2004 года. Але не паказаны тэрмін заканчэння дзейнасці дакумента.

Ці дзейснае яно і зараз? У мяне на гэты конт вялікія сумневы. Хаця б таму, што з таго часу ва Украіне змяніліся чатыры прэзідэнты і адбыліся дзве рэвалюцыі (Памаранчавая напрыканцы 2004-га і Рэвалюцыя Годнасці 2014-га). Так што, хутчэй за ўсё, гэтыя «корачкі» — не больш чым сувенір і памяць пра маладосць.

Карацей, лагічных «дзірак» у справе Шаройкі не менш, чым у справе Гайдукова. І выглядае гэта на тое, што журналіст стаў ахвярай нейкай іншай, больш глыбокай палітычнай гульні.

Некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што арышт Шаройкі — спроба сапсаваць імідж Беларусі перад самітам “Усходняга партнёрства” ў Брусэлі: псуецца наш «імідж міратворцы». Кіраўнік аналітычнага праекта “Belarus Security Blog” Андрэй Паротнікаў згадвае, што ўлетку ва Украіне быў затрыманы беларускі шпіён — і гэта можа быць нашым адказам на дзеянні ўкраінскіх спецслужбаў. Бачаць у гэтай сітуацыі і «руку Масквы», якой хочацца пасварыць Беларусь і Украіну.

Зараз Беларусь параўноўваюць са Швейцарыяй. Але, на жаль, не па ўзроўню жыцця ці грамадзянскіх свабодаў. А таму, што ў гэтай нейтральнай краіне падчас Другой сусветнай вайны пасвіліся ўсе разведкі свету. І наўрад ці такі імідж нам на карысць.